Поклiч зямлi

Я ў думках цябе абнімаю -
Вярнуся, калі ты паклічаш
Да квецені белага маю,
Да замкавых вежаў, каплічак.

Айчына мая, дарагая! -
Любоў тая цепліцца ў сэрцы.
Не трэба зямля мне другая -
Хачу на сваёй я памерці.

Бо тут мае продкі калісьці
Заклалі падмурак любові:
Пусцілі карэнне, каб лісце
Не знікла на дрэве ніколі.

Тут кожны лісток, бы легенда,
Што звязана з лёсам і часам:
Карэнні ад князя Альгерда
Сягоння сабралі нас разам.

Мы сёння патрэбны Радзіме,
Бо дрэва без лісцяў загіне.
Мы доўга блукалі, хадзілі,
Шукалі нявесту-княгіню.

Яна нас у вэлюме белым
Чакала ля замкавай вежы.
Тут наша славянская вера.
Тут нашы спрадвечныя межы.

За мову, за край наш прыгожы,
Якому мы сэрцам належым,
Нам сёння сварыцца нягожа,
Бо час дрэва думак падрэжа.

Пакуль наша вера жывая -
Мы княжскіх не страцілі звычак
Вяртацца да роднага краю,
Да замкавых вежаў, крынічак.


Рецензии