Спойваюць

Вечар – хлус і хітрун. Ён прыяцельскім жэстам страчае,
Наркатычным паветрам, кісьлінкай астылага чаю.
Ён падмане, дарма абяцаючы сон з супакоем –
Сам налье табе сіні і зораў халоднай рукою

Ў сапсаваны твой розум, бы ў часам пабіты ўжо кубак –
Станеш п’яны сваім існаваньнем і сутак наступны адрубак
Будзеш зроблены з хмелю і мрояў да воглага ранку –
Вечар шчодра й на сэрца налье, на драбнюткую кожную ранку.

Вечар з ранкам – у пары запойных сіямскіх блізьнятаў.
Ранак моўчкі ўпаўзае з-пад цемры, над цішаю ўзьнятай,
Паднапружваецца, цёмны цяжар вышэй прыўздымае –
І з палёгкаю скідвае ў сьметнік да ночы
(а мо ўжо да мая?)

Потым ранак сінюшны ўсё больш цьверазее, іскрыцца ...
Памірае, па сьмерці становіцца братам-блізьніцам. 

Напішыце мне хтось на замшэлым старым надмагільлі:
”Вечар з Ранкам ахвяру падступна сабою спаілі”.


Рецензии