Синяя гарачка
Жонка Варвара абуралася:
– Лыкаў, канчай піць! Сатры пыл з клюшкі…
Сцяпан адбіваўся:
– Хто п’е? Я п’ю? Падумаеш, разы два – тры на тыдні... Ты яшчэ не бачыла тых, што п’юць...
Жонка ўшчувала-ўшчувала Лыкава, але бачыць – не дзейнічае. Тады зайшла з іншага боку:
– Глядзі, Сцяпан, белую гарачку ад гарэлкі нажывеш, у псіхушку пасадзяць… У цябе ж сын расце! Які прыклад ты яму паказваеш? Хоць бы закадзірваўся, ці што...
Сын, пяцікласнік Віця, вядома ж, чуў гэтыя перапалкі, і аднойчы падышоў да маці, суцешыў:
– Не перажывай, мама, я паспрабую дапамагчы.
Маці адмахнулася:
– Ай, чым ты дапаможаш... Ідзі лепш урокі вучы.
Недзе праз тыдзень, калі Варвара надвячоркам вярнулася з магазіна, мужа заспела дома бледнага і з дрыжачымі вуснамі.
– Слухай, Вар... Варвара, – неяк нясмела прамовіў Лыкаў, – сёння да мяне ў кухню прылятаў верталёт.
– Хто такі? Нябось забулдыга накшталт цябе.
– Ніякі не забулдыга! – запярэчыў Лыкаў. – Сапраўдны верталёт. Сіняга колеру. Заляцеў у фортачку, пакруціўся па кухні – і назад.
Жонка нейкі час няўцямна глядзела на Лыкава, потым пакратала яго лоб рукой:
– Здаецца, тэмпературы няма... Відаць, задрамаў ты, Лыкаў.
– Ды не драмаў я!
– Кінь, Лыкаў. Дзе ты бачыў, каб верталёт у кватэру залятаў? Гэта што табе – авадзень?
Лыкаў пацёр лоб далонню, патрос галавой, нібы спрабуючы выкалаціць з яе насланнё, а затым пасунуўся глядзець тэлевізар.
Дні праз тры, калі жонка пабегла ў магазін, а сын Віця недзе гуляў у двары, Лыкаў заварваў гарбату на кухні. Раптам пачулася гудзенне – і ў фортачку ўляцеў верталёт. Сіні. З празрыстымі шкельцамі кабіны, за якімі быў відаць лётчык. Лыкаў заціснуўся ў кут кухні і застыў, як скульптура.
Верталёт пакружыўся па кухні, разганяючы пару з чайніка, павісеў крыху ў паветры – і вылецеў вонкі праз фортачку. Лыкаў здранцвела праводзіў поглядам верталёт, потым ачомаўся і плескануў сабе ў твар халоднай вадой з-пад крана.
Калі жонка вярнулася з магазіна, Лыкаў мяўся-мяўся, але ўсё-такі сказаў ёй:
– Варвара, ён зноў прылятаў.
– Хто?
– Верталёт.
На гэты раз жонка паглядзела на Лыкава больш сур’ёзна:
– А ты даўно піў?
– Ды як сказаць... Дні чатыры назад мой напарнік па рабоце ў водпуск ішоў... Пазаўчора Дзень артылерыі быў, а ты ж ведаеш, дзе я ў арміі служыў... Ну а ўчора быў дзень Пятра і Глеба, мы, канешне, з Пятром і Глебам кульнулі...
– Эхе-хе, – уздыхнула жонка, – зараз нічога табе не скажу, але пабачым, што з табой далей будзе...
– А што будзе, што будзе?! – загарачыўся Лыкаў.
Жонка ўперла рукі ў бакі і заявіла:
– Я папярэджвала... Калі да цябе ў фортачку заляціць амерыканскі “Шатл” – лічы, што ты ў псіхушцы.
Лыкаў пакрыўдзіўся і пайшоў у двор хлебануць свежага паветра.
Праз некалькі дзён, калі жонка зноў была ў магазіне, а сын, як звычайна, недзе бавіўся з сябрукамі, Лыкаў прнёс на кухню схаваную на балконе бутэльку віна, плескануў у шклянку і выпіў. Фортачка была адчынена. І як толькі Лыкаў паставіў шклянку на стол як пачулася пачулася знаёмае гудзенне. “Верталёт” ці “Шатл”? – міжволі мільганула ў Лыкава думка. Тут за вакном аднекуль знізу вынырнуў не ”Шатл”, а сіні верталёт і ўляцеў у кухню. Лыкаў нават з палёгкай уздыхнуў – пасяленне ў псіхушку адкладвалася.
“А што, калі збіць яго? – падумаў Лыкаў. – Тады Варвара паверыць і не будзе лічыць мяне псіхам”. Ён абвёў вачамі кухню, убачыў апалоўнік. Схапіў яго і падняў , замахваючыся на верталёт, як на муху. Але апарат тут жа залажыў круты віраж і выслізнуў праз фортачку. Лыкаў з прыкрасцю кінуў апалоўнік на стол – супрацьпаветраная абарона не спрацавала.
Калі жонка вярнулася з магазіна, Лыкаў, як аб нечым даўно знаёмым, паведаміў:
– Спрабаваў яго збіць, дык уцёк, гад.
– Хто?
– Верталёт.
– Сіні?
– Сіні.
– Ну, усё, Лыкаў, белая гарачка ў цябе. Дапіўся...
– Дык жа сіні вераталёт...
– Значыць, сіняя гарачка. Але ад гэтага не лягчэй...
У Варвары на вачах накіпелі слёзы.
Лыкаў зніякавеў:
– Ну, ладна, Варвара... Усяго якіх-небудзь дзвесце грамаў і прыняў... Віна.
Жонка ледзь не заплакала. Лыкаў горача паабяцаў:
– Ну не буду я больш піць, не буду!
І такі стрымаў слова. Ад сяброў, ахвочых выпіць, адкручваўся. Маўляў, урачы забаранілі. А праз нейкі час дастаў з кладоўкі клюшку і стаў любоўна яе праціраць.
Перастаў прылятаць і сіні верталёт на кухню, калі там па нейкіх хатніх справах знаходзіўся Лыкаў.
Задаволеная Варвара неяк падзялілася радасцю з сынам:
– Вось, Віця, выправіўся наш бацька… Казаў, што ў хакейную каманду папрасіўся назад…
Сын сур’ёзна сказаў:
– А ты, мама, не верыла, што я дапамагчы магу.
– У чым? – не зразумела Варвара.
– Бацьку ад гарэлкі адвучыць.
– Пастой, пастой... Гэта якім жа чынам?
– А мы з сябрам Мішкам у авіямадэльным гуртку ў школе верталёт змайстравалі, які па радыё кіруецца, і запускалі яго ў фортачку, калі бацька ў кухню прыходзіў... З двара праз акно добра бачна.
Варвара нейкі час здзіўлена глядзела на сына, потым аж зайшлася ад смеху. Праз смех сказала:
– Глядзі ж, сынок, бацьку аб гэтым не прагаварыся... А то зноў клюшку ў кладоўку закіне...
Свидетельство о публикации №114022507606