Адным ударам
Каронны ўдар быў нанесены ў 9.15. Гістарычны момант засведчылі іншыя майстры тарнай справы і паведамілі па інстанцыях. Сакрэт ў тым, што Грынь быў пераведзены з участка стыльнай мэблі ў тарны цэх на перавыхаванне, бо часта з’ўляўся на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Напачатку пры збіванні скрынь Пачачуй затрачваў цвікоў у некалькі разоў больш, чым яго паплечнікі. Рукі калаціліся і ніяк не мог дакладна патрапіць малатком, а таму цвікі або лезлі ўрастапырку, або зусім гнуліся. Таму небывала трапны ўдар быў расцэнены як важная прыкмета перавыхавання Грыня.
З гэтай нагоды ў канцы змены сабралі сход – не кожны ж дзень п’янтосы перавыхоўваюцца.
– Калегі! – усхвалявана пачаў сход начальнік цэха Фядзякін. – Хачу сказаць, што снайперскі ўдар нашага таварыша па рабоце Пачачуя яшчэ раз пацвердзіў выхаваўчы патэнцыял калектыву...
Слова ўзяў прафгрупорг Крушняк:
– Сябры! Ці звярнулі вы ўвагу на плакат, які я павесіў над рабочым месцам Пачачуя? На плакаце напісана: “Свайму калектыву аддана служы – кожны цвічок у цаху беражы!” І цяпер бачыце як станоўча паўплывала на чалавека наглядная агітацыя...
Да размовы падключыўся старшыня камісіі па барацьбе з п’янствам на вытворчасці Салавейчык:
– А я лічу, што на выпраўленне Пачачуя паўплывалі новыя метады работы нашай камісіі. Мы аказалі падапечнаму поўны давер. Мы не хадзілі да яго дамоў, ні разу не сказалі яму “ану, братка, дыхні”, не праводзілі ніякіх прафілактычных гутарак, не мантулілі ў псіхолага, не агітавалі закадзіравацца... І вось вынік! Такога хуткага перавыхавання ў нашай краіне не было, бадай, з 1913 года...
З месц пачуліся воклічы:
– Захапілі трыбуну!..
– Няхай сам Пачачуй скажа, падзеліцца вопытам...
Грынь нерашуча падняўся.
– Э-э... Дарагія мае сабу... э-э... сябрукі. Да слёз крануты вашай увагай. Высока цаню выхаваўчую сілу калектыву. Я проста скурай адчуваў убойную сілу нагляднай агітацыі прафгрупорга Крушняка. А дзейнасць камісіі па барацьбе з п’янствам наогул лічу вяршыняй грамадскай мудрасці... Бывала, насмакчуся ў дупель, прапаўзаю міма паважанага Салавейчыка, а ён і вухам не вядзе. Вось гэта далікатнасць! Ці ж мог я падвесці пасля такіх адносін родны калектыў...
Калі сход закончыўся, адзін з сабутэльнікаў Грыня адвёў яго ўбок і запытаў:
– Слухай, Грынь, а як бы і мне... гэта... перавыхавацца... Разумееш, колькі ні гляджу на плакаты – адна нуда бярэ і яшчэ больш выпіць хочацца... Адкрый таямніцу.
Грынь ухмыльнуўся і павёў сябрука на сваё рабочае месца. Азірнуўся, ці не бачыць хто, і выцягнуў з інструментальнай скрынкі бутэльку, закаркаваную кукурузным пачаткам.
– Во! Цешчын пяршак. Як паправіўся сёння зранку, дык і рэкорд збацаў. І мне добра, і выхавацелям маім радасць – мерапрыемства правялі...
Свидетельство о публикации №114022507533