Каля Белай вежы

Ад стомы запаволю спорны крок
Прад тварам старажытнай Белавежы,
Жыццё прыму за вечны свой аброк,
Разлічаны на ўдачы і мярэжы.

Каля муроў пульсуе даўніна,
Мы – частка яе крэўнага маўчання.
Хто выкупіць душу тваю? Не я…
Калі зацята верыць прадказанням.

Мае яшчэ гарачыя сляды
Паспешна зарастуць гаркавай мятай.
Свет Белавежы будзе жыць заўжды
І сустракаць заслужанае свята.

Яна – маяк на ўлонні гарадоў,
І голас продкаў, што гучыць вякамі.
Святло яе падкажа шлях дамоў, 
І абагрэе тых, хто ўжо не з намі.               


Рецензии