Стратэгичная лазня
– Перакур.
Напарнік дзеда Восіп Зенкевіч загнаў сякеру ў малочна-белае асінавае бервяно і прысеў побач з дзедам. А паколькі Восіп не курыў з маленства, то проста прыхіліўся да нізенькага пакуль, у тры вянцы, зруба і падставіў твар сонцу.
Восіп і дзед Архіп майстравалі на дачным пасёлку лазню па заказу дзедавага зяця. І не проста звычайную будыніну, у якой праз колькі часу сцены пакрываюцца сажай, а нейкую адмысловую, з назвай, якую Восіп ніяк не мог запомніць. Дзе толькі зяць столькі добрай асіны, самага здаровага для лазні дрэва, знайшоў?..
– Дзямідавіч, – звярнуўся Восіп да дзеда Архіпа, – скажы-ка ты яшчэ раз як гэта штука звацца будзе, – і ляпнуў далонню па бервяну зруба.
– Быццам бы і ветру няма, а ў цябе, Восіп, усё з галавы выдзімае, – усміхнуўся субяседнік. – Саўна гэта будзе, з прымыльнікам і пакоем для адпачынку... Вось якое ёй званне.
– Прыдумаюць жа, га! – пакруціў Восіп галавой, – Не, каб па-людску, лазня – і ўсё... А то саўна... Гэта на чыё жа мове?
Дзед Архіп выцягнуў з пачака яшчэ адну цыгарэту, бліснула вострае лязо сякеры – і жоўты круглячок фільтра пакаціўся на дол.
– Адной не накурышся, – растлумачыў дзед, – а выкінуць няёмка, бо зяцеў падарунак... А саўна – гэта на фінскай мове. Паляць па-чыстаму, нават электрычнасцю, каб унутры дух добры быў, без копаці, і ўсялякая там прыемнасць... Пакой адпачынку – піўка папіць... Гігіена, адным словам, сервіс...
– І ад каго ты, Дзямідавіч, такіх слоў нахапаўся?! – выгукнуў Восіп. – Саўна, гігіена, сервіс-сцервіс... Дзевак, пэўна, прывозіць будуць...
– Ну, наконт дзевак – гэта ты загнуў... А словы ад зяця, ад каго ж яшчэ... Ён мужык хвацкі, дасведчаны... Гэтым самым працуе... Ну, каторыя ўсё правяраюць... Дзе які непарадак або дзе што не так ляжыць... Інспектар, адным словам.
– І план саўны ён табе апісаў?
– А то як жа... Зачапіла мяне, зацікавіла... Няўжо, падумаў, нашы цесляры горш за фінскіх? Іначай навошта б я тут сякерай махаў...
– Цябе я разумею, Дзямідавіч, гонар майстра і ўсё такое... А на якое ліха твайму зяцю гэта лазня тут, у дачным пасёлку, за пяцьдзесят кіламетраў ад горада? У яго ж, нябось, у кватэры ванна з гарачай вадой штодзень, ды і гарадская лазня пад бокам...
– Яно так, але ж...Вось ты, Восіп, калі брыгадзірам у нас Рыгор Шурупчык быў, што рабіў, каб каня ў яго дапрасіцца?
– Вядомая справа што: пляшку на стол.
– То-та... А мой зяць з саліднымі людзьмі справу мае. Пляшка для іх, лічы, абраза... Тонкі падыход трэба.
– Штосьці я твае тлумачэнні, Дзямідавіч, ніяк у розум не вазьму.
– А ты слухай далей... Напрыклад, ты ў маёй лазні мыўся, а ў Сямёнавай – не. Прыйшлі мы з Сямёнам да цябе касы пазычаць. Каму ты яе дасі?
– Вядома ж, табе, Дзямідавіч.
– Во! Бо адмовіць мне ў цябе язык не павернецца, паколькі ты ў маёй лазні мыўся... Я – табе, ты – мне... Тактыка, ліха яе мацеры...
– Э не! – Восіп падняўся на ногі, абтрасаючы са штаноў трэскі. – Калі пра твайго зяця казаць, Дзямідавіч, то гэта стратэгія. Піва, сцервіс... Гэта далёкі прыцэл...
– Зяць у мяне мужык абароцісты, – згадзіўся дзед Архіп. І было незразумела: пахвала гэта ў вуснах дзеда ці асуджэнне. Ён дастаў з кішэні “Мальбара”, пакруціў у руках, але на гэты раз не закурыў, а выкінуў пачак у густы маліннік пад плотам.
Праз хвіліну-другую зноў застукалі сякеры па бярвеннях, адкалваючы свежыя трэскі. Узводзілася стратэгічная лазня з сухой парай, цёплым прымыльнікам і загадкавым пакоем для адпачынку.
Свидетельство о публикации №114022507647