Зорная хвароба

Сяргей Каленік любіў глядзець тэлевізар, лежачы на канапе. Поза далёка не арыгінальная, не раз абсмяяная ў розных там “Вожыках”, “Кракадзілах” і іншых дыскамфортных выданнях, аднак выпрабаваная часам і мільёнамі мужчын.
Тэлевізар стаяў перад акном, занавешаным гардзінай. І калі наступаў позні вечар, праз гардзіну на небе былі бачны асабліва буйныя зоркі. Але Каленік, захоплены тэлевізійнымі сюжэтамі, не вельмі звяртаў увагу на зоркі. Запаліліся, ну і ладна, ці ж першы раз...
Аднак з майскіх дзён на небе, бачная ў праёме акна, стала з’яўляцца надзвычай яркая адзінокая зорка. Яшчэ не паспяваў згаснуць вячэрні гарызонт, а яна павісала ў небе, нібы запалены некім удалечыні маяк. Нават, калі высыпалі іншыя зоркі, гэтая ўсё роўна заставалася самай прыкметнай, дражнячы вока Каленіка.
Ён па інерцыі захоўваў абыякавасць да нябеснага свяціла з паўмесяца. Потым, калі па тэлевізары ў каторы раз паказалі фільм пра местачковага настаўніка-астранома і выпадкова сышоўшую з цягніка актрысу, у Каленіка прачнулася дапытлівасць.
– Слухай, Клаўдзія, – звярнуўся Каленік да жонкі, якая праходзіла міма канапы, несучы на балкон сушыцца памытую бялізну, – ты не ведаеш часам як называецца вунь тая яркая зорка? У акне.
Клаўдзія паглядзела ў акно, потым на мужа са здзіўленнем:
– Якая табе зорка, лежань! Тут пасля работы яшчэ і па дому накруцішся, дык зоркі аж з вачэй сыплюцца... Астраном...
Каленік не стаў далей развіваць тэму, бо зразумеў, што трапіў пад гарачую руку. А калі жонка пакінула балкон, выйшаў туды. Расхінаючы вільготныя кашулі, майкі, трусы, прабраўся да балконных парэнчаў, абапёрся на іх рукамі і падняў твар угору.
Бацюхны мае! Колькі там было зорак... І дробных, і сярэдніх, і буйных... У сярэбраным россыпе арганізаванасцю і парадкам выдзяляліся малюнкі сузор’яў.
Гледзячы на неба, Каленік раптам зразумеў, што не ведае ніводнага сузор’я, акрамя чарпака Вялікай Мядведзіцы. Пра асобныя зоркі і гаварыць няма чаго... А вучыў жа калісьці ў школе астраномію.
Гэтае маленькае хатняе адкрыццё глыбока ўразіла Каленіка. Мільярды гадоў глядзяць з неба на Зямлю бліскучыя сімвалы вечнасці, а што ён ведае пра іх? Ці часта ён падымае твар угару, ідучы па вячэрняй ці начной вуліцы? Усё глядзіш пад ногі, каб не спатыкнуцца... Э-эх, будзённасць, цякучка заелі.
Назаўтра на рабоце Каленік спытаў у суседа па кабінету:
– Пятровіч, ты ведаеш, якія зоркі нам свецяць?
– Ты наконт эстрадных, Сяргей?
– Ды не, я наконт тых, што на небе.
Пятровіч рэзка павярнуўся, ледзь не зламаўшы крэсла:
– Што з табой, Сяргей?! Ты справаздачу хутчэй здавай, а то не паспееш, дык табе неба з аўчынку падасца... Начальнік у нас круты.
– Справаздачы, паперкі, – прабурчэў Каленік. – Мне, лічы паўмесяца, зорка ў акно свеціць, а я не ведаю яе назву.
Пятровіч сцепануў плячыма і зазначыў:
–   У нас, дзе я раней працаваў, таксама адзін у філасофію ўдарыўся. Дык яго хуценька з работы паперлі... Філосафа, браце, толькі тады паважаюць, калі ён Кант ці Гегель, а не Каленік нейкі...
Вечарам жонка Каленіка ўстрывожылася, калі не знайшла яго ў прывычнай позе на канапе. Яна агледзела ўсе пакоі і кладоўкі, збегала да суседзяў – няма і там. А помніла ж, што дамоў ён прыйшоў. Ды і вопратка мужа і абутак былі на прывычных месцах у прыходжай. Узрушаная Клаўдзія пайшла на балкон здымаць бялізну, і там сярод маек і трусоў выявіла мужа, які засяроджана разглядваў зорнае неба.
– Сярожа, ты не захварэў часам? – асцярожна запытала Клаўдзія, складваючы бялізну на сагнутую ў локці руку.
