Студзень сёння ўсю ноч на двары завіхаўся старанна,
Сыпаў чысты сняжок на сцяжынкі, марозны, сухі.
Для бярозак карункава-белых наткаў сарафанаў
І кусты апрануў у даўгія, да пят, кажухі.
На рабіне старой – душагрэйка са снежнай аўчыны.
У апінанцы пуховай красуецца бэз ля вакна.
Нібы купіны ў лузе, у гурбе заснулі машыны,
Белай коўдрай да фараў закутаны ўсе, як адна.
Не размецены сцежкі яшчэ. Палахлівы кашэчы
След пралёг ланцужком, пэўна, Рыжы суседскі прабег.
І пяшчотай узорнай кладуцца сняжынкі на плечы.
Добрай раніцы, дзень! Добрай раніцы, свята і снег!
Вельмі ўдзячна, Лаззара, за Вашу ўвагу, за добрае слова!А словы... "Кашэчы" ў мяне сумненняў не выклікала, здаецца, і "каціны", і "кашэчы" існуюць на роўных правах(а можа, гэта мне здаецца?))) трэба пацікавіцца дзе-небудзь) А вось апінаніка - гэта слова з майго дзяцінства, была ў нас такая вялікая цёплая хустка ў зялёна-карычневую клетку, яе інакш як апінанкай не называлі! Не так даўно я недзе сустрэла гэтае слова, здзівілася і таму, што яно існуе, і таму, што зусім яго забыла))) Хутчэй за ўсё, гэта мясцовае, родам я з Гомельшчыны, там яно існуе (ці раней існавала) , гэта бясспрэчна.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.