Святар

твор пабудаваны на рэальных гістарычных падзеях, што адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У цэнтры ўзгаданай вёскі знаходзіцца Георгіеўская царква - архітэктурны помнік беларускага дойлідства канца 17, пачатку 18 стагоддзяў. Менавіта там і служыў святар, які абвяшчаў партызан аб карных аперацыях гітлераўцаў. Загінуў святар (Феафаній Валашчук) у красавіку 1944 года.

Жыў у вёсцы калісьці святар,
Што служыў Богу праўдай і верай.
Ад ягоных малітваў алтар
Пазіраў нам у вочы з даверам.

Спавядаліся людзі яму -
Раскрывалі і думкі, і сэрцы,
Каб святар веру ў душы вярнуў,
Каб у іх больш з'явілася сэнсу.

У купелі хрысціў немаўлят:
Стрыг валосікі, нечым іх мазаў,
І на мове з людзьмі размаўляў,
Як душа размаўляе з абразам.

У царкве той вянчаўся народ,
Адзначаліся боскія святы,
Каб людскі наш працягваўся род,
Ён вадою свяціў нашы хаты.

Калі ў вёску прыбегла вайна
З гарнізонам варожых салдатаў -
У царкве не хапіла віна,
Каб спаіць тых нашчадкаў Пілата.

З першых дзён іх святар не ўзлюбіў,
Бо крыжы ў іх былі не ад Бога.
У званы ён трывожна забіў,
Каб людзей папярэдзіць: трывога!

Да царквы пазбягаўся народ,
А святар гучна вымавіў: "-Людзі,
Я за Вас пакладу свой жывот -
У малітве мы веру здабудзем."

За царкву, што Георгій нам даў,
За зямлю, дзе жылі ўсе святыя,
Памаліўся з прыходам святар
І прамовіў радкі залатыя:

- У мяне з Вамі вера адна -
Калі што, буду біць у званы я...
Са званіцы ўся вёска відна -
Няхай сэрца ў пачвараў завые.

- Аб адным Вас сягоння прашу:
-Беражыце сябе дзеля веры...
Не прадайце чужынцам душу,
Бо яны ўсе не людзі, а  зверы.

Кожны дзень да царквы йшоў святар
Па дарозе, што дадзена Богам.
Назіраў - ад святла, да святла
За галоўнай, вясковай дарогай.

Бо яму сам гасподзь быў сказаў:
-Трэба думаць заўсёды аб вечным...
Папярэджваў святар партызан
Са званіцы тым боем сардэчным.

Немцы з вёскі, а ён - б'е ў званы,
Каб пачулі ля Сітніцы ў лесе
Тое гулкае рэха вайны,
Што знянацку працяла Палессе.

Яго звон тых фашыстаў касіў -
Білі катаў бары і дубравы,
А святар ноччу ў Бога прасіў,
Каб зямлі загаіліся раны.

Ды аднойчы таемны той звон
Рассакрэцілі пільныя каты:
За царквой учынілі дазор,
Пасадзілі дазорных ля хаты.

Цікавалі так некалькі дзён -
Сны на вейках сваіх калыхалі,
А каб звон болей быў не чуцён
Са званіцы званы ўсе пакралі.

І калі да царквы йшоў святар
Па дарозе, што дадзена Богам -
Ля вачэй засвяціўся ліхтар,
Паплыла пад нагамі дарога.

Расстралялі фашысты яго
На вачах у званіцы і Бога..
Яго слова, што ў душах лягло
Біла катаў на іхніх дарогах.

...Да магілы яго і цяпер
Не магу падыйсьці я без плачу -
Боль смяротны святар той сцярпеў,
Але веры сваёй не зыначыў.


Рецензии