Малинавы звон

Адно даволі аўтарытэтнае выдавецтва выпусціла маю першую танюсенькую кніжачку вершаў пад шматзначнай назвай “Малінавы звон”. І вось гэтую брашурку мая жонка Галя беражліва загарнула ў празрыстую плёнку і паставіла на самае віднае месца на кніжнай паліцы. Калі да нас прыходзілі госці, жонка абавязкова дэманстравала ім мой зборнік з такім выглядам, быццам гэта быў аўтарскі экзэмпляр “Слова аб палку Ігаравым”.
Яно і зразумела, бо мая Галя такім чынам стала не проста жонкай, а супругай паэта. Гэта не бяда, што кніжачка танюсенькая. Прыйдзе час – і на паліцах кнігалюбаў па ўсёй краіне і ў перакладах – за мяжой  заззяе лідэрынавымі вокладкамі шматтомны збор твораў Міхася Мілагучнага. Гэта мне жонка такі псеўданім прыдумала.
Я назіраў за жончынымі забавамі іранічна. Чым бы дзіця не цешылася... Абы на футбол пускала.
Аднойчы жонка прапанавала мне не галіцца:
– Ты ж асоба творчая, талент. А талент павінен з натоўпу вылучацца...
Прыгледзеўся я – ажно і спраўды, жонка не так сабе гаварыла. Рэжысёры, мастакі, ды і з майстроў пяра многія з бародамі ходзяць.  Ды і, скажам, Леў Талстой ці Чэхаў – класікі, а з бародамі. Адпусціў і я кудзельку на твары. Невялічкую для пачатку, бо ў класікі пакуль не выбіўся.
Потым жонка прынесла аднекуль неверагодны світэр з шэрых вяровак, памераў на пяць больш, чым мне трэба. Улез я ў гэтую адзежыну – Галя ў далоні пляснула:
– Манументальна, Міша! Ты ў гэтым світэры на Канстанціна Сіманава, светлая яму памяць, падобны. Таксама сваю трылогію “Жывыя і мёртвыя” напішаш, але прэмію атрымаеш не Ленінскую, а Нобелеўскую...
Люльку я купіў сабе сам. Сіманаў, вядома, велічыня, але і Мілагучны не лыкам шыты. У мяне, можа, таксама эпапея з трох кніг задумана. У вершаванай форме. Як у Пушкіна – раман у вершах. І не пра якога-небудзь дзядзю самых сумленных правілаў, да таго ж і хворага, а пра сацыяльныя катаклізмы на мяжы стагоддзяў... А назва?.. Ну, скажам, “Нежывыя супраць жывых”. А што – каб не варочалі ў трунах і цароў, і белагвардзейскіх генералаў, і Леніна са Сталіным, і Молатава з Рыбентропам, дык і дзяржава сцалела б... Першыя радкі ўжо ёсць:  “Адзін дзяцюк, як бык здаровы, ламаў з трыбун хрыбты, як дровы. Ламаў налева і направа, пакуль не рухнула дзяржава...”
Затым Галя задумала купіць сабе дублёнку. Не хадзіць жа жонцы паэта у трывіальным паліто. Я, вядома, заўпарціўся – з фінансамі было туга. Бо за кніжачку я нават смешнага ганарара не атрымаў, а выдаў яе на грошы, пазычыныя ў цесця. У выдавецтве сказалі: “Зараз рыначная эканоміка, і літаратура павінна быць самаакупнай”.
 Калі я загаварыў аб грашах, дакладней, аб іх недахопе, жонка абурылася:
– Эх ты! Арганаўты  дзеля любімых па залатое руно вунь у якую далячынь плавалі... А руно што – тая ж самая дублёнка. Толькі грэкі яе рамантызавалі.
Бяда, калі жонка начытаная.
Вымушаны я быў зноў звярнуцца да цесця, камерцыйным здольнасцям якога маглі б і арганаўты пазайздросціць. Вельмі ўжо ўдала ён упісаўся ў капіталізм. Цесць не адмовіў – і хутка мая жонка ўжо  хадзіла ў багатай дублёнцы.
Калі Галя прапанавала прыдбаць ёй у дадатак да дублёнкі сёе-тое з упрыгожанняў, а мне дзеля ўзмацнення арыгінальнасці купіць сапраўдныя альпінісцкія чаравікі, я ўсур’ёз задумаўся: а ці хопіць маёй журналісцкай зарплаты, каб акупіць брыклівага Пегаса? Прыкінуў, што не хопіць. А таму адклаў задуму рамана-эпапеі ў вершах, кінуў работу ў газеце і падаўся ў фірму цесця. Не ведаю як наконт творчасці, а наконт зарплаты там куды надзейней.


Рецензии