Душа беларуса

Няхай надзялялі нас доляй сярмяжнай,
па шчодра адкроеных лустах,
па ўсмешцы, што ў вуснах мільгне сарамяжна,
згадаю душу беларуса.

Пазнаю па слову, што выблісне раптам
у мове чужой – залацінкай,
пазнаю па трапных і з’едлівых жартах,
прыязнасці шчыра-гасціннай.

Згадаю па працы заўзятай, руплівай,
па бульбе на белым абрусе,
па чыстае хаце, па ніве ўрадлівай
згадаю душу беларуса.

Адчую ў пагардзе да славы і чыну,
да ўсякай раскошы пыхлівай,
злаўлю ў прыхаваным паглядзе жанчыны,
што ранкам прачнецца шчаслівай.

Убачу ў спагадзе без хуткіх папрокаў
і нават калі памылюся,
то, пэўна, сябры, або жонка, ці продкі,
а, значыць, і ты – з Беларусі!


Рецензии