Рашэн тэрор
Аркадзь доўгі час працаваў у тамашнім райцэнтры на масларобчым заводзе шафёрам малакавоза. Нішто сабе работа, пакуль крызіс не грымнуў. Ударыў ён і па фермерах, і па сялянскіх падворках, і па калектыўных гаспадарках, якія яшчэ не ўсе распаліся ў вобласці. Дорага стала каровак карміць, лячыць, даглядаць, ды і моладзь не надта рвецца на фермы. Словам, менш стала малака паступаць на завод, упалі і заробкі. Дырэктар стаў за кожны кіламетр прабегу аўтамабіля прыдзірацца, жорсткія маршруты для малакавозаў устанавіў. Тады і перайшоў Аркадзь на торфапрадпрыемства.
Прадпрыемства прыватнае. Гаспадар, як гэта звычайна ў Расіі, знаходзіўся ў Маскве, а на месцы кіраваў араб Саід. Ён вучыўся колькі часу ў Маскве, але на сваю беднаю радзіму не вярнуўся, а палічыў за лепшае застацца ў Расіі. На прадпрыемстве ў сезон выраблялі тарфяныя брыкеты ў выглядзе круглых дзесяцікілаграмовых “таблетак”, якія ў фурах адпраўлялі ў Галандыю. Там з брыкетаў рабілі глебу для вырошчвання кветак: і для сябе, і на экспарт у Расію па шалёнай цане.
Работа на торфе брудная, таму кантынгент тут падбіраўся яшчэ той: аматары прагуляць, выпіць, звольненыя з іншых прадпрыемстваў. Вока ды вока за імі трэба. Але дзе лепшых на брудную работу знойдзеш? Таму Саід нават быў рады, што ў асобе Аркадзя знайшоўся чалавек, які ведае спецыфіку кантынгента і можа з ім справіцца на пасадзе майстра.
Яно так і атрымалася: дзе абяцаннямі адгулаў, калі сам станавіўся на пагрузку, дзе добрым словам, дзе мацюгамі, а дзе і кухталём Аркадзь неяк трымаў у лейцах тарфяную хеўру. Да таго ж мог і за шафёра адрабіць дзень-другі, і за трактарыста на паўразваленым ДТ-54, і рамонтам абсталявання не пагрэбаваць. Па мерках заходняй эканомікі – нечуваная ўніверсальнасць, ды і яшчэ за якіясьці 10 тысяч расійскіх рублёў.
Усё ішло быццам бы добра, але тут здарылася такое… Як вядома, страх перад тэрарызмам апанаваў увесь свет, усюды ахова, пропускі, праверкі, у аэрапортах нават дагала могуць распрануць. Абутак правяраюць, каб замест падэшваў узрыўчатку не прымацавалі. На вадкасці абмежаванне ўвялі – у самалёт можна пранесці толькі грамаў дзвесце звычайнай вады ў асобнай пасудзіне, і тое пасля кантролю. Кажуць, што тэрарысты прыдумалі вадкую ўзрыўчатку: паасабку быццам бы бясшкодныя сродкі для кухні, а змяшаеш – і самалёт разам з пасажырамі на той свет…
Аднойчы тарфяная брація пры пагрузцы забылася ў фуры паўбутэлькі самагонкі. Прыехала фура ў Галандыю, сталі разгружаць яе тамашнія рабацягі – а тут бутэлька з невядомай вадкасцю. Вэрхал узнялі: рашэн тэрор! рашэн тэрор! Фуру на пустэчу калініградскі вадзіцель адагнаў, паліцыі панаехала, сапёр у брані. Ваколіцы ачапалі, ледзьве да адсялення не дайшло. Вадзіцель спрабаваў растлумачыць, што гэта завычайная самагонка, але дзе там… Яго амаль за саўдзельніка тэрарыстаў палічылі.
Сапёр бутэльку асцярожненька метраў на сто аднёс, не ведае, што з ёй далей рабіць: ці то адкаркаваць, ці то шарахнуць кантрольным зарадам? Вадзіцель з акружэння паліцыянтаў вырваўся – і да бутэлькі. Паліцыянты за ім пабаяліся бегчы, а сапёр як ад чумнога адскочыў. Вадзіцель бутэльку схапіў, корак адкруціў і высмактаў адным махам змесціва. Нейкая чуллівая паненка з паліцыянтаў аж прытомнасць страціла, убачыўшы такое. Вадзіцель потым казаў, што вартая самагонка была, у галаву адразу ўдарыла. Давялося фуру на разгрузку вяртаць самім галандцам.
