Салдатам перамогi

  прысвячаецца

Вайна забрала ў яго мары
І павяла дарогай той;
Дзе кроў, акопы і пажары,
Дзе кожны дзень – смяротны бой.

Юнак з блакітнымі вачыма
За год вайны мужчынам стаў.
Яго паклікала Айчына.
Ён верыць ёй не перастаў.

Бо без Айчыны, як без маці
Не будзе шчасця і жыцця…
Наш ротны ў белым маскхалаце
Туліў да сэрца часці сцяг.

А потым крыкнуў: “- За Радзіму!”
І ўсіх салдат павёў у бой.
Ворожы дзот маўчаў на дзіва.
Яго аклікнуў хтосьці: стой!

Байца па снезе неслі ногі,
Як тройка добрых скакуноў.
Яму спявалі песні Богі –
Не быў бы ротны – Іваноў.


Такіх як ён – мільёнаў дзесяць, --
Ды Іваноў у нас адзін.
Яго Радзіма там, дзе Бесядзь,
Плыве праз вёску на ладдзі.

За сем хвілін быў дзот узяты,
Заняты ворага плацдарм.
Ірдзеў над ім наш сцяг заўзята –
Наш сцяг за горад Краснадар.

Жылі разруха ў ім і голад –
Перад вачыма - смерць і ад...
Ад душагубак  веяў холад
Людзей забітых і салдат.

Вайна дзяцей не шкадавала.
Што гаварыць тут пра дзядоў? –
Вайне заўжды патронаў мала.
Ёй трэба смерць і слёзы ўдоў.

Мы кожны дзень сяброў хавалі,
Хавалі слёзы – так лягчэй…
І стрыжань памяці кавалі
Ў баях тых вогненных начэй,

Ішлі на Захад, да Берліна,
Цераз Варшаву, Кёнігсберг…
Да ботаў ліплі кроў і гліна --
Ад нас, бы заяц, немец бег;


Аблезлы, шэры, занядбалы…
Ну як, браток, яго страляць?
Калі б той заяц быў удалы,--
З яго б я  мог і футра зняць.


Пагрызлі футра зайцу блохі –
Палонных гнала ў Мінск вайна.
На боты ўвязаны панчохі –
Для ботаў тых дарог няма.

Ляцела птушкай Перамога
Ў вясновы сад, праз белы май.
Вайны разбітая дарога
Вяла байцоў у родны край…


Цяплушкі іх дадому везлі
З крывавых дзён, халодных зім…
Яны ж спявалі дружна песні –
Спяваў і рускі і грузін.

Нас на вакзалах сустракалі;
Дарылі кветкі, хлеб, віно…
Мы ўсе ад радасці скакалі.
Нібы вайны і не было.

Ад часці нашай - я ды ротны,
Хто з мужыкоў прыйшлі дамоў…
Год Перамогі быў галодны
На нас дваіх – па пяць удоў.


Жылі, туліліся ў зямлянках,
І па чарзе цягнулі плуг.
-Ты адпачні крыху, Іванка –
Казаў мне мой старэйшы друг.


Ды не, які тут адпачынак! –
Я ж не за тое ваяваў…
Зямля мая за мной сачыла,
Каб поле я сваё ўзараў…

Такі запал даецца людзям
Ад нараджэння, ад зямлі.
Мы подзвіг дзён тых не забудзем,
Бо ад яго жыццё ўзялі.


Рецензии