З книги Тройчы Адзины, мелодыи жыцця

М Е Л О Д Ы І І     Ж Ы Ц Ц Я

      Інтэрмедыя жыцця і песні
                Віктару Роўдзе
                1
Жыццё і песня паяднаны прыгажосцю!
На Беларусь прыходзяць жыць, нібыта ў госці.
Але здавён сярод людзей вядома:
Для сэрца песня служыць родным домам.

“Жыццё яму!” – суровым быў прысуд, —
І зарыдаў мой Ангел утрапёна...
Вось так, сябры, я апынуўся тут
На свеце белым і такім зялёным,
Дзе нас слязой і болем спавіваюць,
Дзе песні валачобнікі спяваюць.
      2
Спяваюць людзі. З імі я спяваю.
Мелодыя любві бярэ ў палон.
Хаджу між песен, долечку шукаю,
Здаецца часам, што жыццё ёсць сон.
Вунь галубок варкуе на любоў –
Жыццё, як песня, рвецца ў паднябессе.
3
Жыццё, як песня, рвецца ў паднябессе.
Растуць сыны: пайшоў Мікола ў школу,
Андрэйку аддалі ў дзіцячы сад, —
А я кручуся, як вавёрка ў коле:
Даспее жыта – прыйдзе час зжынаць.
Вось толькі песню трэба даспяваць.
4
Спявайце, людзі! Час не вечны ў нас.
Слязой сыходзіць радасць і бяда.
Мядовае цячэ жыццё, ды ўраз –
Аднойчы схлыне, як расталая вада.
Айчына нас па песнях прыгадае
І нам жалобную ў магілку заспявае.
   5
Калі ў жыццё на белы свет прыйшлі –
То плач і смех сальём адзіным лёсам,
Але, хто памірае на Зямлі –
Той, пэўна, нараджаецца ў Нябёсах.
Таму няма чаго дарма тужыць –
Спяваць, смяяцца трэба, покуль жыць!
                6
Спяваць, смяяцца. Покуль жыць.
Бо час няўрымсліва бяжыць.
Усё ў свой час: час плакаць і – гуляць,
Час раскідаць, і час збіраць каменне...
Прыходзіць час і доню замуж аддаваць –
Не век жа яе лашчыць на каленях.
7
Не век нам будзе сонейка свяціць,
Не век – зямля круціцца пад нагамі.
На міг прыходзім вечнасць палюбіць,
З сабою ж забіраем толькі Памяць.
І панясём аднойчы у бясконцасць
Пачуццяў жар – даніну Бацьку-Сонцу.
8
Дзядам, і прадзедам, і нам свяціла,
Ты, векавечнае нябеснае Свяціла!
Даруйце гэткі каламбур –
“Мы ўсё адно ляцім да зор”, —
сказаў паэт, —
З усімі думкамі сваімі,
І разам з песнямі Максіма –
у белы свет.
   9
І я хадзіў паміж людзей і песен,
Быў п’яным без віна,
і вінаватым без віны,
Калі ж аднойчы мы напраўду уваскрэснем.
То першае, што ўспомнім – будзе песня
Ад валачобнікаў з радзімай стараны.
10
Праходзіць спеўна інтэрмедыя жыцця.
Ад песні даўняй і да новай песні:
“Лянок”, “Лявоніху” заводзяць без канца –
а паміж песнямі крынічна б’е жыццё.
Зімою, летам, восенню, прадвеснем –
Так разам з песняй спасцігаецца быццё.
11
Мы разам з песняй спасцігаем і быццё:
Зямную соль збярэм шматлікімі шляхамі –
І ў космасе аднойчы прарасцём,
Напэўна, бульбай? Нас жа клічуць “бульбашамі”.
Але прыпомнім і ў міжзорных далячынях
Мелодыі жыцця сваёй Айчыны.
               12
“Жыццё яму” – суровым быў загад.
О! Як мой Ангел плакаў на пачатку.
Цяпер жа мне, сябры, пара назад,
Каб давяршыць гармонію парадку.

