Госця з будучыни

Алесь Клімянок і Сцяпан Тоўсцікаў жылі ў адным горадзе, у адным двары, вучыліся ў адной школе. Толькі Алесь на тры класы ўперадзе. Праўда гэта не перашкаджала ім сябраваць. Алесь – хударлявы і высокі, захапляўся матэматыкай і фізікай, Сцяпан – ёмкі, камлюкаваты, быў лепшым у школе  фізкультурнікам сярод сваіх аднагодкаў. Але, як сведчыць  навука,  розныя полюсы прыцягваюцца. Вось і хлопцы нібы дапаўнялі адзін аднаго.
Праўда, пасля школы шляхі іх разышліся: Алесь паступіў вучыцца ў радыётэхнічны інстытут, Сцяпан падаўся ў фізкультурны. Спачатку даволі часта падтрымлівалі зносіны па тэлефоне, сустракаліся ў час  канікулаў, а як пайшлі на самастойны хлеб, дык стасункі станавіліся ўсё радзей, а потым і зусім згаслі.
І вось аднойчы Алесь, ідучы ў суботу па сталічнай вуліцы, дзе асталяваўся ўжо гадоў пяць назад, звярнуў увагу на  афішу, што запрашала на спаборніцтвы штангістаў.  Сярод пераліку ўдзельнікаў Алесь прачытаў прозвішча “Тоўсцікаў Сцяпан”. “Няўжо гэта мой сябра?” – падумаў Алесь. Потым рашыў: “А схаджу-ка я на гэтыя спаборніцтвы… Раптам гэта  Сцяпан.  Пагамонім, паўспамінаем…  Колькі год не кантактавалі… “
І не расчараваўся Алесь – сапраўды ў спаборніцтвах удзельнічаў той самы Сцяпан Тоўсцікаў, яго колішні сябра. Ды чаму колішні? Сяброўскія пачуцці проста прыглушыліся часам, але не зніклі назусім. Іх толькі трэба было разбудзіць. Вось гэтая сустрэча і стала такім “будзільнікам”. Сцяпан заняў  другое месца ў штуршку, і Алесь прарваўся ў раздзявалку, каб павіншаваць яго. Той, вядома, не чакаў такой сустрэчы, але вельмі абрадаваўся. І адчувалася, што радасць гэта не падробная, не дзеля ветлівасці.
Яны паабдымаліся, паштурхалі адзін аднаго, Алесь памацаў мускулы Сцяпана і зайздросна пацмакаў:
– Ц-ц-ц… Мне б такія…
– Эх, Алесь, ведаў бы ты, колькі поту праліваецца дзеля гэтых мускулаў… А ты дзе зараз? Як жыццё?
– Ды ў нашай “сіліконавай даліне” працую… Розныя там ай-ці тэхналогіі, ноу-хау, хай-тэк, гаджэты і да таго падобнае…
– Пастой, пастой… Сіліконавая даліна… Вы што, пратэзы жаночых грудзей з сілікону робіце?
Алесь засмяяўся.
– Ну, ты ўрэзаў, Сцёпа! “Сіліконавая даліна” – гэта вобразная назва парка высокіх тэхналогій!
– І якія дрэвы ў гэтым парку растуць?
Алесь зарагатаў яшчэ гучней.
– Вось за што я цябе люблю, Сёпа, што ты заўсёды даеш нагоду пасмяяцца… Толькі ніколі не разбярэш: ці ты сапраўды не разумееш, ці  прыдурваешся…
– Ды ладна, чаго ўжо там, – прабачальным тонам сказаў Сцяпан, апранаючы куртку.
Алесь прапанаваў:
– Дык, можа, дзе пасядзім, у кавярні ці рэстаране?
– Пасядзець можна, нават трэба, – згадзіўся Сяпан. – Толькі ж я спіртнога адцураўся, рэжым…
– Ну, тады паедзем да мяне, я тут нападалёк кватэру здымаю.
– Паедзем, – згадзіўся Сцяпан, –  толькі трэнера папярэджу.
Праз хвілін дваццаць яны пад’ехалі на Алесевым “фольксвагене” да патрэбнага дома. Падняліся на трэці паверх. Перад дзвярыма Сцяпан раптам схамянуўся:
– А жонку ты папярэдзіў, Алесь?
– Якая жонка! Халасцяк я, хоць і чацвёрты дзесятак размяняў…
– Ну і ну, – пакруціў галавой Сцяпан, – а здаецца ж, ты наконт дзяўчат не промах быў…
– Заходзь, я табе потым растлумачу…
Зайшлі ў кватэру. Алесь хуценька сабраў у кухні на стол. Сабе паставіў пачатую бутэльку каньяку, Сцяпану – каву. Ну, яшчэ каўбаскі, пернікі… Няшмат, каб рот ежай не займаць, а больш часу для размовы пакінуць.
