Мастак

Ёсць у нас ва двары дзіва-дворнік — Мастак.
Ледзь зямля зацярушыцца снежнаю манкай,
ён хапае мятлу і смяццярствуе — так,
што дзятва забывае пра санкі.

У руках смеццяра просты венік праз міг
абяртаецца ў цуд — пэндзалёчак чароўны.
Ён мяце палатно па-мастацку — "вжы-вжык"
і не мае па "вжыканню" роўных.

Дзед малюе сусвет як малое дзіцё —
захапіўшыся ім, не шукаючы славы.
Маляванкі яго — кожны твор — адкрыццё,
арт-абъект незвычайнай выставы.

Так стварае мастак "анімЭ" на пяску,
што сыпнулі на шкло, як аснову-грунтоўку.
Гэтак, пэўна, Басё "набасячыў" хайку —
адчыняючы сэрца засоўку.

Пад мастацкай рукой, як пад скрыпкі смычком,
нараджаецца музыка. Глянеш — і чутна:
як парывісты конь пад агнём-седаком
вар'яцее ў запале магутным,

як над россыпам кветак "цвітуць" матылі,
як на дрэве шапоча лістота...
О, "працун" ЖКО, стаў ты творцай калі?
І наогул, адкуль ты і хто ты?

Можа, ты так шчыруеш для ўнучкі ў акне?
Ці шэдэўры — для жонкі дарунак?
Ты ўсё болей і болей цікавіш мяне —
і ты сам, і мастацкія "руны".

Як, скажы, навучыўся ты ТАК адчуваць
прыгажосць і прывабнасць наўколля?

Мне б у дворніка тое як-небудзь спытаць...
Ды не бачна яго нешта болей...


Рецензии
Сумна чамусьці стала... Можа, за натхненнем ён пайшоў у іншы двор?
Можа, захварэў? Дзякуй, Лаззаро, незвычайны верш. Але ж, Вы, як звычайна, нашыя "чытацкія" душы не шкадуеце...

Ирина Жизневская   12.12.2014 21:27     Заявить о нарушении
Дзякую, што чытаеце! А каб не было сумна— наступны вершык.

Лаззаро   13.12.2014 04:03   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.