Адгалёкала лета...

Адгалёкала лета. Збіраецца ў вырай.
Мы па-свойму сягоння праводзім яго:
заблукаўшы апоўначы параю сірай
у абшарах заветнага лугу свайго.

Мы з табою ўсё лета збіралі тут кветкі
і шукалі жар-птушкі сляды ў мурагу.
А цяпер сеем росы — як малыя дзеткі,
на каторых разлука нагнала тугу.

Ты ў далонях маіх саграваеш далоні,
бы стамлёны вандроўнік душу ля агню,
ды глядзіш на мяне, як на лік на іконе,
не прымаючы вуснаў маіх цяплыню.

Я трымаю цябе  ў ратавальных абдымках,
асвятляючы ўсмешкай сутонне душы —
і пры тым адчуваю сябе невідзімкай,
бо самоту тваю не магу патушыць.

Ды малю: не сумуй! Глянь, як высі зайгралі!
Я сягоння табе, каб затміла зару,
назбіраю са жнівеньскіх знічак караляў
і калье маладзіка з нябёс падару.

І няхай зазвініць на расстанне калоссе—
недажатая латачка летніх хвілін!

І давай захаваем на доўгую восень
пра апошнюю летнюю ночку ўспамін.


Рецензии
Верш - вышэй за ўсялякія пахвалы. Нешта нават падобнае да Коласа і Купалы. Вельмі прыгожа :-)

Алеся Стрэмка   22.11.2014 19:39     Заявить о нарушении
Дзякую!

Лаззаро   02.12.2014 09:57   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.