Промнi праз попел

Шэры попел каля дзвярэй,
Мабыць, цудам не знiк дагэтуль,
Пах скамечаных цыгарэт
Тут пакiнуты з нейкай мэтай.
I мiжволi кранешся ўбок
Ад старых павучыных кроснаў,
Да паветра – адзiны крок,
Але дыхаць iм надта млосна.
Неадольная думка свiдруе скронi,
Попел дзён, што не вернеш, у сэрца б'е,
А гадзiннiк з iмклiвасцю электроннай,
Як п'янчуга заўзяты, хвiлiны п'е.

Як заўжды, газ на кухнi тчэ
Летуценных надзей тканiну,
I павольна вада цячэ,
А па "тэлеку" – зноў навiны.
Толькi стала прыкметна менш
Бескарыслiвых суразмоўцаў,
Тытунёвы сiвы струмень
Не памкнецца да столi зноўку.
Тэрыторыя часу губляе межы,
Тут за ранiцай следам зыходзiць дзень,
I здаецца амаль навiною свежай
Пазалеташняй з'явы прывiдны цень.

За балконным вакном сусвет
Разарваны сцяжынкай вузкай –
Там застаўся знаёмы след,
Як iмя на збялелых вуснах.
Толькi ўпарта званок маўчыць,
Б'е па шыбах уладна вецер,
Быццам толькi яму лiчыць,
Каму колькi пражыць на свеце.
Выпадковых прахожых ледзь чутны поступ,
Як пахмельны сiндром, уздымае кроў,
Толькi родную тут больш не ўбачыш постаць
I не скажаш ёй проста – iдзi дамоў.

А жыццё зноў сваё бярэ:
Паглынае крыжы лiстота,
Парасон векавечных дрэў
Гонiць думак самотных слоту.
I паволi знiкае прэч
Шэры попел з куткоў таемных,
Нейкi сэнс набывае рэч,
Што заўчора была дарэмнай.
Над тужлiвым пагостам усходзiць сонца,
Прагне руху няспыннага новы дзень.
Так заўсёды – спачатку глядзiш у донца,
Каб адтуль лепш убачыць жывы прамень.

11.07.2000


Рецензии
Понравилось. Интересное сравнения часов с пьяницей. Удач!

Людмила Журавская   21.08.2015 07:39     Заявить о нарушении
Спасибо большое, Людмила, за рецензию и пожелание. И Вам творческих побед!

Юрий Игнатюк   21.08.2015 07:51   Заявить о нарушении