Што ж, дзякуй вам за песенныя радасці –
Вы спеў жыццём вялі натхнёна і чароўна.
Ёсць беларускі хор на Беларускім радыё,
Таму што ёсць маэстра – Віктар Роўда.
Жыццё і песню павянчае прыгажосцю:
На Беларусь прыходзяць жыць – не проста ў госці,
Бо ўжо здавён сярод людзей законам:
Для сэрцаў песня служыць родным домам!
(23. 02.1999 г.)
        Ангелу-храніцелю
Ангел Гасподзень, мяне беражы.
Ратуй ад варожай спакусы.
Ты ведаеш, Ангел, як хочацца жыць
Пад сонцам маёй Беларусі.
Ангел Гасподзень, мяне не пакінь.
Ратуй ад варожай спакусы.
Нясі маё слова праз чорны Палын,
Малітву маю да Ісуса.

Бяры на падмогу Святога Кірылу,
За грэшную душу маю,
Бяры Еўфрасінню – яна адмаліла
Свабоду ў Гасподнім Агню.
Скажыце Яму — я таксама кахаю.
Скажыце Яму — я таксама люблю.
Скажыце — нічога, нічога не знаю:
Пакутую, плачу, жыву...

     Вядзьмацкім нагаворам
Учора выпаў першы снег,
І першы боль — учора:
Глытаю я салёны смех,
І ў горле комам гора.
Завыюць зімнія вятры
Вядзьмацкім нагаворам:
“Любоў і здрада — дзве сястры”, —
І ў горле комам гора.
Халодны снег, як першы боль,
Жыццё не раз астудзіць.
Адвечны боль, як смертны бой,
Нясуць па жыццях людзі.
Узвыюць зімнія вятры
Вядзьмацкім нагаворам:
“Любоў і здрада – дзве сястры”, —
І ў горле комам гора.
Любоў і здрада – да пары,
Любоў – не ведае сястры,
Любоў – адна,
А здрада – яе вораг!

          Песня чорнага бусла
                Недзе ёсць на зямлі куточак,
                Ад змусоленай злы-бяды,
                Можам з’ехаць, калі захочам –
                Цягне кожнага з нас туды.
                Там нас помняць яшчэ малымі,
                Там суседскі хлапчук “туфЕль”
                Пусціць павадкам па даліне,
                Нібы паруснік-карабель.
                Там пачуццям у сэрцы цесна.
                Я паехаў – і ўбачыў што ж?
                На Палессі праліўся дождж.
                Над Палесем гучала песня,
              Песня чорнага бусла.
Я апошні з сямейства чорнакрылы буслоў,
Дымавою завесай небам атам зыйшоў.
Зачадзіў на Палессі чарнабылавы дым.
Узыйшоў горкацвеццем злы, пагубны палын.
 І цяпер на Палессі, хоць шаром пакаці,
Я апошні з сямейства, я застаўся адзін.
Песня чорнага бусла засмучоная,
З неба хмарай напаўзла, хмарай чорнаю.
Немаведама калі над балотамі
Зноў залётаюць буслы і заклёкаюць.
Трымайце крылы,
               Я шчэ лячу!
                Божухна, мілы –
                Сляза ў ваччу.
                Ты бачыш Прыпяць
                Цячэ ў Дняпро,
                Плыве па хвалях
                Маё пяро.
                Плыве праз моры,
                Праз акіяны,
                Праменіць гора
                Берагамі.
                Плыве, як сажа,
                Пагубны пыл.
          Няхай раскажа
Пра Чарнабыль.
Палыновае лета – палыновы абсцяг.
Бусляняты лятаюць паўхвіліны жыцця.
Свецяць стронцыем косці. З яек чорных, як смоль,
У збуцвелай самоце вылупляецца боль.
І ляціць ён тры метры ад гнязда да зямлі,
Я адзін у паветры, на ўсё неба адзін.
           Песня чорнага бусла засмучоная,
            З неба хмарай надыйшла, хмарай чорнаю.
            Немаведама калі над балотамі
            Знорў залётаюць буслы і заклёкаюць.
Там між куп’я ў балоце, за абшарам лясным
У збуцвелай самоце памірае мой сын.
Я апошні з сямейства чорнакрылых буслоў,
Я збярог на Палессі запаветы дзядоў.
               Песня чорнага бусла засмучоная,
               З неба хмарай напаўзла, хмарай чорнаю.
               Немаведама калі над балотамі
               Зноў залётаюць буслы і заклёкаюць.
Ратуце, крылы,
        Пакуль лячу.
               Божухна, мілы –
                Я закрычу:
                Ты бачыш, прыпяць
                Цячэ ў Дняпро –
                Плыве па хвалях
                Тваё пяро.
                Плыве праз моры,
                Праз акіяны –
                Груган ад гора
                Шалее п’яны.
                Нас не астудзіць
            Стагоддзяў пыл.
     Хай помняць людзі
Пра Чарнабыл.
                (1990 г.)