– Здаровы я, Клава, – заспакоіў жонку Каленік. – Толькі ведаеш, нешта ў ва мне перавярнулася... На зоркі глядзець хочацца. Праўда, з балкона мала бачна...
Клаўдзія схавала твар у бялізну і прашаптала сама сабе:
– Божачка мой, захварэў... Даляжаўся, даглядзеўся ў гэтую скрынку праклятую...
У суботу Каленік распытаў у суседавага сына-дзесяцікласніка, хто ў іх выкладае астраномію і дзе жыве настаўнік. Пад вечар папярэдзіў жонку, што ідзе да чалавека, які разбіраецца ў зорках, і скажа нарэшце як называецца тая, што зазірае ім у акно.
Калі муж зачыніў за сабой дзверы, Клаўдзія ўсхліпнула і стала званіць па тэлефоне  сваёй знаёмай, муж якой працаваў урачом-псіхіятрам. Папрасіла, каб той сёння завітаў да Каленіка  – нешта з ім няладна.
А Каленік тым часам зайшоў да настаўніка астраноміі. Той доўга не мог зразумець, чаго ад яго хоча  нечаканы госць. Калі ж сцяміў, то дастаў з пісьмовага стала карты зорнага неба і пачаў тлумачыць:
– Не, гэта не тое, – сказаў Каленік, – давайце выйдзем на вуліцу.
На вуліцы, дзе ліхтары даўно не гарэлі, а камунальнікі ўсё ніяк не маглі замяніць свяцільнікі, зоркі на небе былі добра бачны. Каленік падняў твар уверх, знайшоў позіркам нейкую яркую зорку, ён не быў упэўнены, што тую самую, паколькі не праз акно ж глядзеў, і спытаў:
– Ну вось гэта, напрыклад, – паказаў рукой, –  як называецца?
Настаўнік разгубіўся. Зорнай карты з сабой не было і ён замармытаў:
– Магчыма, Сірыус... Або Вега... Не выключана, што і Альдэбаран...
Каленік з жалем слухаў настаўніка. Потым спытаў:
– Вы што – і ў школе па карце вучаце?.. Альдэбаран...
– Па карце, а то як жа... Планетарыя ў нас у горадзе няма. А ноччу вучняў на ўрок не павядзеш... Яшчэ цалавацца пачнуць у цемры і ўсё такое...
Урач-псіхіятр прыехаў да Каленікаў, калі гаспадара яшчэ дома не было. Клаўдзія дрыготкім голасам паскардзілася ўрачу:
– Гадамі на канапе ляжаў, а тут раптам да зорак яго пацягнула. На балконе ўсе вечары прастойвае...
– Гм, гм... – урач задуменна пакратаў пальцам кончык свайго носа і сказаў незразумела: – Магчыма, сурдапсіхалагічны сіндром з сенсарнай недастатковасцю пры дэвіянтных паводзінах...
Ад такога сакрушальнага дыягназу ў Клаўдзіі аж слёзы накіпелі.
Тут якраз прыйшоў Каленік. Стрымана павітаўся з госцем. Клаўдзія хуценька растлумачыла:
– Гэта наш участковы ўрач, знаёміцца з пацыентамі.
– Праходзьце ў залу, – запрасіў Каленік, прапусціў урача ўпярод і паказаў яму на канапу: – Сядайце, калі ласка.
Урач прысеў на канапу, Каленік прымасціўся побач. І тут зоркі праз гардзіну кальнулі яму ў вочы.
– Во! – спахапіўся Каленік. – Прабачце, а вы не ведаеце як называецца адна яркая зорка, вунь там, за акном?
– Дзе, дзе? – перапытаў урач.
– Хадземце на балкон, я пакажу, – запрасіў Каленік.
 Яны выйшлі на балкон, вольны ў гэты вечар ад бялізны.
– Вунь, глядзіце! – шырока павёў Каленік рукой як быццам неба было яго ўласнасцю.
Урач падняў твар уверх і ахнуў:
– Ах ты, маці родная! Зорак, зорак колькі!.. А тут з-за работы і тэлевізара нічога не бачыш.
– Вось і я пра тое ж, – абрадаваўся Каленік, – падстрыглі мы крылы ў душы...
Клаўдзія чакала-чакала, пакуль муж і псіхіятр вернуцца з балкона, а іх усё няма. Падыйшла да няшчыльна прычыненых дзвярэй і пачула голас урача:
– Галактыкі...Квазары... Пульсары... “Чорныя дзіркі”...
Выцерла слязінку і прашаптала:
– А хвароба, відаць, заразная... Бач ты, і ўрач туды ж, куды і мой...


Рецензии