Вясельны кажух
Кажуць, сібірскія паляўнічыя-прафесіяналы, якія жывуць з гэтай справы, налаўчыліся, стоячы знешне быццам нерухома, пачаргова напружваць мышцы, ды так, што ажно ў пот сябе ўганяюць. Мікіта Салівончык чуў пра гэта, толькі калі паспрабаваў сам – нічога не атрымалася. Трэніроўка з юнацтва трэба, а калі пераваліла на шосты дзесятак, то цела ў многіх месцах перастае слухацца. Таму марыў Салівончык раздабыць сабе добры аўчынны кажух. У некаторых яго калег-паляўнічых была такая вопратка. І яны на зімовым паляванні адчувалі сябе куды больш камфортна, чым тыя, хто прыходзіў або прыязджаў у марозны лес у куртках на ваце або сінтыпоне.
Кажухі былі дэфіцытам. Ды ў той час, які называўся “перабудовай”, усё было дэфіцытам. І хоць Салівончык уваходзіў у групу паляўнічых, якая складалася з мясцовага бамонда, так бы мовіць, вяршкоў правінцыяльнай грамады, бо і сам узначальваў даволі сур’ёзную раённую службу, “дастаць” кажух ніяк не атрымлівалася.
Аднак так здарылася, што ў пару напружаных пошукаў Салівончыкам вартай адзежыны з аўчыны, “галоўка” Савецкага Саюза падпісала з верагодным праціўнікам дамовы аб скарачэнні ўзбраенняў. Між тым у райцэнтры, дзе жыў Салівончык, яшчэ з часоў Грамадзянскай вайны 1918 года размяшчалася вайсковая часць. Хто толькі ні месціўся ў казармах за доўгія гады: і кавалерыя, і артылерыя, і пяхота, і нават маскіровачны батальён. А на момант “перабудовы” тэрыторыю займалі танкісты.
Верагоднаму праціўніку вельмі не падабалася, што ў Саюзе шмат танкаў, і ў дамову аб скарачэнні ўзбраенняў уключылі пункт аб знішчэнні некалькіх соцен, а мо і тысяч, бранявых машын Савецкай Арміі. Пад пункт трапіла і гэтая вайсковая часць. Ламаць – не будаваць. Танкі пачалі адпраўляць па чыгунцы да месца ліквідацыі. Ну, а калі ліквідацыя, то чаму б не пажывіцца на дармаўшчыну. З часці цягнулі хто што мог. Брызенты, якімі ўкрывалася тэхніка, палаткі, касцюмы хімаховы, інструмент, перасоўныя электрагенератары, злівалі антыфрыз з танкаў, адвінчвалі оптыку... Ды што там казаць – нават умудраліся нейкім неверагодным чынам пераафармляць у прыватную ўласнасць грузавікі і пад’ёмныя краны.
Вось тады і прапанаваў адзін прапаршчык Салівончыку кажух.
– Добры кажух, – пераконваў прапаршчык, – вартавыя ў ім у трыццаціградусны мароз як на печы... Вайсковая часць ліквідуецца, вось кажух і спісалі... Не сумнявайцеся, не крадзены – гэта мне камандзір аддаў у якасці маральнай кампенсацыі, бо з арміі мяне звальняюць... Прапаршчыкаў распладзілася – няма куды дзяваць...
Салівончык агледзеў кажух – ніштаватая рэч. Гузікі адметныя –металічныя латунныя кругляшы, на якіх адчаканены пукаты абрыс танка. Аўчына добрай выдзелкі, зручны каўнер, які ўкрывае шыю і патыліцу, крысо – ніжэй кален. З такім на зімовым паляванні будзеш як у Хрыста за пазухай.
Прапаршчык не надта шмат прасіў за кажух, усяго 50 амерыканскіх рублёў, долараў, значыць. Савецкія рублі ці беларускія “зайчыкі”, што толькі былі пушчаны ў абарот, прадавец браць не жадаў. Тым больш, што валюта ўжо свабодна хадзіла ў народзе, і савецкія рублі можна было абмяняць на долары ці нямецкія маркі ў любым банку. А банкаў тых развялося – як блох на бадзячым сабаку.
