Вось такое кино
Такое мільганне Зміцера ў абдымку з відэакамерай заўважылі. І тыя ж даміношнікі параілі яму:
– Вось што, Зуёнак, кінь ты час марнаваць на гэтую бытаўшчыну, неарэалізм зараз не ў модзе... Чуеш, хутка ў начальніка твайго юбілей, дык ты пазавіхаўся б з апаратам сваім, а касетку потым шэфу ў падарунак...
Слушную параду Зміцер узяў на заметку.
І вось наступіў юбілей у начальніка. Зразумела – сход, кветкі ад прафсаюза, падарунак ад калектыва...
Зміцер тут жа з камерай мітусіцца.
Гледзячы на ўрачыстасць, захацелася і яму адлюстравацца. А то здымаеш-здымаеш, а ад уласнай асобы і следу ў гісторыі не застанецца. Адрэгуляваў Зуёнак параметры на камеры, выбраў месца пабліжэй да начальніка і папрасіў калегу Мішку Хвалалея на кнопку націснуць. Той згадзіўся. Якраз начальніку высокі госць Грамату ўручаў. Воплескі вакол, усмешкі... А Зміцер ад хвалявання, каб не запароў Хвалалей адказныя здымкі, нават у далоні папляскаць забыўся.
Адшумеў юбілей, пракруціў Зміцер касету дома для сям’і, і жонка адразу засекла ГЭТА.
– Ой, Міця! А ты чаму ж у далоні не пляскаеш?
Крутануў Зміцер касету яшчэ – і сапраўды: усе навокал аж цвітуць, а ён сядзіць, нібы кол праглынуў, можна падумаць, што нездаволены ўзнагароджваннем начальніка.
“Што рабіць? – замаркоціўся Зміцер. – Начальнік пра кіно гэтае пытаўся ўжо... Сцерці? Дык жа Грамата, адтуль, зверху, галоўная, можна сказаць, падзея на юбілеі... Аддаць касету ў такім выглядзе – начальнік пра мяне падумае дрэнна, не аддаць – зноў жа не пахваліць... Во ўліп!”
Падаўся Зміцер за парадай да Мішкі Хвалалея. Той выслухаў калегу і сказаў:
– Не пазайздросціш табе, Зуёнак... Якому гэта начальніку спадабаецца, што яго ўзнагародзе падначалены не рады...
Зміцер цяжка ўздыхнуў:
– Мне, разумееш, павышэнне па службе свяціла, а тут...
– Э-э, даражэнькі, тады справа зусім дрэнь, – паспачуваў Хвалалей. – У цябе ўрач знаёмы ёсць?
– Што значыць – знаёмы? – не зразумеў Зміцер.
– Ну, лісток непрацаздольнасці выпісаць па блату... Або, скажам, дастаць муміё.
– Што – маё?
– Ды не “маё”, а муміё... Лякарства такое, ад усіх хвароб дапамагае.
– А-а... Не, да такога знаёмства я не дапушчаны.
– Шкада. А то ўзяў бы даведку, што ў цябе ад хавалявання прыступы паралюшу здараюцца... Маўляў, і на юбілеі прыхапіла.
Перабралі Зміцер з Хвалалеем яшчэ некалькі варыянтаў “адмазкі”, але вартага ўвагі так і не знайшлі.
Прыкінуў Зміцер і так, і сяк, і ўсё-такі аднёс касету начальніку. Аддаў і стаў чакаць: дзень, другі... На трэці кліча сакратарка ў кабінет да шэфа.
“Усё, хана! – жахнуўся Зміцер. – Зараз прычэпіцца да чаго-небудзь і вымову ўлепіць... А там – другую-трэцюю і з работы каленам...”
Ідучы па калідоры, змучаны перажываннямі, Зміцер успомніў размову з Хвалалеем і – была не была! – рашыў прыкінуцца паралізаваным. Левую руку за спіну вывернуў, правую нагу прывалакваць стаў, галавой затрос...
Начальнік як убачыў такі стан Зуёнка – за тэлефон хапацца пачаў:
– Што з вамі?!
– Д-ды так, д-дробязь, – трасучыся прагаварыў Зміцер, – п-паралізавала крыху. У м-мяне ад х-хвалявання т-такое з-здараецца... В-вось нядаўна і н-на юбілеі в-вашым...
– Ай-яй-яй!.. – завойкаў начальнік. – Трэба ж так!... І касету вы неблагую знялі. Я тут ужо думаў прапанаваць вам адну адказную пасаду... Але з такім здароўем наўрад... Работа нервовая, ці мала што здарыцца. Не хачу быць вінаватым перад вашай сям’ёй...
Ад такіх слоў начальніка Зміцер закалаціўся яшчэ мацней, руку за спіной раптам звяла сутарга, нага ператварылася ў качаргу. Ён скасабочана пасунуўся з кабінета, а ў галаве пульсавала адна думка:” Ці дапамагае муміё ад паралюша?..”
Свидетельство о публикации №114022407714