Адзьмухавечыуся мурог...

Адзьмухавечыўся мурог.
Уранні – зграйкай дзьмуханятак,
якія ўзніклі ля дарог
травічна-сонейкавым святам.

А ўдзень свяціла-залацень
сыпнула шчасця на лужочкі 
і, адагнаўшы хмары цень,
зірнула ў кветачныя вочкі.

І заўсміхалася зямля –
спачатку злева, потым справа,
і для пчалы, і для чмяля
з'явіла слодычную страву.

А мне згадаўся водар тых
далёкіх дзён, калі сачочкам
я ў лесе красак залатых
лавіў вясёлых матылёчкаў.

31.05.2014


Рецензии
Пяшчотны такі верш, як немаўлятка ...
Дзякуй. Ірына.

Ирина Жизневская   31.05.2014 14:57     Заявить о нарушении
Дзякую, Ірыначка! :-)

Лаззаро   31.05.2014 15:27   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.