Книгалюб
– Гэта з якой жа такой нагоды Эдзік стаў заўзятым кнігалюбам? Нешта ў інстытуце за ім гэта не заўважалася... А тут, ці бачыш, на мастацкае слова яго пацягнула...
Яшчэ больш здзівіліся калегі, калі аднойчы паспрабавалі пацікавіцца назвай і зместам чарговай такой кніжкі, што віднелася з кішэні халата. Эдзік на пытанне крыху сумеўся, потым дастаў кніжку і прачытаў услых назву на вокладцы. На ўдакладненне: “Аб чым там?” – толькі махнуў рукой, маўляў, некалі літратурныя дыспуты распачынаць, трэба чарговага пацыента ўскрываць.
Для чаго Эдзіку кніжкі, так і заставалася таямніцай, але тым не менш і сярод работнікаў бальніцы, і сярод пацыентаў ён атрымаў мянушку “Кнігалюб”. Так і гаварылі: “Сёння Кнігалюб два апендыксы шматануў”. Або: “Вы да каго на стол?” “Да Кнігалюба. Кажуць, у яго рука лёгкая”. Прычым пацыенты, якія завітвалі ў хірургічнае аддзяленне на пасляаперацыйную кансультацыю, пасміхваліся, калі чулі такія размовы пра Кнігалюба. Відаць, ім было вядома нешта такое аб захапленні хірурга, чаго іншыя і не падазравалі.
Правінцыяльны паэт пенсіянер Янка Пяюн, сапраўднае прозвішча якога Міхась Вярзёлкін, трапіў у бальніцу з пупковай кілой, грыжай, значыць, калі па-медыцынску. Дачныя нядобразычліўцы, якіх пакусалі Міхасёвы пчолы, едка кпілі: “На вершах парваў пуп Вярзёлкін. Яны ж у яго такія цяжкія. Як па смале пісаныя”. Ведалі, што гаварылі, бо Янка Пяюн меў звычку чарговы свой зборнік, выдадзены прыватнай друкарняй за яго ж грошы, дарыць усім, хто трапляў пад руку. Людзі спачатку дзячылі, потым, пачытаўшы, што накрэмзаў паэт, нават слаба дасведчаныя ў жанры, адпіраліся: “Не, не трэба... Вы, Міхась Вавілавіч, лепш па бібліятэках раздайце...”
Яно і зразумела – ну, ці ж можна лічыць паэзіяй, напрыклад, такія радкі: “Я спадкаемец Коласа, Купалы, пішу не горш, чым класікі мае. Але за кніжкі сёння плацяць мала – нават на куфаль піва не стае”. Або так званы каляндарны верш да Дня жанчын 8 сакавіка: ”Васьмёрка-лічба, як фігура ў жанчыны – так і хочацца за талію абняць. Аднак пакажацца мне неба ў аўчыну, калі пачну яе па хаце я ганяць”.
Не пазайздросціш бібліятэкам.
Міхась Вярзёлкін, хоць і паэт, хоць і Янка Пяюн, але чалавек практычны. Гэта ў яго толькі інтэлектуальныя здольнасці схібіліся тым, што ён лічыць паэзіяй, а ў жыцці ў яго хватка гаспадарская. Свайго не ўпусціць. Вось і ў бальніцы пачаў высвятляць, да якога хірурга лепш трапіць, каб не адхапіў памылкова чаго лішняга. Параілі Кнігалюба, маўляў, спец трапны, як снайпер – у камара можа геніталі выразаць, не тое, што апендыкс у чалавека. А грыжа Кнігалюбу – раз плюнуць... Дакладней, раз скальпелем махнуць.
– А вы яму кніжку падорыце... З закладкай, – гаварылі, пасміхваючыся, пацыенты, якія ўжо пабывалі на хірургічным стале.
Вярзёлкін яшчэ да аперацыі, пакуль бралі розныя аналізы, намякнуў загадчыку хірургічнага аддзялення, што жадаў бы, каб аперыцыю рабіў Кнігалюб... “Ой, прабачце, хірург Рэзункоў!” Загадчыку жаданне пацыента – закон. Зараз жа за выкананне зваротаў грамадзян могуць галаву адкруціць. Строга з гэтым стала. Вунь надоечы бабулька адна папрасіла, каб падцяжку ёй зрабілі. Ну, знайшлі патрэбную гумку, змайстравалі падцяжку, каб спадніца не спадала. Бабулька ў хамут ударыла: “Я пра падцяжку скуры на твары прасіла, а не для падтрымкі спадніцы!” А хірургі ёй у адказ: “Ваша просьба была сфармулявана недакладна. А паводле закона аб зваротах грамадзян, мы ў такім разе ні за што не адказваем”.
