Для мяне зима заусёды - казка

Для мяне зіма заўсёды - казка

Для мяне зіма заўсёды - казка,
Пер’е крышталёвае на шкле,
Гурбы снегу і завеі ляскат,
Што ганяе снег на памяле.

Вецер запрагае хмары ў сані 
Едзе па калдобах і трасе...
Снег ляціць кавалкамі, вусамі,
Завісае шапкай на страсе.

Новы год і госця ў нашай хаце
З пахам хвоі, лесу і смалы,
Бляск вачэй даверлівых дзіцяці.
І дарослы кожны, як малы.

Споведзь прад сабою, таямніцы,
І чаканне цудаў у Раство,
Промні Каляды на аканіцах,
Карагоды, песень хараство.

Пар над лункай з ледзяной вадзіцай,
Вызваленне цела з кайданоў,
Варажба дзяўчатак на грамніцы,
І выццё блукаючых ваўкоў.

Казкі пра казу і ваўкалакаў
На ляжанцы цёплай у сяле.
І сляды на снезе розных лапаў...
Елачкі - у лесе, як шале…

Апетыт пасля лыжні, бадзёрасць -
Быццам бы змяніў, як заяц, поўсць.
Адыходзяць стомленасць і хворасць...
Вось такія цуды ўзімку ёсць…

Фото интернет


Рецензии