Пятая калона

Пенсіянер Сцяпан Хамутоў усё лета бязвылазна ці, дакладней, бязвыезна жыў на дачы. Тлумны вялікі горад з чадам аўтамабільных выхлапаў, нагрэтымі да пякучасці камяніцамі дамоў і расплаўленым асфальтам вуліц, не вытрымлівалі ні ягоная душа, ні арганізм.
Па першасці, як толькі збудаваў загарадны дамок паблізу водасховішча, завёз туды і халадзільнік, і тэлевізар. Але нядоўга музыка грала, нядоўга піва халадала... Спачатку ўкралі тэлевізар, потым халадзільнік. І Хамутоў рашыў нічога каштоўнага больш на дачу не везці. Нават радыёпрыёмнік, старэнькі, але дзеездольны “Акіян”. Так і жыў, адарваны на ўсю цёплую пару ад навін і падзей. Прадуктамі, дзякуй богу, затарваўся з аўталаўкі, якая перыядычна завітвала ў дачны пасёлак.
Праўда, калі-нікалі наведвалася жонка Ліда, Лідзія Антонаўна.  Аднак галоўнай тэмай яе размоў былі цэны на базары і ў магазінах. Жонка Хамутова аддавала перавагу гарадскому жыццю – лютыя камары і зручнасці ў двары не прываблівалі яе на дачу.
У вольны ад праполкі і паліву градак час любіў Хамутоў парыбачыць. Кампанію яму часта складаў Васіль Шуршанкоў, які, як і Сцяпан Хамутоў, амаль усё працоўнае жыццё адрабіў вахцёрам. Толькі Хамутоў – на машынабудаўнічым заводзе, а Шуршанкоў – у райкоме кампартыі. А таму палітыкай Шуршанкоў быў нашпігаваны, як хатняя каўбаса часнаком. І любую размову наравіў звесці да палітыкі.
Аднойчы ў час чарговай рыбалкі на беразе водасховішча, калі кволае ранішняе сонца скупа цадзілася скрозь туман, Шуршанкоў спытаў у Хамутова:
– Ну як у цябе, Сцяпан, з жукамі каларадскімі на бульбе?
– Грызуць гады... Не паспяваю труціць.
– Вось, вось!.. Грызуць... Жукоў гэтых да нас даўно з Амерыкі падкінулі, са штата Каларада. Каб, значыць, бульбу ў нас ушчэнт звесці і канкурэнтаў убраць... Пятая калона, адным словам.
– Што яшчэ за калона? Чаму пятая, а не чацвёртая ці шостая?
– Наконт лічбы я не паспеў даведацца, бо партыю разагналі... А вось што гэта ўвогуле такое, ведаю. Так называюць   затоеных ворагаў улады. А калі які-небудзь крызіс, яны шась! – і ў вярхі, да крэслаў і карыта...
Рыбалка не вельмі ўдалася, таму Хамутоў рашыў з’ездзіць у горад, купіць уловістыў кручкоў і блешняў. А то з Шуршанковым, з яго балбатнёй, хутка забудзеш як і рыба выглядае.
Сцяпан Іванавіч выгнаў з-пад павеці свой біты-перабіты “жыгуль-шасцёрку” і скіраваўся ў горад. Ужо ад ускраіны смуродны пах пранік у салон, і Хамутоў падняў апушчанае шкло. На першым жа бойкім скрыжаванні раптам убачыў, што святлафор не гарыць, а рухам кіруе нейкі чалавек у нязвыклай ваеннай форме. Цёмны, як хмара перад навальніцай, мундзір, круглая, нібы каструля, шапка з казырком. Чалавек упэўнена махаў жазлом, і ўсе яго слухаліся. А збоч, на тратуары, стаялі некалькі нашых даішнікаў у жоўтых камізэльках,  акружаныя, як палонныя, групай людзей таксама ў чужой форме.
“Што за насланнё?” – разгублена падумаў Хамутоў і паехаў далей. На наступным бойкім скрыжаванні таксама стаяў чужы вайсковец і па-гаспадарску круціў жазлом. І тут Хамутова працяла думка: “Пакуль я адседжваўся на дачы, горад, а мо і ўсю краіну захапілі чужынцы! А то чаго б яны так вольна сябе адчувалі...”
І тут стаў заўважаць Хамутоў, што і многа шыльдаў на магазінах напісана не па-руску ці беларуску, а каторыя і нашымі літарамі, дык усё роўна незразумела. “Захапілі, дальбог захапілі! Пятая калона з падполля выпаўзла...– забедаваў Хамутоў. – Што ж рабіць? Я ж на такім заводзе працаваў, дзе і ваенную тэхніку выпускалі... Арыштуюць – і іголкі пад пазногці: кажы ўсе сакрэты, якія ведаеш! А што я ведаю... Толькі, дзе галоўны інжынер бутэлькі з гарэлкай хаваў...”
