Плот

Мае суседзі фарбавалі неяк плот.
Напрыканцы ў бляшанцы фарба засталася.
З яе й пачаўся гэты жах (ці анекдот?),
які ўтварыла банда ўнукаў —  Наста з Васям.

Малькі рашылі: упрыгожыма казу.
Яна ў бялюткім споднім — голая якаясь.
Намалявалі на храбціне паласу
і атаропілі: "Прыгожа! Не лякае!"

Пасля прайшліся пэндзалёчкам па баках,
затым, шчыруючы, спусціліся на ногі.
Ніжэй, ніжэй... Каб не хадзіла ў "беляках",
дамалявалі капыты яе... і рогі.

Зірнулі збоку на тварэнне і ў анфас.
Крыху падмазалі на шыі і на носе.
І, падсумоўваючы вынік словам "Клас!",
у свет адправілі — у вёску — па дарозе.

А ў вёсцы дзядзька жыў вясёлы (і жыве),
які гарэлку піў (альбо "прымаў на грудзі").
Па п'яні ў дзядзькі "караціла" ў галаве
і ён "слязу пускаў", што болей піць не будзе.

Але жыццё ізноўку "брала ў абарот",
і трэ было заліць душы сваёй паланне.
Дык да таго ужо дапіўся, абармот,
што бачыў яву навакольную ў тумане.

А тут прачнуўся, глянуў мелькам у акно —
і ачмурэўў — каза зялёная на траўцы!
"Няўжо гарачка з будуна? Ну і кіно!
Капец! Да козачак зялёненькіх дайграўся!"

Ужо суседзі пагалілі той "шэдэўр",
ужо гарэзаў не цікавяць болей козы,
а наш "герой" "сухі" і сёння —  "лечыць" нерв
"няпітаманіяй" — нудотаю цвярозай.

Хаця заўчора, мне здаецца, бачыў я,
што ён дамоў ішоў, хістаючыся зноўку.
Цяпер вось думаю сабе: чарга мая
плот фарбаваць і запрасіць унука Воўку.

Мы створым хуткадапаможную арцель:
так "закадзіруем", што пройме назаўсёды.
Калі ў вас хтосьці не прачухаў вечны хмель,
нас запрасіце, мы й да вас прыедзем...
Згода?

24.06.2014

————————————————————

Быль мне расказала
Леановіч Ала


Рецензии
Малайчынка!

Вершы   24.06.2014 22:14     Заявить о нарушении
Малайчынка, ды не я, а той, хто расказаў гэтую быль.

Лаззаро   26.06.2014 01:09   Заявить о нарушении
Ты, ты! Я ведаю дакладна!

Вершы   26.06.2014 01:51   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.