Культурны пласт
“З жонкай пасварыўся, ці што? – мільганула ў Святланы думка. – Аб казённых справах ён так галаву не ламае...” Сакратар павіталася і нагадала начальніку:
– Ці вы не забыліся, Уладзімір Раманавіч, што сёння да нас праверка з санстанцыі прыязджае? Будуць рэйдаваць па ўсіх вёсках, глядзець, як мы са сметнікамі змагаемся...
– Забудзешся, як жа! – адняўшы рукі ад галавы і ляпнуўшы абедзвюма далонямі аб сталешніцу, выгукнуў Мікульскі. – Ох, і ўпякліся мне гэтыя санітары-эпідэміёлагі... Пакуль былі воспа, чума, халера, тыф, дык ім было чым заняцца... А ў апошнія часы на сметнікі нарынуліся... Дарэчы, як там у нас, Светка, статыстыка выглядае?
– Ды быццам бы нічога рызыкоўнага... Справаздачы я ўмею складаць. Патрэбныя працэнты паказала.
– Паказала, паказала... – перадражніў Мікульскі. – Ты ж ведаеш, з кім справу мець будзем? Гэта ж санітары! Яны нават мікробы разгледзець могуць, а не тое, што твае дутыя працэнты... Дагаворы з вяскоўцамі на ўтылізацыю смецця ёсць?
– Ёсць... Але ж яны ўсе ў “Жылкамунгасе”, у папачках і скрыначках. Хто туды паедзе іх пераглядаць, пералічваць і з колькасцю жыхароў звяраць... А копію не кожны гаспадар так адразу знойдзе, камісія чакаць не будзе... Адаб’емся, Уладзімір Раманавіч.
– Твае б словы ды Богу ў вушы, Светка... А лепш санітарам гэтым, – крыху супакоіўся старшыня Савета. Але раптам, нешта ўспомніўшы, зноў абхапіў галаву рукамі і прамовіў:
– На вуліцах у нас, здаецца,такі-сякі парадак ёсць... А калі па дварах пойдуць, га? Ды нам толькі адзін Аўдзей Варашкевіч усё абедню сапсуе. Яго ж, шэльму, ніяк нельга ўгаварыць заключыць дагавор на вываз бытавога смецця. Упёрся, як бык. Кажа: напрыдумвалі, бюракраты, я зроду за вываз смецця не плаціў і плаціць не буду. Сам з ім разбяруся, без вашай дапамогі... А ён жа, хапун такі, нібы Плюшкін – увесь двор ламаччам завалены, і нават за плот тое-сёе тырчыць... Улупяць нам, Светка, санітары штрафака, мала не пакажацца...
Сакратар на імгненне задумалася, потым радасна сказала:
– Ёсць адна ідэя, Уладзімір Раманавіч, каб камісію ахмурыць... Я натуру Варашкевіча, можна сказаць, назубок ведаю, ён жа, калі вы не забыліся, мой сусед. Яго хлебам не кармі – дай толькі насуперак усякім там начальнікам і ўпаўнаважаным выступіць. Вось на гэтым мы і спрацуем... Слухайце, што я прыдумала...
Прадстаўнікі раённага цэнтра санітарыі і эпідэміялогіі, які па старой звычцы ўсе называлі санстанцыяй, завіталі ў Лагавіцкі сельсавет у другой палове дня. Вядома, рэйд пачалі з цэнтральнай вёскі Лагавічы. Па прынцыпу: рыба псуецца з галавы. Маўляў, калі ўжо ў цэнтры сельсавета парадку не будзе, то што казаць пра ўскраінныя вёскі.
Пайшлі па вёсцы пешшу. І вядома ж, праз некалькі соцен метраў наблізіліся да падвор’я Аўдзея Варашкевіча. Увагу камісіі адразу прыцягнула нейкая кручаная ламачына, што высоўвалася праз плот на вуліцу.
– Гэта што такое? – строга спытаў памочнік санурача, які ўзначальваў рэйд, паказваючы рукой на ламачыну.