У поўным утрапенні Хамутоў пад’ехаў да свайго дома, бокам-бокам, не заўважаючы людзей у двары, ускочыў у пад’езд і па лесвіцы – на трэці паверх у кватэру.
Жонка як убачыла Хамутова, дык аж сківіца ў яе адвалілася.
– Сцёпа, што з табой? Ды ты аж з твару змяніўся!
– Зменішся, як жа! Сядзіш тут у кватэры, у ванне плёхаешся, каву жлукціш...А горад чужынцы захапілі.
І Хамутоў расказаў, што бачыў на вуліцах.
– Гэта ж калі яны паспелі?! – роспачна пляснула ў далоні Лідзія Антонаўна. – Я ж пазаўчора ў магазін хадзіла, усё як звычайна было.
– Звычайна... – перадражніў Хамутоў. – Яны ж затоеныя , пятая калона... А потым як жукі каларадскія павылазілі...
– А давай тэлевізар уключым, – прапанавала жонка. – Калі што не так, дык скажуць...
– Па тэлевізары табе скажуць... Як жа... Толькі вушы развесь... Але ладна, уключай.
Лідзія Антонаўна ўзяла пульт і пачала ціснуць кнопкі. На экране сталі з’яўляцца незнаёмыя лагатыпы каналаў, і ўсюды гаварылі не па-нашаму або з перакладам.
– Во! Бачыш! Чуеш! – усклікнуў Хамутоў. – І тэлебачанне захоплена!
– То, можа, у партызаны пададзімся? – нечакана прапанавала Лідзія Антонаўна.
– Ну, ты ляпнула! Якія партызаны?! Дзе ты хавацца будзеш? Бары павысякалі, адзін маладняк лясны. Балоты асушылі. Па небе верталёты лятаюць, а з космасу спадарожнікі фатаграфуюць... Партызаны...
– А што ж рабіць, Сцяпанка? У мяне ж і бацька, і маці, абодва ў кампартыі былі...
– Пасядзім, падумаем, – змрочна прагаварыў Хамутоў.
У гэты момант у дзверы пазванілі. Абодва, і Хамутоў, і жонка, здрыгануліся.
– Можа, ужо за намі? – прашаптала Лідзія Антонаўна.
Пасля трэцяга званка дзверы адчыніліся – і ў кватэру зайшоў унук Хамутовых Віктар. Ён з парога здзіўлена запытаў:
– А што гэта вы не адчыняеце? Я думаў вас дома няма, і сваім ключом пакарыстаўся.
– Ды тут такая справа, – бязрадасным голасам адазваўся Хамутоў, – горад пятая калона захапіла, ну, мы і меркавалі, што гэта за намі прыйшлі... Арыштаваць... Я на ваенным заводзе працаваў, а ў бабулі родныя ў кампартыі былі...
Віктар аж захліпнуўся:
– У вас што, дах паехаў?! Якая пятая калона? Які арышт? Хто горад захапіў?
– Дык што, унучак, і табе вочы засціла? – здзівіўся Хамутоў. – Чужыя ж вайскоўцы на скрыжаваннях рух рэгулююць. На магазінах шыльды чужамоўныя. Па тэлевізары на любым канале гыргочуць – без перакладу не зразумець...
Віктар нейкі час разгублена маўчаў, потым аж зайшоўся ад смеху. Адсмяяўшыся, прагаварыў:
– Дзед! Баба! Гэта ж у нас у горадзе праходзяць міжнародныя спаборніцтвы даішнікаў... Ці як іх там дзе называюць... А бабулі я кабельнае тэлебачанне правёў, 40 каналаў. Каб ёй сумна не было, бо ты, дзед, вечна на дачы прападаеш...
– Дык, кажаш, няма захопу і пятай калоны? – недаверліва перапытаў Хамутоў унука. – А ці не падкупілі цябе, унучак, бразготкамі замежнымі, каб ты людзям мазгі пудрыў?
– Ну, дзед, ты даёш! – Віктар развярнуўся і падаўся вонкі з кватэры.
Лідзія Антонаўна уздыхнула:
– Эх, Сцяпан, дарэмна ты хлопца пакрыўдзіў... Гэта ж я забыла табе пра кабельнае тэлебачанне сказаць...
Хамутоў доўга маўчаў, потым прамовіў:
– Ведаеш, даражэнькая, а я ўсё такі сумняваюся, што няма ў нас пятай калоны... І чужынцы на вуліцах, і шыльды не нашы, і тэлебачанне амаль скрозь не наша... А людзі – быццам нічога і  не заўважаюць...   Спахопімся, ды позна будзе...


Рецензии