Юбилейны сверб

Загадчык сельскага клуба Юрась Вясёлкін каторы дзень гібеў над гадавым планам культурна-масавых мерапрыемстваў у сваёй установе. Увогуле яму больш падабалася працаваць спантанна, па моманту жыцця – ці ж усё наперад прадбачыш. Але начальнікі культуры патрабавалі план. У іх, ці бачыш, справаздачнасць: вынь ды пакладзі, колькі каго акультурыў.
А на думку загадчыка клуба, трэба перш за ўсё ўлічваць запыты людзей. Неабходна ім, каб клуб адчынілі – адчыніць. Калі ж ніхто ў яго не ідзе, то навошта замок на дзвярах ламаць, які за некалькі месяцаў заіржавеў – ключ не паварочваецца.
Аднак, як бы там ні было, начальнікі налічвалі Юрасю зарплату, значыць, хочаш-не хочаш, а прыслухоўвацца да іх трэба.
І вось, пачытваючы газеты, паглядваючы тэлевізар, прыкмеціў Юрась, што нешта сталі многа пісаць і паказваць пра розныя юбілеі. То дзесьці, камусьці 50 стукнула, то 25, то 10, не саромяцца нават і 5 год адзначыць. І што самае смешнае – нават і ў 1 год гульбішчы наладжваюць. Словам, юбілеі блукаюць па экрану і газетных старонках, як гракі па ворыву. А дзе юбілей – там і віншаванні, і падарункі, і грошы, і ўзнагароды... І “Ад душы...”, і “Для вас...”, і “За вас...” Расслабляюцца грамадзяне.
Сцяміў Юрась, што гэта залатое дно для культмасавіка. Чаго-чаго, а юбілеяў можна напрыдумваць, колькі заўгодна. Скажам, 40 год з дня закладкі клуба, 20 год з дня ўтварэння пры ім фальклорнага ансамбля “Гоп, кума, не журыся!”, 15 год з дня наведання клуба сталічнымі артыстамі, 30 год з часу перанаймення танцаў у дыскатэку... І гэтак далей, і таму падобнае.
Пакуль не згасла ідэя, Юрась схапіў ручку і пачаў пісаць план. Потым схамянуўся: “ Навошта на пуп браць... Аб’яўлю конкурс сярод вяскоўцаў на лепшы юбілей. Хто пераможа – таму прыз: 6 кубоў дроў бясплатна ад сельскага Савета, парася – ад сельгаскааператыва, свістулька – ад клуба... Дамовімся.”
Прыдумана – зроблена. Намаляваў Юрась аб’явы аб конкурсе, развешаў па вёсцы і стаў чакаць прапаноў.
Першым прыйшоў трактарыст Лявон Карунны.
– Вось што, Юрась, – пачаў ён, – праз некалькі тыдняў будзе 6 месяцаў як наш механік закадзіраваўся ад алкаголю. Зараз спіртнога нават на нюх не бярэ. Трэба падтрымаць чалавека маральна. Збацаем юбілейчык, няхай яму самадзейныя артысты песні папяюць, скрыню “кока-колы” падаруем...
– “Кока-кола” для шасці месяцаў дорага, – запярэчыў Юрась, – паднясем мінералку.
– Ладна, – згадзіўся трактарыст, – усё ж лепей, чым нічога.
Наступнымі прыйшлі работнікі канторы сельгаскааператыва. Перабіваючы адзін аднаго загаманілі:
– У галоўнага бухгалтара нашага, у Міхайлы Фёдаравіча, хутка 30 год споўніцца як зубы мудрасці прарэзаліся. Чаму б юбілей не справіць?
– Можна, – згадзіўся загадчык клуба, – толькі як там у яго сальда-бульда рознае, прыход з расходам...
– Ды нічога, канцы з канцамі зводзіць.
– Ну калі канцы з канцамі супадаюць, то яшчэ не канцы, – бадзёра зазначыў  Юрась. – Запісваю вашу прапанову.
Прыдыбала 90-гадовая бабка Кудзеліха. Часта міргаючы павекамі, вохкаючы, яна прашамкала:
– Охо-хо... Штой-та ты прыдумаў, дзетка?.. Во ніяк не вымаўлю... Ко... ко... ко...
– Конкурс, – падказаў Юрась.
– Ага... Я ж і кажу... 10 год прайшло як мне абяцалі дах на хаце перакрыць... Охо-хо, адзінокая я, дапамагчы некаму... Дык, каб юбілей аб’явіць, можа б дах і перакрылі?.. Охо-хо... У нас жа як юбілей, то абавязкова штосьці крыюць...
– Згода, бабка, запісваю цябе, – паабяцаў Юрась. – Толькі ў нас больш матам крыюць, чым шыферам.
Завітаў да загадчыка клуба і шафёр Сцяпан Гайчук.Паклаўшы на стол загрубелыя рукі далонямі ўверх, ён загаварыў:
– Во бачыш, Юрась, раней свярбела, а цяпер ужо 10 гадоў як не свярбіць... Юбілей, значыць.
– Што свярбела? – удакладніў загадчык клуба.
– У далонях свярбела. Бывала, перад палучкай дні за тры свярбець пачынала. А зараз – не. 10 год ужо.
– Гэта чаму ж?
– Па-перашае, палучка стала – курам на смех. Па-другое, выдаюць нерэгулярна. Вось, пэўна, сверб і збіўся з рытму. Дай, думаю, схаджу да Юрася, юбілей зладзім. Можа сверб і з’явіцца, а за ім і грошы...
Юрась засумняваўся:
– Нешта я не бачу заканамернасці: ці сверб ад грошай залежыць, ці грошы ад свербу?..
– Гэта няважна, – сказаў шафёр, – ты юбілей арганізуй, а там пабачым...
Потым народ пайшоў у клуб валам. Складвалася ўражанне, што юбілейнай гарачкай заразіліся ўсе пагалоўна. Урачыстыя даты так і пёрлі з людзей. Прапаноўвалі адзначыць стагоддзе вясковага вадзянога млына, ад якога адны пянькі засталіся; пяцідзесяцігоддзе з’яўлення ў вёсцы электрычнасці; трохсотгоддзе Тоўстага дуба, што рос за ваколіцай; пяцігоддзе племяннога быка Піначэта; трыццацігоддзе секты штундыстаў; саракагоддзе як дзед Аўхім злавіў у возеры самага вялікага шчупака; адзін год як курыца цёткі Саклеты знесла яйка з трыма жаўткамі; дзесяцігоддзе як рак на гары свіснуў... І яшчэ, і яшчэ... Вынаходлівасці мясцовага люду можна было пазайздросціць.
Карацей кажучы, праз два тыдні Юрась Вясёлкін меў кіпу прапаноў наконт юбілеяў і смела сеў за працяг гадавога плана культурна-масавых мерапрыемстваў.


Рецензии