На чарговае зімовае паляванне на дзіка Салівончык з’явіўся ў прыдбаным кажуху. Іншыя паляўнічыя хвалілі адзежыну, зайздросна прыцмоквалі, нават у каго кажухі былі і да гэтага. Але прымітыўныя, саматужнай выдзелкі і пашыву, яны ні ў якое параўнанне не ішлі з баявым кажухом Салівончыка.
Мароз быў градусаў 15, але Салівончык спакойна падаўся на “нумар”. Цяпер ён можа хоць гадзіну чакаць на мушку дзіка, бо акрамя кажуха яшчэ і ногі былі ўцеплены валёнкамі. Салівончык стаяў нерухома паміж елак , толькі пар з роту выдаваў яго прысутнасць. Каб схаваць і гэтую адзнаку чалавека, Салівочык стаў дыхаць у падняты каўнер. Але вачэй з напрамку, на якім мог з’явіцца дзік, не адводзіў.
І вось уперадзе затрашчала сухое апалае сучча, пасыпаўся снег з дробнага ельніку – і на прагаліну прама перад Салівончыкам вымахнуў здаравенны сякач. Салівончык заспяшаўся падняць ствалы дубальтоўкі на дырэктрысу выстрала, але кажух замарудзіў рух і прыцэльванне. І гэтых двух-трох секунд хапіла для таго, каб дзік, працягваючы свой бег, ірвануў ікламі кажух Салівончык недзе каля калена левай нагі і збіў паляўнічага з ног.
Салівончык у думках пачаў ужо развітвацца з жыццём, калі прама над яго галавой здвоена грымнулі стрэлы, дзік рухнуў у снег, задрыгаў заднімі нагамі і заціх. Пад пярэднімі лапаткамі звера на снезе пачала расплывацца чырвоная пляма. Кантужаны страхам і стрэламі каля самых вушэй, Салівончык сядзеў у снезе, тупа разглядаў распаласаванае крысо кажуха, парваную штаніну, праз якую бачылася крывавая драпіна на назе, але чамусьці глухім жаласным голасам бедаваў не аб раненні:
– Такі добры быў кажух... Такі добры быў кажух...
Намеснік старшыні райвыканкама Якаў Валодзькін, які садануў двума жаканамі ў дзіка і ўратаваў Салівончыка, тлумачыў іншым паляўнічым, што падбеглі на стрэлы:
– Закапаўся Мікіта ў кажусе, вось і не паспеў стрэльнуць... Добра, што я паблізу на “нумары” стаяў... Салівончык зараз у шоку, толькі пра кажух і думае... Давайце, хлопцы, хутчэй яго ў бальніцу... Драпіна ад ікла дробязная, але каб мікробы якія не трапілі...
Пакуль везлі пацярпеўшага, накрыўшы кажухом, на УАЗіку ў бальніцу, Салівончык увесь час паўтараў:
– Дзе мой кажух?.. Я за яго 50 долараў аддаў... Дзе мой кажух?..
Шафёр машыны круціў галавой і здзіўляўся:
– Во заклініла мужыка...
У стацыянары Салівончыка пратрымалі тры дні – і выпісалі. Сказалі толькі, каб на перавязкі ў паліклініку прыходзіў.
Расшматаны кажух страціў таварны выгляд. Не будзеш жа з лапікамі хадзіць – засмяюць. Паляўнічыя за словам у кішэню не лезуць. Але ж і шкада рэч – можа б дзе ёй прымяненне знайсці?.. І тут Салівончык прачытаў у газеце аб’яву, што мясцовы краязнаўчы музей для правядзення народнага вясельнага абраду шукае кажух. Гатовы нават заплаціць. “Во! – абрадаваўся Салівончык. – Вось туды я кажух і ўладкую... Усё ж не дарэмна яму па кутках валяцца”. Так і зрабіў. Праўда, музей бедны, заплаціў нямнога, і беларускімі рублямі. Але лепш сініца ў кішэні, чым журавель у небе.
