Тое, чаго не iснуе, iснуе аднак вечна

Вядома, словы – вечны агонь у імя
бяскрайняй абстрактнасці.
толькі ўздых разгарачанае прытомнасці
і лішак нястрымнымнага хвалявання.
ім бракуе моцы, каб выказаць усё, чым
жывецца й марыцца.
упрост.
без дапамогі учынкаў.
– збянтэжана знікаюць ў вальсе ветру
з няздзейсненых абяцанняў.

Любыя, але не мае.
Мае палымнеюць у палях красамоўных ажынкаў.
Падчас дакрананняў
узнімаюцца ўвысь.
прагнуць мацнейшых ваганняў.
большае амплітуды эмоцый.
тваіх абдыманняў.
і, ведаеш, пачынаю ўчынкавы пост.
так, проста зараз.
адно на тэрмін працягласці вершу.
Праз яго
я. хачу.  за далонь.
трымаць Цябе кожнай метафарай і эпітэтам.
І няхай бурлівыя алегорыі – толькі гукавыя спалучэнні.
Але заплюшч вочы і
слухай.
не. услухоўвайся.
каб адчуць імгненне.

Чуеш?
Шапаціць шматгалоссе шчабятання за шыбай
і сэрца спявае ціхутка і цёпла ў адказ.
сонца лашчыцца зіхаценнем тузін адценняў
ды ўсё роўна цьмянее
у полымі кволых радкоў,
злучаных у пачуццёва-пяшчотны каркас.
Спакушаная невядомасцю
неспадзяванай адданасці
душа зараз і штодзень чакае раніцы,
як калісьці чакала пятніцы.
аперазаная салодкай млоснасцю
праз жаданне хутчэй пабачыцца.

...і сціхае соннае рэха павеваў і птушыных размоў
раптоўна.
за шыбай.

ужо – памятаеш? – чацвёртая. досвідак.
– я трымаю тваю далонь.
Ачуваю сябе няхай не каханай,
але адзінай.
няхай яшчэ не каханай.
ужо шчаслівай.
пакуль цішыня збірае рэшткі акрыленых слоў.


 
 
    
 

 


Рецензии