Слова за слова, разгаварыліся. Сцяпан нагадаў:
– Дык ты, Алесь, абяцаў мне наконт халасцяцкага свайго жыцця патлумачыць…
– Ага, абяцаў… Тут, ведаеш, такая справа…  Я  праграмістам працую, ну, і калі ў нашай “сіліконавай даліне” заказаў было мала, а часу шмат, склаў ад нечага рабіць камп’ютарную праграму “госця з будучыні”…. Ты ж сам толькі што казаў, што я до дзяўчат ахвочы, ну, я і прыдумаў такую праграму, якая па фотакартцы дзяўчыны, па так званых антропаметрычных дадзеных, паказвае, як тая будзе выглядаць з цягам часу… У трыццаць год, у сорак, у пяцьдзесят, бабулькай… І ведаеш – як прапушчу  чарговую сваю заляцанку праз гэтую праграму, як убачу яе зморшчанай бабулькай, дык усялякая ахвота жаніцца прападае…
     Сцяпан слухаў моўчкі, але паступова вочы яго поўніліся здзіўленнем:
– Нешта не верыцца мне ў тваю праграму… А ну, давай праверым! Вось у мяне з сабой фотакартка Людмілы, маёй дзяўчыны…
– А што, і праверым!
Яны прайшлі ў пакой, дзе размяшчалася электроніка, Алесь прасканіраваў фотакартку, увёў адлюстраванне ў камп’ютар, запусціў праграму, сталі чакаць. На маніторы спачатку з’явіўся фотапартрэт адзін у адзін як на фота.  Потым праз невялікія прамежкі часу партрэт стаў мяняцца, адлюстраванне плыло, быццам нагрэты воск. Твар Людмілы мяняўся, але не вельмі – і ў сорак, і ў пяцьдзесят  яна глядзелася  сімпатычна, вядома, з улікам узросту. І нават бабулькай у семдзесят засталася даволі прыемнай на выгляд.
Алесь пашкроб пяцярнёй у патыліцы і разгублена сказаў:
– Гэта ж нейкі феномен… Госця з будучыні ў прамым сэнсе слова. Упершыню такое бачу… А можа, праграма дае збой?
– Які збой! – азваўся Сцяпан. – Людміла ў мяне ого-го-го… Спартсменка, камсамолка… Ну, у сэнсе, баявая дзяўчына… І проста прыгажуня!
– Слухай, Сцяпан, а як бы з ёй пазнаёміцца? Не думай чаго такога – дзеля навукі.
Сцяпан завагаўся, потым сказаў:
– Без праблем. Яна  тут, у сталіцы,  завочна вучыцца на эканаміста, дык зараз сесію ў інстытуце здае… У інтэрнаце на Паркавай жыве.
Зазваніў мабільнік Сцяпана. Ён паднёс яго да вуха.
– Алё…
Паслухаў хвіліну, потым патлумачыў Алесю:
– Трэнер турбуецца, заўтра ж другі від спаборніцтваў… Прабач, рэжым…
– Ты хоць дай мне нумар сотавага Людмілы.
– Запішы, – Сцяпан назваў нумар.
Як толькі Сцяпан пайшоў, Алесь дастаў з альбома яго фота, увёў у праграму. Гледзячы, як мяняецца твар Сцяпана, услых прагаварыў:
– Ну і морда ж у цябе, Сцёпа…І сямідзесяці гадоў чакаць не трэба. Ужо ў сорак Людміла можа злякнуцца ад такой фізіяноміі…Відаць, спорт высокіх дасягненняў для цябе, мой дружа, дарэмна не мінецца.
Назаўтра Алесь сазваніўся з Людмілай. Яна спачатку ўдакладніла па тэлефоне ў Сцяпана, ці сапраўды мае справу з яго вучоным сябрам, і толькі тады згадзілася на сустрэчу. Алесь схапіў пад паху ноутбук і паімчаў на Паркавую.
Як убачыў наяве Людмілу, ды наклаліся на гэта ўчарашнія ўражанні ад дэманстрацыі яе фота ў праграме “госця з будучыні” – здарылася тое, што называюць каханнем з першага погляду… Хаця, хутчэй, з другога. Нарэшце яму сустрэлася жанчына, з якой можна пражыць доўга. А вось ці шчасліва – камп’ютар не пакажа. Ну, ладна, гэта ўжо іншая справа… І Алесь, не доўга думаючы, пачаў паказваць Людміле як з часам будзе мяняцца знешні выгляд яе самой , Сцяпана.
Людміла не будзь дурніца ды спытайся:
– А чаму вы, Алесь, сябе ў праграме не паказваеце?
Алесь спачатку разгубіўся, потым сказаў:
–Ды я сваю фота ў праграму не ўводзіў, не было нагоды… Вось давайце яшчэ сустрэнемся, я прадэманструю.
Дзяўчаты – асобы цікаўныя, і Людміла згадзілася.
А што Алесь? Ну, што можа зрабіць праграміст, калі ён закахаўся? Ён проста змяніў праграму так, што  выглядаў на маніторы ў любым узросце, як  Алэн Дэлон.
Ці Людміла не так ужо моцна кахала Сцяпана, ці камп’ютарная праграма пераканала, ці Алесь кампліментаў нагаварыў, на што ён быў майстар, але  ў час знаходжання дзяўчыны на сесіі яны  сталі сустракацца амаль кожны дзень. Словам, раман завязаўся не на жарт.
Сцяпан, відаць, змірыўся з непастаянствам  сваёй сяброўкі, і толькі аднойчы пазваніў Алесю і сказаў усяго некалькі  слоў:
– Ну, ты і гад… Поўны гаджэт…


Рецензии