Дай праехаць
Першым прыйшоў раздзяліць маю радасць сусед Андрэй. Ён для нечага стукнуў нагой па заднім коле, ціскануў кнопку сігнала, потым запытаў:
– Бензін ёсць?
– Ды вунь , – кіўнуў я галавой у бок каністры.
Андрэй узяў каністру, адкруціў накрыўку з гарлавіны бензабака і, заліваючы туды паліва, разважліва загаварыў:
– Машына ўвогуле нядрэнная. Праўда, матор слабаваты, на японцаў разлічаны – яны ж дробненькія ўсе... Але гэта не бяда, калі правільна абкатаць...
Ён паставіў каністру на зямлю, закруціў накрыўку, ляснуў па ёй далонню і заключыў:
– Дай праехаць.
Што ж, праехаць дык праехаць. Я чалавек не скнарлівы.
Андрэй павярнуў ключ запальвання – стартэр не адрэагаваў.
– Свячу трэба глянуць, – параілі за маёй спіной.
Я азірнуўся – і ўбачыў, што пакуль удзяляў увагу Андрэю, вакол сабраўся ладны гурт балельшчыкаў. Пасыпаліся парады:
– Свяча тут, братка, не пры чым. Генератар, пэўна, барахліць...
– Падача паліва ў ім занудзістая, японскі бог...
– Няйнакш перасасаў...
– Сам ты перасасаў – кажу, дросель заела...
Нейкі няголены мужык сіліўся ўнесці сваю долю:
– Вось, помню, на “Харлеі”...
Некалькі моцных слоў з натоўпу прымусілі замаўчаць аматара рарытэтнай тэхнікі.
Нарэшце матор скутэра ажыў. Андрэй ускочыў на сядзенне, штосьці рыпнула, заскрыгатала, скутэр, як наравісты казёл, падскочыў з месца і знік за вуглом дома.
Вярнуўся сусед хвілін праз пятнаццаць. Тут жа з гурту высунуўся мой даўні знаёмец Жора і нясмела прамовіў:
– Дай праехаць.
Я кіўнуў галавой у знак згоды.
Жора адсутнічаў з паўгадзіны. Сярод балельшчыкаў пачаўся ажыўлены абмен думкамі:
– Во, шэльма, нібы на свой сеў...
– Як усё роўна іншым не хочацца праехаць, японскі бог...
– У яго і дзед такі быў. Калі дарвецца да чужога – пішы прапала...
Але вось Жора прыехаў, і паток нараканняў суцішыўся. З гурту выйшаў другі мой сусед, Мікалай, і ўжо больш упэўнена папрасіў:
– Дай праехаць.
Я махнуў рукой.
Пасля Мікалая ездзіў Віктар з аўтабазы, Антон з пошты, Цімох з пажарнай, вартаўнік мясцовай крамы, яшчэ шмат хто. Я ўжо не чакаў традыцыйнага “Дай праехаць”, а голасам дзяжурнай тэлефаністкі выклікаў:
– Хто наступны?!
...Спаць я лёг а першай гадзіне ночы, папярэдне ссыпаўшы ў вядро рэшткі рухавіка скутэра. Цяпер я цвёрда пераканаўся, што рухавік сапраўды слабаваты.
Сярод ночы мяне разбудзіў стук у шыбу. Я падняўся з ложка і падыйшоў да акна: хто б гэта мог быць? Постаць за акном загаварыла голасам майго стрыечнага брата шафёра Лёнькі:
– Слухай, брацельнік, кажуць, ты скутэр купіў. Дай праехаць, а то я толькі што з рэйса вярнуўся, і днём зноў стартаваць...Не паспею ж ацаніць тваю тэхніку...
– А каб вы ўсе пузам па печы ездзілі! – закрычаў я. – Паламалі скутэр, халяўшчыкі! Ідзі, ездзі на сваёй фуры!
Пакрыўджаны Лёнька знік у змроку ночы. Я лёг спаць, і ў сне мроіліся калоны новенькіх скутэраў, склады запчастак, японскі бог і чамусьці – гейшы. А над усім вялізнымі літарамі па небу: “Дай праехаць”.
Свидетельство о публикации №114022507661