Рацпрапанова

Пісьмо жыхара г. Цэнтрапупенска Міхея Міхевіча Міхасёва ў рэдакцыю аўтарытэтнай газеты.
“Паважаная рэдакцыя!
Паколькі ваша газета з’яўляецца вельмі салідным сродкам масавай інфармацыі, да якога прыслухоўваюцца нават дзяржаўныя дзеячы, звяртаюся да вас па справе вялікай важнасці. Яна датычыць грошай. А што можа быць важней грошай? Толькі самыя вялікія грошы.
У любой дзяржаве якраз не хапае вялікіх грошай. І ў мяне ёсць рацпрапанова як зэканоміць , каб яны з’явіліся.   
Дык вось, спачатку аб тым, як мне прыйшла ў галаву гэтая геніяльная ідэя. Каб у вас, дарагая рэдакцыя, не склалася ўражанне, што я з кагорты вынаходнікаў вечнага рухавіка.
Неяк спатрэбілася мне адрамантаваць тэлефон. Падаў заяўку ад суседа, а рамонтнікаў усё няма і няма. Зноў званю ад суседа, але на гэты раз ужо не ў дыспетчарскую, а самаму начальніку. Начальнік маўчыць, не адказвае. Безадказны, значыць. Замест яго  мне ў трубку нечый голас: “Начальнік у водпуску. З вамі гаворыць аўтаадказчык. Калі ў вас скарга на валакіту з рамонтам тэлефона, звяртайцеся да майстра лінейнага ўчастка Адвёрткіна па такому-та службоваму нумару”.
Званю Адвёрткіну. На тым канцы дрота: “Майстар Адвёрткін у камандзіроўцы, з вамі гаворыць аўтаадказчык. Калі ў вас праблемы з тэлефонам, звяртайцеся да манцёра Кабялёвага па тэлефоне нумар такі-та”.
Званю манцёру. Чую ў трубцы: “Манцёр Кабялёвы”. “Вы хто, – пытаюся, – аўтаадказчык ці чалавек?” “Чалавек, а то яшчэ хто!” “Ну то прыходзьце рамантаваць мой тэлефон, аўтаадказчыкі начальніка і майстра да вас паслалі”.
І што вы думаеце, паважаная рэдакцыя, прыйшоў манцёр у той жа дзень.
А то спатрэбілася мне выпісаць драўляных абрэзкаў на мясцовым заводзе тарнай дашчэчкі. Хадзіў-хадзіў – не рашаюць пытанне. Аднойчы званю па тэлефоне дырэктару.   Адказвае не ён, а голас: “Дырэктар на павышэнні кваліфікацыі, з вамі гаворыць аўтаадказчык. Калі вам трэба адходы, звяртайцеся да брыгадзіра Фуганчыкава”. Я на машыну – і да Фуганчыкава. Кажу: аўтаадказчык дырэктара паслаў да вас наконт абрэзкаў... Ну той пярэчыць не стаў: “Калі сам аўтаадказчык – то без праблем...” І адгрузілі мне пяць кубаметраў абрэзкаў.
А вось яшчэ захацелася мне ўнука на адпачынак за мяжу ўладкаваць. Хоць бы ў Італію ці, на худы канец, у Канаду. Стараўся, стараўся – не бяруць унука. Тады званю самаму галоўнаму, каторы ў горадзе і раёне дзецьмі загадвае. Тэлефон адказвае:”Начальніка дзяцей часова няма ў сувязі з чарговай рэформай адукацыі. З вамі гаворыць аўтаадказчык. Звяртайцеся па вашых праблемах да часова выконваючага абавязкі Двухтомнікава”.
Зайшоў я да гэтага часовага, пра аўтаадказчык сказаў. І як чароўнай палачкай махнуў – праз два дні ўключылі майго ўнука ў спісы на замежную паездку.
І вось, неацэнная наша рэдакцыя, ударыла мне ў галаву рацыянальная думка. А што, калі ўсіх  такіх вось безадказных начальнікаў, дырэктараў і да таго падобных, з самага верху і данізу замяніць аўтаадказчыкамі? Не ведаю, што за штуковіна такая, Аўтаадказчык, але ж на ўласным вопыце пераканаўся –  вельмі карысная.
Гэта ж колькі начальнікаў розных у любой краіне трэба! Зарплату яму шалёную дай. Прэміяльныя дай. Камандзіровачныя дай. Асабняк дай. Дачу дай. Службовы аўтамабіль дай.  Пенсію высокую дай... І ўсё дай і дай. Добра, калі  яшчэ і ад яго штосьці дзяржаве ці працоўнаму калектыву перападзе. А то з іншага, як з казла – ні воўны, ні малака.
А той самы аўтаадказчык адзін раз купіў – і ён дваццаць гадоў бясплатна кіраваць будзе. Толькі праграму ў яго ўстаў, каб куды трэба пасылала. Галоўнае, каб не памылілася і не туды паслала, куды нас часам начальнікі пасылаюць. Але  хлопцаў у нас вушлых, хакераў гэтых самых, хапае. Запраграмуюць правільна.
Напрыклад, для старшыні сельгаскааператыва: ”Звярніцеся да агранома Ячменжытскага... Звярніцеся да брыгадзіра Паддавайленкі...” Усё роўна ж яны будуць рашаць, а не старшыня. Або для галоўнага ўрача бальніцы: “Звярніцеся да хірурга Недарэзкіна... Звярніцеся да тэрапеўта Нутранкіна...” Без галоўнага абыдзешся, а без іх – не.
Такім чынам, найшаноўнейшая рэдакцыя, прапаноўваю я прыняць закон аб замене безадказных начальнікаў  аўтаадказчыкамі. Па маіх самых грубых прыкідках,  дзяржава зберажэ на гэтым мільярды грашовых адзінак. Ды і народу спакайней,  не трэба парогі кабінетаў абіваць,  пазваніў – і аўтаадказчык усё рашыць.
Прашу, дарагая рэдакцыя, надрукаваць маё пісьмо да ўвагі грамадскасці і самых высокіх інстанцый, якія законы прымаюць.”


Рецензии