Удойная карова
Вось тады Сыцянковы і набылі карову, добрую, удойную, адносна танна ў сваім жа калгасе. На сямейным стале прыбавілася малочных прадуктаў, а лішкі сталі прадаваць, папаўняючы хатнюю касу. Трэба ж было ўнукаў Рамана і Зіну хоць бы за школьны парог дастойна справадзіць.
Ішоў час, паступова стала наладжвацца жыццё. Унукі Сыцянковых паступілі вучыцца ў коледжы, а а дзед з бабай выйшлі на пенсію. Пастарэла і першая сямейная карова, Красуля, і ўжо не давала столькі малака, як раней. Аднак Сыцянковы прывыклі мець дадатковы “прыварак” у сямейны бюджэт, таму абмянялі ў кааператыве Красулю на іншую, маладзейшую карову. Загадчык фермы і даяркі хвалілі жывёліну:
– Мілка ў нас удойная… Дае малака ў дзень больш, чым па ўсёй гаспадарцы ў разліку на адну карову…
Толькі ж, відаць, яны не тое, што манілі, а вось такое разуменне ўдояў у іх было, так бы мовіць, сярэднестатыстычнае. Як пішуць у справаздачах і газетах: на такой-та ферме надойваюць у сярэднім на адну фуражную карову малака ў суткі больш, чым па кааператыву.
На самой жа справе аказалася, што больш, чым па ўсяму кааператыву – гэта не азначае, што многа. І калі ад Красулі Сыцянковы, бывала, надойвалі ў суткі летам па 20-25 літраў малака, то ад новай карміліцы за адну дойку ледзьве паўвядра можна было нацыркаць. Ды і вяршкі на гэтым малацэ не надта гусцелі.
Сцяпан Сыцянкоў падаўся з прэтэнзіяй да загадчыка фермы, маўляў, падвёў ён з характарыстыкай каровы. Загадчык не згаджаўся:
– Ты падумай, Сцяпан, – мы што табе казалі? Па нашаму калектыўнаму падыходу, калі карова дае малака больш, чым у сярэднім па кааператыву, то за гэта хваляць, а не лаяць… А ў цябе мысленне, як у аднаасобніка… Да таго ж і доіце вы ўручную, а ў нас на ферме – апаратура. Як дасць вакуум, дык з каровы ўсё малако да апошняй кроплі выцягне… Што датычыць вяршкоў – то ў нас базіс, 3,6 працэнта. Калі яны ёсць, тады і добра. Табе ж, Сцяпан, 4-5 працэнтаў падавай…
Выслухаўшы міні-лекцыю загадчыка фермы, Сыцянкоў зразумеў, што да таго з кароткімі гужамі не падступішся. Навучыліся за гады перабудовы і галоснасці кіраўнікі сярэдняга звяна, ды і ці толькі яны, мянціць языком – любой недарэчнасці тлумачэнне дадуць.
Але і яшчэ зразумеў Сцяпан, што наўрад ці ўдасца зрабіць паўторны абмен каровы на больш удойную. Па-першае, не згадзіцца старшыня кааператыва, па-другое, зноў могуць падсунуць які-небудзь экзэмпляр па прынцыпу “вышэй сярэдняга”. Трэба ці змірыццца з тым, што ёсць, ці прадаць няўдалую жывёліну.
Калі Сцяпан вярнуўся з свайго пахода і выклаў сітуацыю жонцы Марыне, тая на імгненне задумалася, а потым сказала:
– Не, не будзем прадаваць Мілку… Няхай яна і няшмат малака дае, і не вельмі яно тлустае, але ўсё ж лепш, чым з магазіна: і плаціць за яго не трэба, і ў якасці, якая б яна ні была, мы ўпэўнены… Ды і мы ж удваіх жывем, колькі нам таго малака ці тварагу з смятанай трэба? Глядзіш, і лішкі якія-небудзь прададзім…
На гэтым і пагадзіліся. Але тут, як снег на галаву, малочны канфлікт з Расіяй – перасталі туды наша малако купляць. Чуткі розныя нядобрыя пайшлі, маўляў, малака ў Беларусі не будзе куды дзяваць з кааператыўных фермаў, дык закуп у падвор’ях ці зменшаць, ці зусім спыняць. Магчыма, чуткі распускалі тыя, хто канфлікт прыдумаў, але Сыцянковы ў такія тонкасці палітыкі не сталі ўнікаць, а канчаткова рашылі прадаць карову.
Толькі прадаваць танна не хацелася – унукам на вучобу грошы патрэбны. Аднак жа любы пакупнік, калі даведаецца, што Мілка, хоць на выгляд і спраўная, гладкая, ды не надта малочная карова, кашалёк зацісне, а то наогул адмовіцца. Відаць, хочаш не хочаш, а давядзецца Сыцянковым ісці на хітрасць, каб здзелака састаялася.
