Бяссонница

Мікола Паўзунок перастаў спаць начамі. Урачы сказалі, што нервы вінаваты. Хто яго ведае, можа, і так... Апошнім часам начальнік нешта стаў прыдзірацца, жонка дома таксама бурчыць – усё ёй нечага нестае...
Пакутуе начамі Мікола, вочы не можа звесці, жонцы ўсе бакі аббіў, куляючыся ў ложку. Паскардзіўся на бяссонніцу свайму сябру Раману. Той падумаў і сказаў:
– Ёсць спосаб. Мне яшчэ дзед гаварыў: трэба пусціць у хату сабаку. Дзе ён сабе на ноч месца аблюбуе – там і стаў ложак або канапу. Будзеш спаць, як пшаніцу прадаўшы.
Свайго сабакі ў Міколы не было, і ён папрасіў дварняка ў знаёмага пенсіянера. Тузік аббегаў-абнюхаў кожны куточак у кватэры і лёг, шэльма, на палавік ля ўваходных дзвярэй.
“Трасца табе ў бок! – падумаў Мікола. – Што ж я, у парозе павінен спаць? Ды і сюды ж нічога акрамя дзіцячай каляскі не стане...”
Назаўтра падзяліўся Мікола вынікамі эксперыменту з Раманам. Той растлумачыў:
– Сабака ж не пародзісты... Ну, што гэта – нейкі Тузік. Ён пад плотам прывык валяцца. Знайдзі пародзістага.
Раздабыў Мікола ў знаёмага паляўнічага пародзістага. Парода – ні то хорт, ні то чорт, Мікола не разабраў. Але дысцыплінаваны, не ў прыклад Тузіку. Дзе жонка Міколы загадала – там і лёг. У калідоры ля дзвярэй у кухню. Таксама непадыходзячае месца.
Сярод ночы сабака раптам загаўкаў. Гучна, на ўсю кватэру закрычала жонка. Перапалоханы Мікола выскачыў са спальні. Высветлілася, што ноччу захацелася жонцы піць, яна пайшла на кухню і наступіла на хвост сабаку. Той, не глядзі што пародзісты і дысцыплінаваны, а спрасонак хапануў жонку за кашулю. Ды і любому хвост прыцісні – дык хапане...
– Ах ты, скаціна! – ачомаўшы ад спалоху, залементавала жонка і да Міколы: – Во, глядзі, што твой лекар нарабіў! Разлупіў кашулю... Я ж усе ножачкі стаптала, бегаючы  па базарах, пакуль знайшла даспадобы...
Мікола лыпаў чырвонымі ад бяссонніцы вачыма і думаў адно: “Хто яе бачыць, кашулю гэту?.. Хіба толькі я пры сваёй бяссонніцы...”
Жонка пакрычала-пакрычала і пайшла ў спальню. А Мікола пасунуўся ў залу на канапу. І, браточкі мае, во дзіва-дзіўнае, – праз пяць хвілін заснуў, як праваліўся.
З тае пары  спаў Мікола без жонкі ў зале, як пшаніцу прадаўшы. Даўно трэба было так зрабіць – не здагадваўся. Сабака дапамог.


Рецензии