Заечы хлеб
Быў ён мудры, хітры, хуткі.
Толькі ростам быў ён з палец:
Хоць маленькі, але гнуткі.
Ад ваўка яму не збегчы,
Не схавацца ад лісіцы.
Каб жыццё сваё палегчыць,
Ён пачаў на лес касіцца.
Толькі ноч — бяжыць хавацца
Шэры заяц з лесу ў поле.
Там, дзе днём кіпела праца,
Па начах её жыта поле.
Працаваў, пакуль па лесе
Здані ды звяры хадзілі:
Траўку еў, глядзеў на месяц,
Што лічыў жыцця гадзіны.
Днём хаваўся зайчык-пальчык
Пад вялікую яліну.
Там ён грыз сухі акрайчык
Хлеба, што грыбнік пакінуў.
Ён запісваў думкі ў сшытак,
Перачытваў свае творы.
Выспявала ў полі жыта —
Вырасталі ў жыце норы.
Ён знайшоў сабе занятак,
Хоць і цяжкі, ды харошы:
Нахаваў туды зярнятак,
Бо зярняткі лепш, чым грошы.
Заяц думкаю вярэдзіў:
Збудаваць у лесе схову.
Ды такую, каб мядзьведзі
Пазайздросцілі касому.
А яшчэ: хацеў у печы
Ён пячы свой хлеб заечы,
З тых зярнятак, што на полі
Назбіраў для лепшай долі.
Ён аднойчы тым сакрэтам
Падзяліўся з мурашамі.
І яны за месяц летам
Справы ўсе павырашалі.
Збудавалі зайцу хату,
Печ, бы ў доме чалавечым.
Заяц той цяпер багаты,
Выпякае хлеб заечы.
Сам раз'еўся — не пазнаеш.
Б'юць ваўкі цяпер трывогу:
Кажуць, што той тлусты заяц
З'еў мядзьведзяў у бярлогу.
Я хадзіў па сумным лесе,
Ды падняў угору палец:
На трынаццатым паверсе
Хлеб жаваў той тлусты заяц.
Мурашы — яго прыслуга,
Праглядзелі ў лесе вочы.
Ходзяць там ваўкі за плугам,
Хочуць хлеб здабыць свой воўчы.
Ім заечы так прыеўся —
Паламаліся ўсе зубы.
Заяц той, бы цар у лесе,
Што давёў звяроў да згубы.
Свидетельство о публикации №116020206313