Па тонким лёдзе

Апошнім часам зімы  нейкія недарэчныя. Позняй восенню, калі пажухлае рудое лісце ўпарта трымаецца толькі на дубах, белым абяцаннем Поўначы падае з шэрага неба снег, накрывае, хоць і няшчыльна, пульхнай коўдрай зямлю. Потым і маразы пачынаюць гучаць качанным рыпам пад палазамі санак.
Але звычайна нядоўга трымаецца   такое надвор’е. Аднекуль налятае цёплае паветра, ці то з Атлантыкі, ці то з Сяродземнага мора, снег пакрысе асядае, з’едзены туманам  ¬¬¬¬¬¬¬і дробнай імжой. І ўжо нябачнымі становяцца на ім сляды звяроў, бо хутка аплываюць у халоднай вільготнай кашы, з якой і снегавіка ўжо не злепіш.
Аднак захапленне снегавікамі засталося ў далёкім дзяцінстве Фёдара Кабодзькі. Зараз галоўнае, што занімае яго вольны час – гэта паляванне. А якраз зімой, калі вельмі добра чытаецца кніга звярыных слядоў, яно найбольш здабычлівае. Што ні кажы, а як трапляеш на роўныя пацеркі лісінага следу або на “трохкутнікі” заячых скокаў, ці тым больш на раўкі, пракладзеныя ў снезе дзікамі, то сэрца пачынае біцца хутчэй, падагрэтае азартам. Рука міжволі цягнецца за ружжом, што пакоіцца на рамяні за плечуком, быццам вось-вось пакажацца ў хмызе жывая цэль.
Вось і ў канцы лістапада гэтага года спачатку ўдарылі марозцы градусаў пад 10, потым падваліла снегу.  Ды толькі сіноптыкі ў сваіх прагнозах па тэлебачанні ледзьве не адразу за снегападамі пачалі намякаць наконт цёплых вятроў, што дзесьці ўжо рыхтуюцца да падарожжа ў нашы краі. А гэтыя вешчуны-метэаролагі зараз пры дапамозе інфармацыі са спадарожнікаў  налаўчыліся даволі ўдала прадказваць надвор’е. Так што з паляваннем па снезе трэба было спяшацца. Да таго ж дзіку   на снегавых улоннях схавацца  цяжка. Не тое што сабаку, а нават чалавеку не трэба вялікіх намаганняў, каб высачыць лёжкі шчаціністых вепрукоў.
У суботу да Кабодзькі завітаў такі ж заўзяты паляўнічы, як і ён, Сяргей Сыманкоў.
– Слухай, Фёдар, а давай-ка мы збярэм хлопцаў ды пададзімся заўтра на дзіка, – прапанаваў Сыманкоў. – Пецька-ляснік казаў, што бачыў сляды ва ўрочышчы Паненшчына...
Страляў Кабодзька – будзь-будзь. Не, не па дарожных знаках ці шапках, падкінутых угару, а мог з першага патрона зваліць і дзіка, і лася, і зайца. Вось таму і запрашалі яго часта ў паляўнічыя брыгады.
– А што, Сяргей, прапанова талковая, – згадзіўся Кабодзька. – Снегу хапае, і дзіку па ім уцякаць цяжка, самы раз залучыць на мушку... Праўда, без лыжаў і нам няпроста будзе.
– Лыжы?.. Можа, і слушна кажаш. Толькі ж патрэбныя мала ў каго маюцца. Не будзеш жа на спартыўных па лесе шастаць.
– А ў мяне ёсць. Некалі сам зрабіў з клёна. Не вельмі доўгія, затое шырокія. Самы раз па мяккім снезе.
– Ну, Фёдар, ты і абачлівы чалавек. Нездарма цябе лепшым паляўнічым лічаць, – пахваліў Сяргей. – Значыць, дамовіліся?
– Дамовіліся.
...Урочышча Паненшчына – гэта ладны кавалак лесу ў некалькі  дзесяткаў гектараў побач з ракой. Дзікі аблюбавалі гэты ўчастак, таму што ўнізе пад шатамі соснаў, бяроз, асін рос  густы яловы падлесак, што абараняў ад ветру і замеці. Непадалёк – вадапой у рэчцы з палогім берагам. А летам дык і можна было сігануць  ад паляўнічых сабак ці ад ваўкоў, пераплыўшы раку, бо пагоня не надта кідалася ўслед.   
Да ўрочышча паляўнічыя дабраліся двума УАЗікамі па лясной дарозе, прыкатанай трактарамі, што вазілі дровы для камунальных кацельняў. Выгрузілся з сабакамі ў снег і пачалі вызначаць дыспазіцыю. Выявілася, што з лыжамі быў толькі Кабодзька, таму яго вырашылі паставіць на ўзлеску, дзе намяло снегу ледзьве не па пояс.
Кабодзька паспрабаваў абурацца:
– Што вы мяне  за вартаўніка ставіце?! Чаго сюды, на адкрытае месца, на луг, дзік папрэцца?
