Iзноу запальваюцца свечкi на каштанах...

Ізноў запальваюцца свечкі на каштанах.
Ізноў чаромха на зямлю губляе цвет.
А я загадваю, жадаю апантана
хаця б гадочак паглядзець яшчэ на свет.

Я прагну ўслухацца ў  малітвы дрэў вясновых,
калі яны, абапал вулачкі, шашы
узносяць радасным галлём падзякі словы
Тварцу ўсяго: і першацвету, і душы;

пасмакаваць удосталь веснія харалы
шальнога птаства – гімны шчасця і любві –
і ласкай сонейка сагрэцца, каб растала
ільдзінка сэрца і затахкала: "Жыві!";

палюбавацца на мурог і дзьмухавечкі –
адбіткі радасці нябеснай на траве –
і праімчацца басанож да цуду-рэчкі,
якая бліскаўкамі летнімі заве;

аддацца хуткага цячэння вольнай хвалі
праплыць да стомы, потым лечгы на спіну
і ўбачыць неба ў аблачынкавай вуалі
неверагодным – як якуюсь навіну;

пасля на балю кветак ліпеньскага лугу
уславіць Бога за чароўную красу,
і звонам жаўранка сваю развеяць скруху,
і слёзы светлыя прасыпаць, як расу;

натхніцца восенню – заўсёды непаўторнай,
апалым лісцем залатым пашамацець,
і задыхнуцца вышынёй зіхотка-зорнай,
і на зямельку знічкай-кропелькай зляцець.

А напярэдадні пары зімовай смерці
залегчы ў спячку да чарговае вясны
і адысці...
не, не ў труну,
не, не памерці –
у весні дзень –
у ачмурэннай явы сны.

4.05.2014


Рецензии
Дзень добры, Лаззаро!
Колькі аўтарскіх знаходак у Вашых вершах! Вельмі кранула "дзьмухавечкі" і "у ачмурэннай явы" ... Нешта падобнае я калісь-ці чытала ў Рыгора Барадуліна і Святланы Басуматравай. Але ж якое багацце вобразаў ляжыць у падтэксце гэтага філасофскага верша!
Вельмі рада знаёмству з Вамі!
З павагай, Ірына.

Ирина Жизневская   12.05.2014 12:09     Заявить о нарушении
Дзякую, Ірына! Вашыя шчодрыя водгукі проста натхняюць на подвігі.

О, здаецца, тут можа атрымаца новы верш?

Лаззаро   12.05.2014 16:36   Заявить о нарушении
Можа і атрымаецца,
Калі Паэт захапляецца!
З задавальненнем ад сяброўства, Ірына.

Ирина Жизневская   12.05.2014 16:57   Заявить о нарушении
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.