Иншапланецянин

Неяк у адной фірме саслужыўцы, сумуючы ў кабінеце,  разгаварыліся аб вартасцях асабістых легкавікоў. Машыны мелі ўсе, апроч бухгалтара Міхаіла Валынца. Таму ён моўчкі сядзеў у сваім кутку і нешта засяроджана лічыў на калькулятары.
Калега Сень спытаў:
– Гэй, Міхайла, а ты як ставішся да асабістага аўтамабіля?
– У якім сэнсе? – адарваўся ад справы Валынец.
– Ну, у сэнсе ўрэшце купіць...
– А навошта ён мне, аўтамабіль, – разважна сказаў Валынец, – Не хачу я ўласны легкавік мець.
У кабінеце запанавала мёртвая цішыня.
Сень здранцвела глядзеў на Валынца. Нешта накштал лёгкага параліча ахапіла і іншых мужчын.
– Г-гэта я-як жа? – ледзь выціснуў з сябе Сень. – Не хочаш ці не можаш?
– Не ха-чу, – удакладніў Валынец па складах, – не жа-да-ю, і ўсё.
Падскочыў з месца эканаміст Усцімчык:
– Што ты нам мазгі пудрыш?! Не хоча ён... Ды зараз жывой душы няма, якая б не хацела ўласнага легкавіка.
– А я не хачу, – спакойна паўтарыў Валынец.
– А калі б задарма? А калі б у латарэю выйграў? – напіраў Усцімчык.
Валынец не здаваўся:
– Прычым тут латарэя?.. А тэхагляд, страхоўка, запчасткі... Безін дарагі... Не, не трэба мне аўтамабіль. Мяне і грамадскі транспарт задавальняе.
Усцімчык нават з твару змяніўся:
– Грамадскі транспарт!.. Мужыкі, ды ён здекуецца над намі!
Рэвізор Сашка Крапак дакорліва паківаў галавой:
– Ну, ты ўрэзаў, Майкл! Колькі гадоў з табой працую, а не здагадваўся, што ты такі чалавек... Не хочаш, кажаш? – і раптам закрычаў:  – А яны хочуць! – абвёў рукой саслужыўцаў. – І там хочуць! – паказаў рукой за акно. – Ты што, увесь народ за дурняў лічыш?
   – Ды не, – адказаў Валынец, – толькі некаторых яго прадстаўнікоў.
   Крапака, які купіў нядаўна падрыпаны “Опель-Кадэт”, нібы варам аблілі:
   – Ты не намякай, Мішка, не намякай!
   Праз дзверы на шум зазірнуў  топ-менэджэр аддзела.
   – Чаго раскрычаліся?
   – Ды вось, – паказаў Крапак пальцам на Валынца, – Ён свядома не хоча мець уласны аўтамабіль. Ні за грошы, ні задарма... Адшчапенец нейкі...
   Топ-менэджэр паглядзеў на Валынца так, быццам убачыў жывога маманта.
   –  Значыць, не хоча?.. Гм, гм... – і пакінуў кабінет.
   Праз дзень Валынца выклікаў дырэктар фірмы, строга паглядзеў на падначаленага і запытаў:
   – Вам што, даражэнькі, улада не падабаецца?
   Валынец разгубіўся:
   – А ў чым справа?
   Дырэктар пагразіў пальцам:
   – Не прыкідвайцеся... Вы прынцыпова адмаўляецеся ад уласнага аўтамабіля. Я лічу гэта скрытай формай пратэсту супраць палітыкі ўлады на ўмацаванне дабрабыту народа.
   –Які пратэст?! – усклікнуў Валынец. – У нас дэмакратыя ці не? Магу я проста хацець ці не хацець? Без усялякіх падаплёк...
   – Дэмакратыя – гэта воля мас, – важка саказаў дырэктар і чамусьці паказаў пальцам уверх. – Масы прагнуць уласных легкавікоў. Масы выбіраюць уладу. А вы легкавіка не прагнеце, ад мас адрываецеся, значыць, уладу не падтрымліваеце...
   Валынец выйшаў ад дырэктара утрапёны. Такога павароту справы ён ніяк не чакаў. Але гэта было яшчэ не ўсё. Праз тры дні пасля размовы з дырэктарам Валынцу прыслалі позву ў міліцыю.
   Чалавек у цівільнай вопратцы пацікавіўся:
   – Дык, значыць, гэта вы не хочаце мець уласны аўтамабіль?
   – Я, – пацвердзіў Валынец, – вам жа, міліцыі, спакайней будзе. А то гэтыя ўгоны, крадзяжы, парушэнні правілаў дарожнага руху...
   – Вы пра нас  не турбуйцеся, – перабіў цывільны. – Калі ўсяго гэтага не будзе, дык і міліцыя не патрэбна. А мне куды потым падацца?..  Нам з практыкі работы вядома, што многія злачынцы і махляры баяцца выдаткоўваць адкрыта незаконныя грошы. Вось таму і не купляюць нічога дарагога...
   – Хто, я махляр?!  – абурыўся Валынец. – Ды якія ў вас падставы?..
   – Не хвалюйцеся, – супакоіў цывільны. – Навошта такія прамыя паралелі. Але, згадзіцеся, паводзіны вашы не таго... Неадэкватныя, як зараз кажуць... Усе навокал мрояць пра ўласны аўтамабіль, а вы такія заявы робіце.
   Праз тыдзень у кабінет, дзе сядзеў Валынец з калегамі, уламіўся барадаты дзяцюк і прама з парогу пачаў:
   – Я дацэнт Заліпухін, ад таварыства па вывучэнню анамальных з’яў. Кажуць, у вашай фірме незвычайная асобіна аб’явілася. Быццам бы чалавек, а ўласнага аўтамабіля, як усе, не хоча. Ёсць падазрэнне, што гэта іншапланецянін. Толькі прышэльца магла апанаваць такая дзікая думка...
   Эканаміст Усцімчык перапалохана і разам з тым радасна глянуў на Валынца, потым падхапіў барадатага пад локаць і напаўголаса загаварыў яму ў вуха:
   – Давайце выйдзем, пан дацэнт... Я ўвяду вас у курс справы... Падзелем славу адкрыцця папалам...
   Калі Усцімчык і дацэнт выйшлі, Сашка Крапак яхідна прагаварыў:
   – Ну, усё, Майкл, Мішка, Міхась, ці як цябе там, на тваёй планеце, завуць. Забяруць цябе ў якую-небудзь лабараторыю і раздробяць на атамы...
  Валынец, ушчэнт разгублены, памаўчаў крыху, затым, перасільваючы антыпатыю, звярнуўся да Крапака:
   – Слухай, Саня, ты дзе свой “Опель-Кадэт” купляў? Можа, і я там якую-небудзь тачку сабе нагледжу...


Рецензии