Каля царквы

   Каля адроджанай царквы
   Стаю, але не ў захапленнi,
   Не апускаю галавы,
   Не станаўлюся на калені.
   Мне Бог малiтвы не дае
   I не дае душы спакою-
   З глыбокiх памяцi пакояў
   Царква былая паўстае.
   Крыжы на сонцы зiхацяць,
   Спяваюць пеўчыя ўрачыста,
   Ды зноў гатовыя распяць
   Хрыстова цела- камунiсты...
   Былi тут польскiя паны
   I немцы хаты ўсе спалiлi,
   Але усё ж царквы яны,
   Чужынцы тыя, не чапiлi.
   Сваiм хапiла тапароў!
   На храм павёў iх сцяг чырвоны...
   Нячутна плакалi iконы
   I пакiдала нас Любоў.


Рецензии
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.