Бацькава мова

***
Называў заўсёды бацьку татам,
Так на мове бацьку называў.
Бацька мой таксама быў салдатам,
За Радзіму з немцам ваяваў.

Выжыў, ажаніўся, нарадзілі
І дачку з матуляй, і сыноў,
І на роднай мове гаварылі
І пра бульбу з ёй, і пра любоў.

Гэткае было у іх каханне,
Што і выбраць некалі было,
Ці рассьвет прыйшоў, ці мо світанне
Золатам ахутала сяло.

Палюбіў і я такую мову,
На якой мой бацька размаўляў,
Не пярэчыў бацькаваму слову,
Разам з ім і сеяў, і араў.

Зараз адзінокая ўжо хата…
Ўспамінаю бацьку і раву…
Для мяне заўсёды ён – мой тата,
Я інакш яго не назаву!

…Колькі ўжо напісана пра мову!
Называюць матчынай яе.
Для мяне ж – жыцця майго аснова,
Калі бацька песню запяе

Пра ваду, што у ярок збягае,
Ці пра кладку, што заносіць вір…
Мова бацькі – мова дарагая,
За цябе змагаўся ён за мір!

21. 02. 2016 г.


Рецензии