Пажартава
Ад шэрага правінцыйнага вакзальчыка да цэнтра гарадка, дзе жыў Галошкін, было кіламетры чатыры. Рэйсавы аўтобус, ліха яго мацеры, як гэта нярэдка здаралася ў позні час, не прыйшоў. Калі патэнцыяльныя пасажыры і мясцовае начальства дакаралі наконт такіх зрываў дырэктару аўтапарка, той па-філасофску гаварыў: “А таксі навошта?”
Перціся пехатой з торбай, якая важыла ледзьве не тры пуды, Галошкіну не выходзіла. Гэта ж дзе-небудзь па дарозе ці звалішся ад стомы, ці якія-небудзь бандзюкі сала адбяруць. Выклікаць таксі – дарагавата, ды і наогул у кішэні ў Галошкіна засталіся лічаныя рублі, бо астатнія патраціў на замочку свежыны яшчэ ў цешчы. Што ж рабіць? Не начаваць жа ў вакзальчыку на мулкай лаўцы – восеньскія ночы вунь якія доўгія. Так і свежына можа ў торбе затыхнуцца.
І тут Галошкін, цывільны супрацоўнік аддзялення “Ахова”, прасцей кажучы, звычайны вартаўнік, успомніў, што ў яго ў раённай міліцыі ёсць некалькі знаёмых хлопцаў, нават, можна сказаць, дружбаноў, у тым ліку ў дзяжурцы. Сёння па графіку, здаецца, павінен дзяжурыць капітан Менцюкоў. А што, калі і пажартаваць, і заадно транспартную праблему рашыць?
У зале чакання было пуста. Не ва ўсіх жа ў гэтыя дні цешчы кабаноў б’юць. Галошкін падышоў да акенца, над якім было напісана “Каса”, пастукаў костачкай сагнутага пальца. Маўчок. Галошкін забарабаніў мацней. Фортачка з тоўстай фанеры адчынілася, у праёме намаляваўся заспаны твар касіркі. Яна пазяхнула, разяпіўшы рот ледзь не на ўвесь праём акенца, і буркатліва спытала:
– Каго тут яшчэ носіць?.. Білеты не прадаюцца, цягнік толькі раніцай…
– Ды мне не білет, пазваніць трэба, – растлумачыў Галошкін.
– Пазваніць, пазваніць, – забурчэла касірка, – а мабільнік навошта?
– Ды батарэйка, ліха яе мацеры, села!
– Села-пала, не страляла, не зараджана была, – працягвала бурчэць касірка, але падала праз акенца тэлефонную трубку на дроце.
– А як жа я нумар набяру? – няўцямна спытаў Галошкін.
– Што я вам, апарат падам? А вы схопіце яго – і памінай як звалі… Гаварыце нумар, я сама набяру.
– Сто два, – сказаў Галошкін.
– Нейкі дужа кароткі нумар, – падзівілася касірка, якая, відаць, прывыкла званіць у міліцыю па “нуль два”, аднак недзе там, за акенцам, тыцнула тры разы ў кнопкі апарата – было чутна як яны піскнулі.
У трубцы прагучала:
– Дзяжурны, капітан Менцюкоў слухае.
“Пашанцавала! – мільганула ў думках у Галошкіна. – Але прызнавацца не буду, жартаваць, дык жартаваць…” Ён сіплым голасам, каб Менцюкоў не пазнаў, прагаварыў:
– Тут на чыгуначным вакзале нейкі падазроны п’яны мужык туляецца, каб чаго не натварыў… А то яшчэ цягнік пад адхон пусціць…
Сказаўшы гэта, Галошкін тут жа аддаў трубку касірцы, каб Менцюкоў не пачаў удакладняць, што ды як. Касірка паклала трубку на апарат, выглянула наколькі можна праз акенца ў залу – дзе той мужык? -- але нічога не дапяўшы спрасоння, зачыніла фортачку.
Міліцэйская машына прыехала даволі хутка. Галошкін праз акно залы чакання ўбачыў як з яе выйшлі двое чалавек у форме. Ён хуценька лёг на лаву і, звесіўшы адну нагу, запеў: “По аэродрому, по аэродрому, лайнер пробежал, как по судьбе…”
Міліцыянеры зайшлі ў залу, заўважылі мужыка ў дабротным паліто, які, ссунуўшы на вочы капялюш, ляжаў на лаве і спяваў. Паколькі нікога ні каля вакзала, ні тут не было, то служывыя беспамылкова рашылі, што гэта і ёсць той самы падазроны грамадзянін.
– Гэй, грамадзянін, ану, падымайся! Разлёгся тут, саліст оперы…
– А вы хто такія? – не зрушыўшы капялюш з вачэй, спытаў Галошкін. – Можа, мытня, дык я кантрабанды не вязу…
– Во нарэзаўся, – сказаў адзін міліцыянер другому, – пэўна з турысцкай паездкі вяртаецца, нас з мытнікамі блытае.
Галошкін працягваў спяваць: “По аэродрому, по аэродрому, лайнер пробежал, как по судьбе…” А сам думаў: “Во пасмяецца Менцюкоў, як я капялюш падыму… Толькі штось яго голаса не чуваць?..”
З гэтай трывожнай думкай Галошкін ссунуў з вачэй капялюш – перад ім стаялі два незнаёмыя маладыя сяржанты. Ліха яго мацеры! Сітуацыя ўскладнілася. Гэтых хлопцаў Галошкін не ведаў. Але рашыў трымацца да канца – няхай не тут, а ў дзяжурцы Менцюкоў парагоча. Тым часам адзін сяржант падхапіў Галошкіна пад руку: “Пойдзем, грамадзянін, разбярэмся”, другі панёс торбу з салам і кумпяком.
У аддзеле сяржанты выгрузілі Галошкіна з торбай і завялі ў дзяжурку. Менцюкова там не аказалася, за сталом, застаўленым рознай апаратурай, сядзеў незнаёмы Галошкіну малады лейтэнант.
– А дзе Менцюкоў? – разгублена спытаў Галошкін.
– Выехаў на здарэнне, – механічна адказаў лейтэнант, потым спахапіўся: – Тут пытанні задаю я!
І да сяржантаў:
– Вязіце гэтага мужыка ў медвыцвярэзнік, няхай там разбіраюцца. А нам і крымінальшчыны хапае.
– Ды я ж цвярозы! – заенчыў Галошкін. – Я пажартаваць хацеў… Менцюкоў мой дружбан… Вы пазваніце яму!
– Тут у нас адзін быў такі, дык заяўляў, што ў яго міністр унутраных спраў дружбан, – сказаў лейтэнант. – І ты што, думаеш, мы міністру званілі? У медвыцвярэзніку фельчар ёсць, ён і вызначыць, пьяны ты ці не… Вязіце яго!
Вядома, фельчар ноччу ў медвыцвярэзніку правінцыйнага гарадка – гэта толькі ва ўяўленні лейтэнанта, што пасля школы міліцыі. Фельчара не было. Адзіная форма аналізу: “Ану, дыхні!” Галошкін дыхнуў – а суткі ж таму свежаніну замачвалі… Вось так… Словам, давалося Галошкіну начаваць у медвыцвярэзніку. А назаўтра з дапамогай Менцюкова і дружбаноў з міліцыі ледзьве ад штрафа адкруціўся. Што каштавала Галошкіну некалькі кавалкаў сала з торбы. Вось дык пажартаваў…
Свидетельство о публикации №114022507590