Далі яны аб’яву ў раённую газету і сталі чакаць пакупніка. Праз чатыры дні пад вечар прыехала маладая пара, мужык з жонкай, на старэнькіх “Жыгулях”. Напэўна на патрыманую іншамарку грошай у іх не стае, вось і разлічваюць продажам малака зарабіць. Маладым і чуткі ніпачым. Адразу пачалі цікавіцца: ці ўдойная карова, ці тлустае малако дае? Хацелі б пераканацца самі, прысутнічаць пры вячэрняй дойцы. Сыцянковы зразумелі, што пакупнікі – людзі вясковыя, на прасцяка іх вакол пальца не абвядзеш. Таму сказалі, што карова падоена ўжо, прыязджайце раніцай. Пакупнікі згадзіліся.
На самой справе Мілку яшчэ не даілі. І рашылі не даіць, каб раніцай яна больш малака дала. А ў слоік малака абедзенай дойкі дабавілі вяршкоў з двух іншых слоікаў, і ў выніку ўтварыўся даволі тоўсты іх пласт. Гэтая методыка продажу каровы здаўна прымянялася на сяле і не лічылася падманам, а простай сялянскай хітрасцю. Няхай пакупнік варон не ловіць, гэта яго турботы, а клопат селяніна – выгадна прадаць жывёліну.
Назаўтра пакупнікі не затрымаліся, прыехалі, як і абяцалі, раніцай, яшчэ да выгану кароў на пашу. Марына Сыцянкова павяла іх да пуні, тыя сталі ля варот і сачылі, як гаспадыня доіць карову. Мілка дала ледзьве не поўнае вядро малака. Маладыя людзі былі задаволены ўбачаным. А калі Сыцянковы паказалі ім слоік, амаль на трэць напоўнены вяршкамі, то доўга не сталі вагацца і згадзіліся купіць Мілку за суму, якую ім назвалі, з нязначнай скідкай. Вечарам новы гаспадар прыехаў за Мілкай на грузавіку з высокімі бартамі. Карова ўпарцілася, і яе ледзьве не волакам зацягнулі ў кузаў.
Сцяпан Сыцянкоў без усялякай дальняй думкі заўважыў:
– Лепш бы на повадзе весці…
На што новы гаспадар азваўся:
– Што ж я, дваццаць кіламетраў пехатой буду топаць.
Праз два тыдні ля хаты Сыцянковых надвячоркам спыніліся знаёмыя “Жыгулі”, з іх выйшла маладая пара, што купіла нядаўна Мілку. Сыцянкоў быў дома адзін – жонка пайшла да сяброўкі. “Ну, зараз сваркі будзе з-за каровы, – падумаў Сцяпан. – Добра, што Марыны няма, а то б яна толькі абвастрыла размову, бабы гэта ўмеюць…”
Новыя гаспадары Мілкі пачалі з ходу, перабіваючы адзін аднаго:
– Што вы нам падсунулі?!
– Казалі, што карова ўдойная, а яна і вядра малака ў суткі не дае…
– І вяршкоў настойваецца – кот наплакаў…
Тут Сыцянкоў успомніў, як грузілі карову ў кузаў, як раіў весці яе на повадзе, і вартая думка прыйшла яму ў галаву:
– Цішэй, цішэй, чаго вы лаецеся? – і да жанчыны: – Я ж гаварыў твайму мужыку, што трэба карову на повадзе весці. Яна ж зроду на машыне не ездзіла, нават, калі цялём была… Гэта ж такі стрэс… Вось пасадзі твайго мужыка ў звышгукавы самалёт- знішчальнік і няхай палётае гадзіну ў небе – на што ён здольны будзе пасля такога?
Зрэзаныя нечаканым аргументам, і жонка, і мужык не ведалі, чым адпарыраваць.
А Сыцянкоў, натхнёны яўным поспехам свайго пярэчання, працягваў:
– Скажыце дзякуй, што Мілка хоць столькі малака дае, а то магла б і зусім перасохнуць, нібы ручай у спякоту… З жывёлай трэба ўмець абыходзіцца. Гэта жывая істота, а не трактар…
Выслухаўшы Сыцянкова, новыя гаспадары каровы крыху патапталіся нерашуча на месцы, потым селі ў машыну і ад’ехалі. А Сцяпан з палёгкай уздыхнуў: “Здаецца, пранесла… Ну, каб я такім гандлем яшчэ займаўся, барані бог…”
Свидетельство о публикации №114022507562