Кульгавы груган
Чаропка прынёс траўміраванага гругана дадому. Прыладзіў да лапкі шыну з дзвюх палачак і стаў даглядаць. Потым, як птушка паздаравее, меркаваў адпусціць яе ў лес.
Жонка лесніка бурчэла:
– Ну дзіця, чыстае дзіця!.. Начорта табе гэтая птушка?
Муж пярэчыў:
– Не скажы, Галя, не скажы... Груган птушка разумная, нават гаварыць можа навучыцца. І трыста гадоў жыве.
Жонка гнула сваё:
– Ды за трыста гадоў можна і табурэтку навучыць... Толькі ж сумняваюся , каб ты, мой даражэнькі, столькі пражыў...
– А я магу і не за трыста гадоў, – запэўніў Чаропка.
І, каб даказаць жонцы, рашыў гругана на волю не пускаць, а зрабіў яму прасторную клетку і пасяліў там птушку. Неўзабаве нага ў гругана зажыла і ён толькі крыху накульгваў на яе. Паступова асвоіў жыхар клеткі як вымаўляць імя гаспадара. Але не паспеў толкам навучыцца крычаць: “Андрэй Чаропка!”, як у сувязі з узбуйненнем леснікоўскіх абходаў рабочае месца Чаропкі зліквідавалася і ён застаўся без справы і без зарплаты.
Ляснік, цяпер ужо былы, злосна лаяўся:
– Рэфарматары, так вашу расператак!.. Я пра беспрацоўе раней толькі ў газетах чытаў... Рэформы дзеля праформы...
Аднак жыццё прадаўжалася. І Чаропка пачаў думаць, куды б гэта падацца, каб зноў не трапіць пад скарачэнне. Аднойчы па тэлевізары ўбачыў вучонага папугая, які на заказ выдаваў цэлыя фразы. Гаспадары папугая расказвалі, што выступаюць з ім у дзіцячых садках, школах, у клубах, на вуліцах і маюць сякія-такія грошы.
І тут былы ляснік успомніў пра гругана. Ён ужо даволі выразна вымаўляў “Андрэй Чаропка!”, “Давай харчы!”. Але з такім рэпертуарам у масах нечага было рабіць. Трэба было падвучыць птушку больш актуальным выказванням. А паколькі Чаропка, ды і многія навокал, былі перакананы, што ва ўсіх няшчасцях вінаваты дэмакраты-рэфарматары, то ў гэтым напрамку і пайшла вучоба. І трэба сказаць, птушка аказалася таленавітай – да вясны ўжо даволі выразна каркала ў клетцы: “Дэмакраты-бюракраты! “, “Абдурылі народ!”, “Рэформы - праформы!”, і атрымлівала за гэта мясца.
Тут якраз і выбары падаспелі. Адзін дробны начальнік, які вельмі хацеў прабіцца ў высокія сферы, заехаў з прапагандай у вёску, дзе жыў Андрэй Чаропка. Да былога лесніка таксама зазірнуў. Разгаварыліся пра жыццё-быццё, а тут груган як гаркне ў клетцы: “Дэмакраты-бюракраты! Абдурылі народ!” Госць аж спалохаўся. Чаропка яго супакоіў і растлумачыў сітуацыю.
– Дык гэта ж знаходка! – усклікнуў кандыдат у сферы. – Давайце ездзіць са мной, вы і груган. Няхай птушка крычыць сваё...
Чаропка спачатку падумаў, што госць жартуе. А той настойваў:
– Давайце, давайце! Я заплачу... Што ў вас – грошы лішнія?
Супраць такога важкага аргумента новаспечаны дрэсіроўшчык не ўстаяў.
І пачаў Чаропка са сваім груганом і кандыдатам у сферы вандраваць па выбарчай акрузе. Кандыдат пускаў прапаганду, груган каркаў: “Дэмакраты-бюракраты! Абдурылі народ! Рэформы - праформы!”, народ браўся за жываты ад рогату. Ці то ад абяцанняў кандыдыта, ці то ад лозунгаў гругана.
І во дзіва: або кандыдат быў такі спрытны, або груган дапамог, або народу было ўсё роўна – прабіўся-такі начальнік у сферы.
