Не дзень нараджэння i не iмянiны...

Не дзень нараджэння і не імяніны
твае мы ізноўку святкуем сягоння,
а тое, што ёсць ты. І хтосьці ж павінны
уславіць тваю прыгажосць і бяздонне!

Хаця і не возера ты, і не мора,
і не акіян, і не чаша нябёсаў,
табе падуладны і зоркі, і зоры,
і "долы і весі",  і сцежачкі лёсаў.

Ты так неабсяжна і так невычэрпна,
што глыб твая, шыр — гэта космас  для вока.
Ты —  ўсюды, заўсёды — і ў "коціку" вербным,
і ў ззянні расы, і ў свяціле далёкім.

Зямелька любімая, бацька і маці,
лясочак і паша — ад краю да краю,
маршчынка бабулі, усмешка дзіцяці —
усё гэта —  ты і з табой,  дарагая.

І подых жывільны прасторы радзімай,
і спевы вятроў, і крынічак, і птаства
належаць табе — прыгажэйшай, адзінай
і вартай свайго блаславёнага царства.

Бо, хоць ты —  царыца, але, нібы служка,
на ўсіх працаваць несупынна гатова.

Ды вы не прызналі, аб кім я?

На вушка

шапну вам:

усё гэта — 

родная

мова...


Lazzaro
21.02.2015
——————————————————

21 лютага— Міжнародны дзень роднай мовы.


Рецензии
Прывітанне,паважаны Лаззаро! Расчулілася,чытаючы. Пяшчотна, пранікнёна, а галоўнае-па-РОДНАМУ. З цяплом Ірына.

Ирина Косенкова   05.05.2015 20:03     Заявить о нарушении
Дзякую, Ірыначка! І за цяпло таксама!

Лаззаро   06.05.2015 22:05   Заявить о нарушении
На это произведение написано 7 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.