ДЗЮ - ДЗЮ ДЗЮ

Дзён за пяць да Новага года ў кабінеце кіраўніка мясцовага аддзялення таварыства паляўнічых і рыбаловаў прагучаў тэлефонны званок. Галоўны паляўнічы раёна падняў трубку:
– Слухаю, Князькоў!
– Ало, Філімонавіч, гэта Шуфлянкоў цябе патурбаваў, будаўнічая калона...
– Пазнаю, пазнаю, Сямёнавіч... Гэта ж не аднаго дзіка з табой у навакольных лясах завалілі.
– Вось, вось... Я табе якраз наконт дзіка і званю. Тут, разумееш, такая справа... Мне наш абласны “бугор” толькі што пазваніў. Жучкоў, дырэктар холдынга, у які мы ўваходзім. Яму, ці бачыш, экзотыкі да навагодняга стала захацелася, дзічынкай пабалавацца... Адным словам, даручыў арганізаваць паляванне на дзіка. Як там у цябе наконт гэтага?
– Ліцэнзіі маем... Але   скажу табе так, Філімонавіч, што дрэнь справа... Ліцэнзію есць не будзеш... Сам ведаеш, якое лета засушлівае было, жалуды не ўрадзілі, бульбу на падкормачных палях пад мікраскоп шукалі, з карэннямі рознымі таксама туга... Словам, зніклі дзікі, жакан ім у пячонку, мігрыравалі...
– Ну, ты мяне, Філімонавіч, без нажа рэжаш! Калі паляванне не арганізую, Жучкоў ад усіх выгадных падрадаў наступным годам адсячэ.
– Та-ак... Не пазайздросціш табе... Слухай, а калі падставу змікіціць?
– Што ты маеш на ўвазе?
– Мы гады два назад такую аперацыю праварочвалі для адной буйной фігуры са сталіцы. Каб без рызыкі. Ты сам паляўнічы,  разумееш, што падранак іншы раз прэ, як танк, таго і глядзі, пакалечыць. А фігура вельмі важная была. Ну, мы кабанчыка на свінакомплексе выпрасілі і падпусцілі яго сталічнаму госцю. Ён увогуле лапух у паляўнічай справе, прайшло за мілую душу.
– Ды не, Філімонавіч! Жучкоў не такі лох, каб на падставу купіцца. Не першы раз на дзіка ходзіць, свойскага адразу пазнае.
– Табе падрады трэба? Тады не енчы! У мяне егер, Кузьміч, чыста як з яго кіно здымалі. Гэта самае, пра асблівасці нацыянальнага палявання. Ён такога твайму Жучкову нагаворыць, што той у іншапланецян паверыць, а не то што...
Пасля даволі доўгай паўзы Шуфлянкоў згадзіўся:
– Ладна, чорт з ім... Можа, і праскочыць... Горш будзе, калі я наогул ніякага палявання не арганізую.
Перад самым Новым годам Жучкоў, апрануты ў шэры камуфляж, у суправаджэнні Шуфлянкова з’явіўся ў паляўнічай канторы. Князькоў радасна прывітаў яго:
– Міласці просім, Мікалай Мікалаевіч! Удалага палявання вам! Мы ўжо лёжку некалькіх дзікоў нагледзелі, арганізуем загон... А вам бы толькі не прамазаць...
Жучкоў спагадліва паляпаў Князькова па плячы:
– Ды ўжо не прамажу, будзь спок.
– Вось наш егер, Кузьміч,  будзе вас суправаджаць  і падстрахоўваць, ці мала што... – Князькоў кіўнуў галавой у бок хударлявага мужыка ў шапцы-аблавушцы і ў старым армейскім бушлаце.
– Ну лады, лады... – задаволена прагаварыў Жучкоў.
Дыспазіцыя арганізатарамі палявання ўжо была распрацавана. Кабанчык са свінакомплекса завезены ва ўрочышча і чакаў свайго часу. Заставалася толькі разыграць спектакль з дапамогай надзейных знаёмых паляўнічых. Яны паехалі ўпярод на УАЗіку-фургончыку, а Жучкоў з егерам і Шуфлянковым – следам на джыпе.
Калі ў лесе размеркаваліся па нумарах, Кузьміч стаў побач з Жучковым і, пакуль дзесьці у глыбіне ўрочышча разгортваўся загон і ледзь чутна даносіўся брэх сабак,  егер пачаў пакрысе рыхтаваць глебу:
– Я вам так скажу, Мікалай Мікалаевіч, паляванне ў нас сёння не зусім звычайнае...
– Чым жа яно незвычайнае?
– Ды мы метысаў абклалі, мяшанцаў...
– Якіх мяшанцаў?
– Тут, значыць, гады два назад з мясцовага свінакомплекса збеглі ў лес некалькі свінак. Ды так іх і не знайшлі, і самі не вярнуліся... Потым паляўнічыя бачылі іх у дзікім статку...
– Ды ну!
– А то... Ну, потым і з’явіліся ў нашых лясах метысы, мяшанцы. Бацька, значыць, дзік, а маці – свінка беглая... Вось і сёння, хлопцы казалі, пару такіх запрыкмецілі. Шкура ў іх святлей, чым у чыстакроўных дзікоў, ну і тулавам адрозніваюцца...
Жучкоў  з выразам сумнення на твары слухаў егера, але абвінавачваць таго ў хлусні не стаў. Вельмі пераканаўча гаварыў Кузьміч... Ды і чаго толькі на паляванні не бывае.
Тым часам удалечыні шуму яўна прыбавілася, а брэх сабак чуўся зусім блізка.
– Пайшлі, пайшлі... – заўсміхаўся Кузьміч, – хутка яны, родныя, аб’явяцца, – і раптам загаласіў:
– Дзю-дзю-дзю!.. Дзю-дзю-дзю!..
Жучкоў схапіў егера за рукаў:
– Ты што, ашалеў?!
Кузьміч, не звяртаючы ўвагі на Жучкова, зноў прагаласіў:
– Дзю-дзю-дзю! – потым растлумачыў:
– Не турбуйцеся, Мікалай Мікалаевіч, гэта як пры паляванні на качак манок на качара. Нашы метысы з малаком свойскай маткі ўсмакталі гэты покліч... Так на комплексе рабочыя завуць свіней да кармушак...
Жучкоў разгублена глядзеў на егера, на лес перад сабой, тым не менш ружжо трымаў стваламі ўпярод.
А Кузьміч працягваў галасіць:
– Дзю-дзю-дзю!...
Не мог жа ён давесці да Жучкова, што інакш кабанчык з комплеса папрэцца куды папала, а не на іх нумар.
І тут у падлеску пачуўся трэск, на прагаліну выскачыў звяруга кілаграмаў на 150. “Не паскнарнічаў дырэктар свінакомплекса”, – паспеў падумаць Кузьміч. Побач бабахнула ружжо Жучкова. Кабан, быццам натыкнуўся на сцяну,  сунуўся ў неглыбокі снег.
– Вось так! – задаволена прамовіў Жучкоў. – Я прамахваюся рэдка, а то і ніколі...
Ва ўгары паляўнічай удачы Жучкоў быццам і забыў аб незвычайнасці трафея. Ды і, напэўна, расказ Кузьміча  пераканаў яго. Астатнія паляўнічыя рабілі выгляд,што захоплены здабытым зверам.
А Шуфлянкоў у баку ціснуў руку Князькову са словамі:
– Ну, дзякуй, Філімонавіч, выручыў... Думаю, без выгадных падрадаў не застанемся.


Рецензии