     Тры няволі
Гэй, Расея Матушка!
Государ наш бацюшко,
Гой ты, Русь шырокая –
Воля вольная.
            А карона царская цяжкая, цяжкая:
            Каля трона рускага рыскаюць, рыскаюць
            Бівакі хазарскія, бунчукі татарскія,
             то уланы польскія;
            Сабелькі турэцкія ды мушкеты швецкія,
то штыкі нямецкія.
Як на родным полюшку
Тры сястры-нядолюшкі,
Голад ды няўдобіца.
Трэцяя нядолюшка
Сеча міжусобная.
Гой, ты Русь шырокая –
Воль вольнаму.
                А карона царская цяжкая, цяжкая.
                Каля трона рускага рыскаюць, рыскаюць:
                Бівакі хазарскія, бунчукі татарскія,
то уланы польскія.
      Сабелькі турэцкія, ды мушкеты швецкмя,
                то штыкі нямецкія.
А над стольным горадам,
Над святымі весямі
Граюць чорны вораны,
Невад смерць развесіла.
І святое воінства
За зямлю радзімую
Палягло героямі
Ў сцюжу зімнюю.
Гой ты русь шырокая,
Воля вольная.
А карона царская цяжкая, цяжкая.
             Каля трона рускага рыскаюць, рыскаюць:
              Бівакі хазарскія, бунчукі татарскія,
                то уланы польскія.
              Сабелькі турэцкія, ды мушкеты швецкмя,
                то штыкі нямецкія.
“Дзе татары?” – згінулі!
“Дзе палякі?” – мінулі!
Знай, зямля радзімая,
Што й жыды ж туды!
Як здабудуць волюшку
Сіраты славянскія --
Ўзыйдзе ясна сонейка
На роднай староначцы.
             І на буйну голаву, царскую мудрую,
             Ды карону з золата ды з ізумрудамі,
             Ускладуць бывалыя воіны рускія
             Славаю народныя і заўжды свабодныя:
                “Вечна Царуй!”

       Тужлівая
Ну што ж, паспрабаваць не грэх,
Давай на шчасце пагадаем.
На сходзе наш нядоўгі век.
Нам больш зязюля не кувае.
У познім восеньскім бары
Лісток адзін не аблятае –
Ты да зімы не гавары,
Ў цішы каханне пачакаем.

Лютуе сцюжа на двары,
Сядзім ля цёплага каміна.
Што ж там, так хораша гарыць?
Няўжо жыццё прабегла міма?
Чысцюткі, белы-белы снег
Ляціць з нябёсаў у далоні.
Вядома, спрабаваць не грэх –
Ды толькі пасівелі скроні.
 