Але ж і гэта не ўсё – выставілі галандцы рахунак торфапрадпрыемству за выклік паліцыі і сапёра. Саід быў злы,як чорт. Аркадзю – прэтэнзіі, маўляў, гэта ты прагледзеў бутэльку на пагрузцы, я галандскі штраф з твайго заробку вылічу. А той яму ў адказ: “Хоць ты і араб, а я табе не раб! Дзе ты яшчэ такога дурня знойдзеш, які б працаваў за траіх, а зарплату атрымліваў за аднаго?!” Аргумент праняў Саіда, бо і сапраўды – знайсці такога чалавека, які быў бы і за майстра, і за шафера, і за механіка, і за грузчыка, ва ўсёй Калініградскай вобласці немагчыма. На такое здольны хіба толькі беларус старой савецкай загартоўкі, якім і з’яўляўся Аркадзь.
Але нездарма кажуць, што бяда адна не ходзіць, разам з сабой другую водзіць. Саід, перапалоханы канфліктам з галандскай фірмай, наняў міліцыянераў кантраляваць пагрузку. А тым што – гэта ж не за бандзюкамі бегаць, стой і глядзі, каб бутэльку ў фуру не пранеслі. Ну, стаялі і глядзелі, бутэлькі ніхто не пранёс. Толькі ж адзін ёлупень згубіў пры пагрузцы ў фуры галёшу, на разбітыя боты іх надзяваў, гэта ж танней, чым купляць новы абутак. Міліцыянерам жа нябачна – з галёшай грузчык ці не, бо ўсе ногі ў яго ў тарфяным пыле. Ды служывыя ўвогуле на абутак асаблівай увагі не звярталі – ім абы бутэльку не прапусціць. Вось і паехала галёша ў Галандыю.
А там пры разгрузцы яе і заўважылі: што за прадмет нечуванай у іх формы? І ўнутры чырвоны, бо галёша байкай такога колеру падклеена. Зноў вэрхал: рашэн тэрор! рашэн тэрор! Зноў адагнаў калінінградскі вадзіцель фуру на пустэчу, паліцыянтаў з міргалкамі і сірэнамі наехала, сапёр у брані з’явіўся. Вадзіцель спрабаваў растлумачыць, што гэта абутак, звычайная галёша, але яго не разумелі… Ці не хацелі разумець? За выклік паліцыі і сапёра ўсё роўна ж рускія заплацяць.
Вадзіцель настаяў, каб прывезлі перакладчыка. Перакладчыкам аказаўся былы жыхар Бабруйска, які не даехаў да Ізраіля і асталяваўся ў Галандыі. Ён доўга тлумачыў галандцам, што такое галёша, а тыя ніяк не маглі ўцяміць, чаму яна ўнутры чырвоная. Можа, камуністычная прапаганда? А можа, гэта новая ўзрыўчатка, якую прыдумалі рашэн тэрарысты? Перакладчык, пазіраючы на калінградскага вадзіцеля, неўпрыкмет для галандцаў пакруціў пальцам каля скроні, але працягваў даказваць сваё. Урэшце галандцы паверылі, аднак толькі тады, калі вадзіцель напяў галёшу на свой туфель і прайшоўся перад сапёрам туды-сюды.
Паўторнае здарэнне выклікала ледзьве не міжнародны скандал. На торфапрадпрыемства прыязджаў нават прадстаўнік ФСБ з Калінграда, бо нехта з высокага начальства палічыў, што бутэльку з самагонкай і галёшу падкінулі ў фуру знарок, каб скампраметаваць эканамічныя сувязі Расіі з Галандыяй, спыніць прыток замежных інвестыцый.
У рэшце рэшт, як заўсёды гэта было, крайнім аказаўся “вінцік” Аркадзь, якога Саід усё-так звольніў з прадпрыемства. Праўда, намякнуў пры гэтым, што гатовы прыняць яго зноў як толькі сціхне вэрхал з-за бутэлькі самагонкі і галёшы.
Свидетельство о публикации №114022507580