Праз нейкі час надарылася Салівончыку гуляць на вяселлі з боку жаніха. А за хлопца выдаваў сваю малодшую дачку капітан запасу Кірылаў, які раней камандаваў танкавай ротай у былой мясцовай вайсковай часці. Да гэтага жыццёвыя шляхі Салівончыка і Кірылава ніяк не перасякаліся. Бо вайсковец паляваннем не захапляўся, а на розныя раённыя ўрачыстасці звычайна запрашалі ці камандзіра часці, ці яго намесніка па палітычнай рабоце. Адным з эпізодаў вяселля быў і абрад у музеі. Салівончык задаволена думаў: “Якраз падзіўлюся як мой кажух людзям служыць”.
У фальклорнай зале музея жаніх і нявеста павінны былі пасядзець на куфры, пакрытым кажухом. Па народнай прыкмеце тады сям’я будзе багатай. І вось, калі жаніх і нявеста месцілася на кажусе, то зачапілі яго крысо з гузікамі. Крысо задралася – і начышчаныя музейнымі работнікамі гузікі з адбіткам танка заблішчэлі пад святлом успышак фотакамер. І тут раптам раздаўся гучны крык бацькі нявесты, капітана запасу Кірылава:
– Гэта ж мой кажух! Такіх гузікаў ва ўсёй арміі не было! Іх мне па спецзаказу зрабілі... Ён жа прапаў, калі нашу часць разганялі!
Удзельнікі вясельнай цырымоніі не ведалі як сябе паводзіць. Разгубілася і дырэктар музея, якая вяла абрад. А ў Салівончыка маланкай мільганула думка: “Ну, гад, прапаршчык! Гэта ж ён у капітана пад шумок ліквідацыі кажух спёр...”
А капітан Кірылаў, расштурхаўшы гасцей, кінуўся да кажуха і загадаў жаніху і нявесце:
– А ну злазьце!
Тыя, ушчэнт разгубленыя выхадкай цесця-бацькі, падняліся з куфра.
Кірылаў між тым пачаў ліхаманкава шураваць пальцамі ў воўне кажуха. Нешта там знайшоў, за нешта шмаргануў – і чароўным чынам выцягнуў з воўны плоскі папяровы пакецік, разгарнуў яго і дастаў адтуль... долары.
– Вось яны, радзімыя! – не зважаючы ні на каго гукаў Кірылаў. – Вось яны, тысяча долараў! Вось загашнік, які я капіў на чорны дзень, і потым баяўся прызнацца ў сям’і, што валюта прапала разам з кажухом... – і павярнуўшыся да зяця і дачкі сказаў: – Вось гэта вам, дзеткі, мой вясельны падарунак! – і савануў долары ў кішэню зяцевага пінжака.
Салівончык стаяў за спінамі гасцей зніякавелы і ўтрапёны – гэта ж такі кавалак грошай праляцеў міма яго! Ну хто ж мог ведаць, што дзесьці сярод воўны кажуха хаваецца патаемная кішэнька, відаць, зашпіленая тоненькім замочкам-маланкай. А праз грубую шкуру і пасмы воўны сціплы пачак не намацваўся. Эх, не ў тым месцы скубануў тады дзік кажух...
Як потым высветлілася, прапаршчык сцягнуў кажух у капітана Кірылава, калі той лазіў па танках, правяраючы іх камплектацыю перад адгрузкай. Кажух замінаў спускацца ў люк танкавай вежы, і капітан распрануў яго. А калі вылез з вежы, кажух як карова языком злізала.
Прапаршчыка-злодзея зараз шукаць было дарэмна, бо ён з’ехаў з гарадка ў невядомым напрамку. Ды і навошта – долары знайшліся ж. А кажух... Па-першае, ён лаплены, па-другое, няхай і далей служыць вясельнаму абраду – можа, сапраўды мае рацыю народ, і, пасядзеўшы на куфры, пакрытым кажухом, маладыя разбагацеюць. Як дачка і зяць капітана Кірылава.
Свидетельство о публикации №114022407661