Мікульскі памкнуўся было нешта сказаць, але яго апярэдзіла сакратар Малякова:
– Ведаеце, тут жыве арыгінальны чалавек, Аўдзей Варашкевіч. Ён, як бы вам сказаць... Калекцыянер старых рэчаў і прадметаў сённяшняга побыту...
– Цікава, цікава... – прабурчэў памочнік санурача. – А давайце зазірнем у двор.
Калі прадстаўнікі з раёна зазірнулі, то аслупянелі ад убачанага. Усцяж плота высіліся кучы ношанага-пераношанага абутку, нейкага бляшанага посуду, частак невядомых машын, пластмасавыя ёмістасці розных памераў, драўлянае рэгалле загадкавага прызначэння, рыззё...
– Гэта што т-такое? – заікнуўшыся, паўтарыў пытанне і тыцнуў пальцам у краявід памочнік санурача.
Малякова хацела растлумачыць, але тут на ганак дома выйшаў сам гаспадар Аўдзей Варашкевіч. Ён быў у нейкай стракатай несусветнай камізэльцы паверх кашулі-касавароткі, у паласатых штанах, на нагах хромавыя боты “гармонікам”. І твар хітры-хітры.
– Ну што, паны начальнікі, – бліснуў Варашкевіч вачыма з-пад густых сіваватых броваў. – Зацікавіліся маім музеем?
– Я-я... Якім м-музеем? – няўцямна перапытаў памочнік санурача. – Гэта ж самы натуральны сметнік.
– Э-э... Малады чалавек з сучаснай адукацыяй, а такое гаворыце, – дакорліва паківаў галавой Варашкевіч. – Сметнік... Гэта ж культурны пласт! Вы што, у школе не вучыліся? Навукоўцы-археолагі па чым мінулае вывучаюць? Па культурным пласце, які застаўся ад мінулых пакаленняў. А што пасля нас застанецца, калі мы ўсё з месц жыхарства вывезем і перапрацуем? Нічога... Быццам тут пустэльня была... А я ж тут жыў, мы ўсе тут жылі. Саджалі бульбу, білі кабаноў на сала, гналі самагонку...
Я сам у раённым і абласным музеях бачыў, што там гліняныя чарапкі, крамянёвы друз і які-небудзь крывы куфаль лічацца каштоўнымі экспанатамі. На кожным – нумарочак... За іх крадзёж нават у турму могуць пасадзіць... А вы ўяўляеце, колькі ўсё гэта, што ў мяне ў двары, будзе каштаваць праз тысячу, праз дзве тысячы гадоў?! Навукоўцы, што раскапаюць мой двор, кандыдацкія і доктарскія дысертацыі абароняць... А “чорныя капальнікі” будучыні азалаціцца могуць на маіх... Як іх... Ага, во – артэфактах.
Апошняе вучонае слова нібы даўбнёй ударыла па галаве памочніка санурача. Ён моўчкі павярнуўся і выйшаў за веснічкі на вуліцу. Там зірнуў на іншых членаў камісіі, на старшыню сельскага Савета і разгублена прамовіў:
– Я не такі ўжо малады, як сказаў вось гэты, – хітнуў галавой у бок двара, – гэты артэфакт... Давялося пабачыць і пачуць шмат дэмагогаў. У гады гарбачоўскай перабудовы майстры падманнага слова стадыёны збіралі... Але такога краснабая, як гэты дзед, яшчэ не сустракаў... Нават рука не падымаецца, каб складаць пратакол за антысанітарыю і на яго, і на галаву мясцовай улады...
А ў двары сакратар Савета Малякова тым часам угаворвала Варашкевіча:
– Дык можа, падпішаце дагавор на ўтылізацыю смецця, Аўдзей Гаўрылавіч?
– Якая ўтылізацыя, суседка? – ці то з падробленым, ці то з сапраўдным здзіўленнем перапытаў Варашкевіч. – Гісторыю нельга здаваць ва ўтыль... Я буду нарошчваць мой культурны пласт...
– Во падала ідэю на сваю галаву, – прамовіла Малякова і скіравалася ўслед за камісіяй, што працягвала свой паход па вёсцы ў пошуках новых “культурных пластоў”.
Свидетельство о публикации №114022407672