 Але яму запярэчылі:
– Кінь ты, Фёдар, енчыць! Гэта ж знаёмы напрамак для дзікоў... Памятаеш, год назад восенню яны менавіта сюды скіраваліся і ўцяклі цераз рэчку...
– Ай, ладна, ці ж вам дакажаш, – махнуў Кабодзька рукой. – Лепш бы я лыжы дома пакінуў...
Брыгада з сабакамі адправілася ў загон і на расклад нумароў, а Кабодзька ўсунуў ногі ў мацаванні лыжаў,  прашоргаў крыху па ўзлеску і агледзеўся. Калі заўважыў у снезе канаўку, прабітую да забытага  стажка  на лузе, змікіціў, што гэта дзікі нечага прыходзілі сюды. Мо пагрэцца, а мо пашукаць якога-небудзь пачастунку ў сене. Значыць, ёсць шанц не застацца з халастым выстралам.
Хутка ў глыбіні лесу зайшліся брэхам сабакі. Верная прыкмета, што паднялі дзічыну. Кабодзька зняў з пляча ружжо. Хвілін праз дваццаць сабачы гвалт стаў набліжацца, і тут метраў за пяцьдзесят з лесу выскачыў дзік. Снег  глыбокі, звер у ім хаваўся амаль напалову росту, таму пацэліць яму пад лапатку ці ў галаву жаканам  няпроста. Аднак і чакаць нельга, бо адбяжыцца на недаступную для выстрала адлегласць.
Кабодзька імгненнна ўзвёў курок, ускінуў ствалы і стрэльнуў. Трапіў ці не – ліха яго ведае, але дзік ірвануў, як апантаны, да ракі,  каўзануўся з берага на пакрыты снегам лёд. Гэты ранні лёд пад снегам вельмі каварны. Прыкрыты ад марозу  ён  паступова прэе знізу і становіцца нетрывалым. Таму дзік прабег мо метраў дзесяць  і праваліўся скрозь лёд. Але не назусім, а пачаў балэхацца ў вадзе, спрабуючы вылезці.  Лёд ламаўся па краях, і намаганні звера аказваліся дарэмнымі.
 Плошча апоры на лыжах дазваляла Кабодзьку смела спусціцца на лёд. Што ён і зрабіў  у паляўнічым азарце. І калі ўжо саслізнуў з берага, то зразумеў, што страляць нельга – здабыча проста пойдзе пад лёд, і памінай як звалі.  Наблізіўся да палонкі і разгублена спыніўся, не ведаючы, што рабіць. Дзік чапляўся ікламі і лычам за лёд, круціўся ў вадзе і ніяк не мог выбрацца. Адчувалася, што звер не баіцца ўжо ні чалавека, ні двух сабак, якія гаўкалі на беразе. У дзіка была адна задача – каб яго не зацягнула пад лёд.
 Кабодзька стаяў зусім блізка і яму падалося, што ў маленькіх вочак звера нейкі разумны погляд. Быццам дзік прасіў паратунку. Пакуль звер і чалавек з ружжом былі раздзелены адлегласцю, пакуль паляўнічы мог трапіць, а мог і прамазаць, пакуль здабыча магла ратавацца бегам, яны былі амаль на роўных. Гэта  своеасаблівае спаборніцтва: хто каго. А зараз нічога гэтага не было – толькі непазбежнасць гібелі ў чорнай халоднай вадзе.
Кабодзьку быццам нешта падштурхнула – ён упаў на лёд і працягнуў дзіку ружжо стваламі ўпярод, спадзеючыся, што звер зачэпіцца ікламі за рамень і яго можна будзе падцягнуць на паверхню. Не думалася ў гэты момант ні аб лагічнасці, ні аб недарэчнасці сваіх дзеянняў – побач па-дурному гінула жывая істота, і яе трэба было ратаваць.
  Дзік раптам перастаў балэхацца, паглядзеў доўгім позіркам з-пад бялясых вейкаў на чалавека,  глыбока ўздыхнуў і нырнуў пад лёд. Што гэта было: самагубства ці спроба дзесьці вынырнуць у зручным месцы, меркаваць цяжка. Вынырнуць увогуле не было дзе, бо рака скрозь пакрылася лёдам. І  пад ім  дзік знайшоў свой канец.
Кабодзька потым расказваў аб здарэнні іншым паляўнічым нейкім вінаватым голасам. Вінаватым не ад таго, што прамазаў, а што не ўратаваў жывёліну.  Мужыкі са здзіўленнем паглядалі на сябра, і ўсё ніяк не маглі ўнікнуць у яго перажыванні. Ну, патануў дзік, дык і што? Колькі іх за год у раёне настраляна, мо сотня, а мо і больш. Што – з-за гэтага перажываць? Ну, выцягнуў бы звера, дык яго б ўсё роўна хто-небудзь рана ці позна застрэліў. Але з палявання Кабодзька так і вярнуўся з гэтым незразумелым самаму пачуццём вінаватасці. І яно яшчэ доўга не пакідала яго.


Рецензии