Ишла па вулицы каза...

Цяжкае вымя казы ледзьве не валачылася саскамі па шчарбатым асфальце. Перапоўненае малаком, яно, відаць, і падштурхнула казу адбіцца ад статку і раней тэрміну падыбаць дамоў.
Начальнік аддзела мясцовай не надта буйной канторы Рыгор Лысянок у канцы рабочага дня адносіў на пошту пакет у вышэйшую інстанцыю з планам барацьбы за дысцыпліну ў іх установе, і зараз вяртаўся дадому па той жа вуліцы, па якой ішла каза. Бо што там тлуміцца на рабоце за дзесятак хвілін да званка... Вось так і здарылася, што шляхі Лысянка і казы як бы спаралеліся.
Гарадок невялікі, правінцыя, тут ледзьве не ўсе ведалі адзін аднаго. І першы ж сустрэчны, Косцік-кампрэсаршчык з масласырзавода, пакпіў, паказваючы на казу:
– Гэй, Міхайлавіч, ці даўно купіў скацінку? Нябось, на балконе трымаеш, на суседскія галовы...
– Купіў, а што? Мне ж дармавога сырку і масла ніхто не паднясе, як табе на заводзе, – адпарыраваў Лысянок.
Ліда Варывончык, прадаўшчыца з цэнтральнага прадмага, якая, напэўна, ішла на змену, сур’ёзна пахваліла:
–  А добрая каза ў вас, Міхайлавіч, малочная...
– Ды не мая яна! – адмахнуўся Лысянок.
Наступны сустрэчны, няголены кандыдат у медвыцвярэзнік, выказаўся канкрэтна:
– Слухай, мужык, а давай тваго барана на шашлыкі зарэжам...
– Ды не баран гэта, а каза, пралупі зенкі! І не мая яна зусім...
Лысянок абмінуў п’янага аматара шашлыкоў і паддаў ходу, імкнучыся абагнаць казу. Але жывёліна, напэўна, падумала, што яе хочуць завярнуць назад у статак, і таксама паддала ходу.
 Сівы дзядок, які няспешна кудысьці клыпаў з бітончыкам у руцэ, добразычліва параіў:
– Ты б яе, сынок, на аборку...
– А ідзі ты, дзед... Куды ішоў.. – агрызнуўся Лысянок.
Каза між тым бадзёра стукатала капытцамі па асфальту амаль побач з Лысянком.
– Казадой! Казадой! Вядзе козку за сабой! – весела пракрычалі хлапчукі, якія праімчалі міма на веласіпедах.
Гэтага ўжо Лысянок не стрымаў. Ён, як заяц ад ганчака, зрабіў скідку – сігануў цераз плот і глухімі дварамі, пераадольваючы кучы смецця, падаўся дадому.
Калі прыйшоў назаўтра раніцай на работу, то заўважыў на дошцы аб’яў свежую паперу. Спыніўся і прачытаў: “Аб’ява. Учора нач. аддзела  Лысянок Р. М.  датэрмінова пайшоў з работы, каб украсць казу. Дзякуючы пільнасці юных сяброў міліцыі, злачынны намер удалося спыніць. Каза вернута гаспадарам. Асабістая справа Лысянка Р.М. будзе разглядацца сёння ў 17.00 на пасяджэнні дысцыплінарнай камісіі.”
Лысянок ва ўтрапенні прываліўся да сцяны. Па таму самаму плану, які ён адносіў на пошту, якраз сёння ў іх канторы пачыналася кампанія барацьбы за дысцыпліну. 


Рецензии