     Балада пра сем сыноў
У мяне сям’я, — сем сыноў ды я,
Ды яшчэ жана з трыма дочкамі.
Аж дванаццаць душ, я ж адзіны дуж,
Кожны дзень усім есці хочацца.

З ранку да цямна – то чыя спіна?
То мая спіна ў полі горбіцца.
Сыйдзе сем патоў, покуль я дамоў,
Прыбрыду дамоў з поўнай торбаю.

Рагатаў адзін, рагатаў другі –
І смяялася ўся ваколіца:
“Настругаў дзяцей, а цяпер штодзень
На каленях ты хлебу молішся”.

Хутка час ляцеў… Неяк неўспадзеў
Наляцелі ўраз чорны вораны –
У радзімы край, той варожы грай
На крылах прынёс бяду й гора нам.

Выйшаў я на бой, і сыны са мной,
Сем сыноў маіх, нібы волаты.
Цэлых тры начы лязгалі мячы,
На чацвёрту ноч стала холадна.

Холад надушы і рука дрыжыць –
Але ж родны край зла пазбаўлены.
“Што за сенажаць?” – Як снапы ляжаць,
Сем сыноў ляжыць акрываўленых…

Галасіў сусед… Галасілі ўсе,
Як заплакала ўся ваколіца –
Падгалошвалі, ой прыгожыя,
Сем дзяўчат маіх, сем удовіцаў…

А была ж сям”я: сем сыноў ды я,
Ды яшчэ жана з трыма дочкамі –
А цяпер адзін, быццам цень адзін,
Цэлы дзень адзін – жыць не хочацца.

        Настальгічная
Чаго мне трэба пад небам гэтым?
Чаго вярнуўся я на зямлю?
Чаго прыйшоў я на свет паэтам
І ціха мовіў, што вас люблю?
Глыбіня нябёс — паратунку сінь.
Пракавечны лёс праз жыццё адзін.
Дома жонка ёсць, дома плача сын —
Толькі з сэрцам штосьць... Набалела ў ім.
Дарма глядзіце так пільна ў вочы –
У іх не ўбачыш былых вякоў.
Да вас прыходзіў я не аднойчы –
Навечна хутка зыйду дамоў.

Чаго шукаем пад небам гэтым?
Што загубілі мы тут, на зямлі?
Сюды прыйшлі мы з якіх сусветаў?
Адкуль дарогі нас прывялі?
З глыбіні нябёс, з паратунку сіні.
Пракавечны лёс праз жыццё адзіны.
Дома жонка ёсць, дома плача сын  —
Толькі з сэрцам штосьць... Набалела ў ім.

        Хай карае
 Хай карае Бог,   хай пагубіць лёс —               
Не адмоўлюся               
Ад цябе, любоў,   ад пякучых слоў               
Да апоўначы.               
Хай яшчэ мяне  ліха не міне,               
Што на свеце ёсць.               
Толькі б да відна  пелася яна,               
Маладосць.               

Зорачна ў акне: ззяе Млечны Шлях
Разам з поўняю.
Сэрцайка памкне, нібы ў неба птах,
Яму помніцца:
Як цябе любіў, як шчаслівым быў,
Толькі шчасце — госць:
Лотаць адцвіла, коцікі згубіў
Вербалоз.

Гора-злыбяда — снежная гурба
Зыйдзе павадкам.
Лёсу перакос ад таго, што ёсць
Вечны парабак.
Стукаюць гады, нібы жалуды
У патыліцу.
Цэлы век сядзіш на ліхой мяжы —
Тулішся.

Гора толькі мне: яблык на дваіх
Не раздзелены…
Ліха не міне — яблычак благі
Рана з’елі мы.
Што рабіць цяпер, разабрацца як?
Зноў – бяззубы смех!
Шкода мне цябе, не пазбыць ніяк,
Чалавек!

 


Рецензии