Але для Чаропкі радасці ад гэтага было мала – зноў апынуўся ён са сваім груганом беспрацоўным.
Толькі нядоўга. Пранюхалі нейкім чынам пра эфектыўнасць чорнай птушкі ў прапагандзе новыя прэтэндэнты ў сферы. І каб падрыхтаваць для сябе глебу, рашылі падключыць Чаропку з груганом. Неяк вечарам прыехалі на “мерседэсе”, паабяцалі вялікія грошы. Толькі Чаропка павінен быў навучыць сваю птушку крычаць “Дрэнна жыць! Страйк! Забастоўка!”, і хадзіць з ёй па вуліцах вялікага горада, ездзіць у грамадскім транспарце, каб, значыць, капаць на мазгі народу.
Груган, які натрэніраваўся з кандыдатам у сферы, даволі хутка асвоіў новую праграму. Чаропка яшчэ пару тыдняў падшліфаваў вымаўленне птушкі і рынуўся ў горад. Там на нейкай кватэры, дзе ён начаваў і харчыўся, Чаропку падказвалі маршруты, вучылі як адгаворвацца ад міліцыі.
Былы ляснік з кульгавым груганом пачалі працаваць. На вуліцах яшчэ так-сяк – народ прыслухоўваўся, пасміхваўся. А ў грамадскім транспарце пасажыры, затлумленыя гарадскім гармідарам, не хацелі, каб ім і тут дурылі галаву, а таму Чаропку з гаманлівым груганом даволі хутка выпіхвалі вонкі.
А па горадзе папаўзлі чуткі, што нейкі мужык з чорнай кульгавай птушкай у клетцы на вуліцах і ў грамадскім транспарце падбухторваюць народ: “Дрэнна жыць! Страйк! Забастоўка!” Няйнакш рука ЦРУ. Там, кажуць, ёсць спецыяльны цэнтр, які рыхтуе баявых жывёлін. Напрыклад, дэльфінаў, каб караблі падрывалі. Магчыма, і гэтая птушка адтуль. Вядзе ў нас інфармацыйную вайну.
Вядома, рана ці позна, дайшлі гэтыя чуткі да каго трэба. Аднойчы ноччу ў кватэру, дзе часова спыніўся Чаропка, уварваліся малайцы ў масках і бронежылетах, з аўтаматамі напагатове. “Ну, усё, – думаў Чаропка, пакуль з яго рабілі вузел, – не пражыць гругану трыста гадоў... А мне і трох сутак...”
Праз паўгадзіны Чаропку дапытваў чалавек у ваеннай форме:
– Хто і адкуль?
– Беспрацоўны я. Дрэсіроўшчык-аматар. Прыехаў у горад, каб зарабіць грошай... У вас жа тут у пераходах і на вуліцах на скрыпках граюць, баянах, гітарах... А мне, былому лесніку, што – нельга?
– Чаму ваша птушка заклікала да страйку?
– Ды чорт яго ведае, што гэты груган крычыць... Відаць, радыё наслухаўся, тэлевізара наглядзеўся, ну і паўтарае... Ён у мяне разумны... Груганы яны ўсе разумныя. Ці ж дурань трыста гадоў пражыве...
Ваенны паглядзеў на Чаропку даўгім стомленым позіркам. Але грукаць кулаком па стале не стаў. Відаць, яму даводзілася сутыкацца і не з такімі дзівакамі. Потым выйшаў у суседні пакой. Чутна было як ён там гамоніць з некім па тэлефоне.
Пагаманіўшы, вярнуўся і сказаў:
– Вас, грамадзянін Чаропка, мы адпускаем... Пакуль. А птушку канфіскуем. Як крыніцу атрамання незаконных даходаў. Ліцэнзіі на прадпрымальніцкую дзейнасць, нябось, няма?
– Ды якая ліцэнзія! Птушка ж – не магазін прыватны...
– Магазін не магазін, а грошы вам у шапку кідалі. Значыць, незаконны даход... Ладна, на першы раз папярэджваем. Вось вам пропуск на выхад...
А Чаропка сумна думаў: “ Каб ведаць, дзе ён, выхад...”
Свидетельство о публикации №114022407634