Усим не дагадзиш

Васіля Жураўчыка ўзялі на работу ў салідную фірму, загадчыкам аддзела маркетынгу. Парабіў тыдзень-другі Васіль,  паабцёрся, сякіх-такіх знаёмых завёў, і як чалавек увогуле кампанейскі рашыў неяк адзначыць сваю пасаду. Арганізоўваць карпаратыўную вечарыну – гэта была не ягоная прывілея, а старшыні савета дырэктараў, таму збор назначыў на ўласнай кватэры.
   Каб не ўдарыць тварам у гразь, рыхтаваўся зараней. Жонку навастрыў, цешчу праінструктаваў, пяцігадоваму сыну тры вечары запар чытаў дыдактычныя апавяданні Талстога і Ушынскага.
Само сабой, пра пітво і закусь падумаў. Крыху грошай з сямейных загашнікаў адшпіліў, крыху ў суседзяў пазычыў. Зганяў у краму для VIP-персон, купіў тры бутэлькі каньяку “Хэнэсі”, некалькі бутэлек вінца замежнага з мудрагелістай назвай, салямі, крабаў, ікры чорнай і чырвонай, маслін, фруктаў трапічных, яшчэ таго-сяго па дробязі... Словам, не сорамна было гасцей сустракаць.
Госці прыйшлі дружна. Пілі, закусвалі, пелі, танцавалі... А ў кутках перашэптаваліся:
– Бач ты! “Хэнэсі” выставіў. А за якія грошы?
– А крабы, крабы!..
– Што крабы, ікра – вось гэта смаката...
– Адкуль толькі бабло ў яго?.. Гэта ж шалёныя цэны...
– Відаць, на ранейшай рабоце яму ў лапу давалі. І ён нам гэтай вечарынай намякае, каб і тут не абнеслі...
Позна разышліся госці. Гаспадара дзякавалі, а па дарозе ўсё ніяк не маглі супакоіцца, усё не верылася, што ад шчырай душы частаваў чалавек.
Худое слова вецер носіць. Дайшлі размовы да Жураўчыка аб падазронай яго хлебасольнасці. Пакрыўдаваў ён крыху сам сабе, але надта ў галаву не стаў браць. Проста зрабіў папраўку на асаблівасці новага калектыву. І таму, калі аднойчы наважыўся адзначыць прэмію, выдадзеную саветам дырэктараў за ўдалае прасоўванне тавараў фірмы на рынак, рашыў зрабіць гэта папрасцей.
Прывалок дамоў дзве скрыні “бомбаў” з вінным напіткам, жонка згамзіла вінегрэт, намяшала салаты з гароху і варанай кілбасы, паставілі на стол замест мінералкі каструлю з расолам, абкружылі ўсё гэта заваламі чорнага хлеба. Сына Жураўчык навучыў гаварыць замест “дзякуй” “дай яшчэ”.
Пачалі збірацца госці. Яны нервова паглядалі на  накрыты замест абруса газетамі стол, дзе ядавіта чырванеў у здаравенных бутэльках вінны напітак,  кіснуў у гліняных місках вінегрэт, плёхаўся ў каструлі расол... Але ніхто назад не пайшоў. Нездарма ж кажуць, што на халяву і воцат салодкі.
Калегі зноў пілі, закусвалі, пелі, танцавалі... А па кутках поўз шэпт:
– Во пакутнік, наш Жураўчык... Кажуць, яго дзве былыя жонкі адшукалі і ён зараз плаціць аліменты на чацвярых дзяцей...
– А вы бачылі, бачылі – у яго цешча ў ваннай спіць. Дошкі ж там для чаго паверх пакладзены?..
– Бедната, ой бедната... Сына цукеркай пачаставала, дык ён увесь вечар ходзіць услед: ”Дай яшчэ! Дай яшчэ!”
У дзве гадзіны ночы траіх гасцей забрала “хуткая дапамога”, бо іх кволыя арганізмы не вытрымалі тэрмаядзернай сумесі віннага напітку, вінегрэту і расолу. Астатнія з горам папалам разбрыліся самі.
Ну, а назаўтра, у каго яшчэ язык варушыўся пасля ўчарашняга, нагава-арыліся... Перамылі костачкі Жураўчыку. Зразумела, шыла ў мяшку не ўтаіш, стала вядома аб гэтых плётках і яму. На гэты раз ён раззлаваўся куды мацней, чым тады, калі частаваў каньяком і крабамі. Аднак жа чужы язык цвікам не прыб’еш.
Праз некалькі месяцаў надарыўся ў Жураўчыка юбілей – сорак пяць яму стукнула. Рашыў рэабілітавацца за мінулыя гулянкі. Запрасіў калег на юбілей, але, накрываючы “паляну”, выбраў залатую сярэдзіну. Паставіў звычайнай гарэлкі, ліманадзіку, крыху каўбаскі сыравэнджанай, усяго адну бляшанку стограмовую чырвонай ікры, па курынаму кумпячку на кожнага госця...
Прыйшлі, праўда, не ўсе, каго запрашаў. Не было і тых, каго з папярэдняй гулянкі “хуткая” забірала. Ну, нічога – вальней за сталом будзе. Каб не здарылася лішняга плявузгання, Жураўчык пасадзіў побач з сабой і жонку, і сына, і цешчу, увагу ім удзяліў. Падымалі тосты за юбіляра, за яго сям’ю, за рух па службе... Пілі, закусвалі, пелі, танцавалі...
Тым не менш не абышлося без шаптанняў:
– Ачуняў Жураўчык… Напэўна, аліменты ўсе выплаціў…
– Замяцярэў… Але ў кулаку цісне. Кілбасы на смех выкінуў… Падавіўся б ты ёй!
– Ікры бляшанка ўсяго. І тая, відаць, з таго часу засталася як мы яго прыход  у нашу фірму адзначалі.
– Не, браточкі, псуе дабрабыт чалавека…
Раз’ехаліся ўсе нармальна, па этыкету.
А назаўтра добразычліўцы праінфармавалі Жураўчыка, што калегі залічылі яго  ў вялікія скнары, і што Плюшкін у параўнанні з ім – мот і гуляка.
З тае пары Жураўчык нікога ў госці ні з якой нагоды не запрашае. І сам нікуды не ходзіць. 


Рецензии