Вярзёлкін у бальніцу прыхапіў ледзьве не дзесятак экзэмляраў свайго паэтычнага зборніка. Невялічкага па фармату, якраз у кішэню халата ці пінжака добра кладзецца. Наважыўся падарыць і хірургу, і загадчыку аддзялення, і галоўурачу, і санітарцы, што вутку падносіць, і суседзям па палаце. Для Кнігалюба падрыхтаваў прыгожую каляровую закладку, набытую ў кіёску “Саюздруку”. Словам, аперацыю сустракаў ва ўсеўзбраенні.
Аперацыя прайшла ўдала. Праўду казалі, што рука ў Кнігалюба лёгкая. Ужо на другі дзень Вярзёлкін пачаў пакрысе хадзіць, прытрымліваючы на ўсялякі выпадак зашыты жывот рукой. Хацеў было адразу падарыць вершы Кнігалюбу, але суседзі па палаце стрымалі:
– Вы спачатку над памерам закладкі падумайце... З роднымі, што да вас прыходзяць, парайцеся.
Вярзёлкін падзівіўся капрызнасці Кнігалюба – гэта ж трэба, нават памер закладкі для яго важны. Відаць, каб было акуратна, каб закладка між старонак не згубілася, але і з кніжкі не тырчэла. Вярзёлкін прымерыў купленую закладку да кніжкі раз-другі, крыху падрэзаў нажніцамі з канцоў – быццам бы культурна атрымалася.
Назаўтра, калі Кнігалюб рабіў абход, Вярзёлкін прапанаваў яму сваю кніжку:
– Вось, вазьміце, калі ласка. Сам пісаў, начамі мучыўся. Добрыя вершы...
Кнігалюб заўпіраўся:
– Ды навошта, я больш прыгоды люблю...
– Вазьміце, вазьміце, там жа мой аўтограф... Можа, праз дзесяткі гадоў гэта кніжка каштоўнай рэдкасцю будзе, усяго ж сто экземпляраў надрукавалі...
– Не, не, – аднекваўся Кнігалюб, – навошта ж мне такая каштоўнасць...
– Вазьміце, там жа і закладка добрая ёсць, – настойваў Вярзёлкін.
Кнігалюб, як пачуў слова “закладка”, адразу пацішэў, на хвілінку завагаўся і сказаў:
– Ладна, давайце вашу кніжку… На памяць, – і літаральна выхапіў яе з рукі Вярзёлкіна.
Той застаўся задаволены, што дагадзіў хірургу.
Толькі ж назаўтра Кнігалюб зайшоў у палату чорны, як хмара, кінуў зборнік вершаў Вярзёлкіну на пасцель са словамі:
– Гэта ж трэба такую лухту пісаць.. І ніякай закладкі я там не знайшоў...
Зірнуў мімаходзь на шво Вярзёлкіна – і пераключыўся на іншых пацыентаў, размаўляючы з імі куды больш лагодней, чым з паэтам.
Калі Кнігалюб выйшаў з палаты, Вярзёлкін услых няўцямна прамовіў:
– Як жа не было там закладкі? Я ж уласнаручна... Хіба выпала дзе незнарок?..
Сусед па палаце, якому выдалілі жоўцевы пухір, спытаў у Вярзёлкіна:
– Вы наогул калі апошні раз у бальніцы ляжалі?
– Калі, калі... Гадоў мо пятнаццаць назад.
– Значыць, адсталі ад жыцця... “Закладка” – гэта не закладка ў кніжку ў прамым сэнсе, а матэрыяльная падзяка ўрачу, хоць бы таму ж хірургу... Хабар, адным словам. Мы ж, калі раілі вам наконт закладкі, то думалі, што ўсё разумееце. Аказваецца – не... За хабар зараз можна і ў турму надоўга трапіць. Але за лёгкую руку плацяць – калі не дзяржава, то пацыенты. Вось Рэзункоў і намякнуў аднойчы, каб долары ці еўра ў кніжку ўкладвалі. Калі і пападзецца, то заўсёды можна адмовіцца, што пацыент проста забыўся валюту ў кніжцы... Хітра прыдумана... Ён гэтую методыку нават калегам не раскрывае. А пацыенты адзін аднаму перадаюць, як эстафету.
– Дык можа мне наноў падарыць яму кніжку з патрэбнай закладкай? – разгублена прамовіў Вярзёлкін.
– Не возьме... Падумае, што вы падстаўны з міліцыі, – сумніўна прагаварыў сусед па палаце. – Ён жа вунь як нетактоўна аб вашай творчасці сказануў, а вы тым не менш не пакрыўдзіліся і зноў яму кніжку сваю дорыце... Не, не возьме...
Вярзёлкін пакратаў пад піжамай шво на жываце і сумна падумаў: “Во заляцеў... Толькі б жывым адсюль выбрацца...”
Свидетельство о публикации №114022407685