Агра-топ у сидара

Пасля таго як сельгаскааператыў, у якім пенсіянер Сідар Дрынкоў працаваў загадчыкам майстэрні, аб’ядналі з суседнім, і туды пачалі звозіць усю тэхніку, застаўся ён без работы. Скарацілі.  Да цэнтра ўзбуйненага кааператыва – 12 кіламетраў, а тут, на старым месцы, у Дрынкова добры дом, неблагі падворак з рознымі хлеўчукамі. Нават копанка невялікая на задах, дзе плёскаюцца карасі і качкі. Як гаворыцца, жыць можна…
Але работа – гэта, па-першае, фінансавы прыварак у сям’ю, па-другое,  на людзях яно весялей, усё ж нейкая разнастайнасць. А тут па хатняй гаспадарцы ўправіўся – і сядзі, склаўшы рукі, любуйся краявідам. Або кніжкі чытай, тэлевізар глядзі. І так з дня ў дзень… Хоць на шыбеніцу ад сумоты.
І вось прязджае неяк да Сідара Дрынкова старшыня сельскага Савета дэпутатаў Іван Целяшоў і прапаноўвае:
– Ці не супраць вы, Сідар Лукіч, заняцца турызмам?
– Гэта ў якім сэнсе? Па замежжы за свае кроўныя матацца?
– Ды не!.. Тут, ці бачыце, такая справа… Ну, як бы вам сказаць… Словам, зараз у моду агратурызм уваходзіць. Па сельсаветах нават план давялі, колькі такіх  кропак у нас павінна быць. Вось я і прапаноўваю, каб вы зарэгістраваліся як аб’ект гэтага самага агратурызму… А што – дом у вас добры, дагледжаны, ёсць дзе пераначаваць. Вакол лес, рэчка з лугам… Раздолле. Назавем ваш аб’ект… Ну, скажам, “Агра-топ у Сідара”, аб’яву запусцім у інтэрнэт…
Дрынкоў, ашаломлены незвычайнай прапановай, слухаў старшыню моўчкі, усё яшчэ не разумеючы: жартуе той, ці не. Потым запытаў:
– Ты што гэта, Іван, сур’ёзна?
– Куды ўжо сур’ёзней!.. Днямі чарговую прачуханку ад начальства атрымаў за тое, што ў маім сельсавеце няма ніводнага аб’екта агратурызму.
– Ну і што цікавага для турыстаў у нашым краі? Калі “Агра-топ”, то пехатой можна топаць у любым месцы.
– Ды не, Сідар Лукіч! “Топ” – гэта па-нашаму пехатой, а па- англійску азначае вышэйшую дасканаласць.
– Ну, ладна, калі не пехатой па ваколіцах, то што тады?
– Вы ж ведаеце, Сідар Лукіч, што мёду адразу многа не з’ясі. Вось гарадскім багаценькім, і не толькі ім, надакучылі розныя там  Канары, Багамы, Куршавелі… Ім мясцовую экзотыку падавай. А для замежнікаў мы наогул непрачытаная кніга…
– Ды якая ў нас экзотыка…
– Не скажыце, Сідар Лукіч… У вас нават імя экзатычнае –паспрабуй-ка зараз знайсці Сідара… А гэта ж не толькі імя, а і назва торбы дарожнай. Вось тут і экзотыка… Ды прыдумаем што-небудзь!
Угаварыў-такі старшыня Дрынкова і яго жонку Маланню, як жа без гэтага, каб зарэгістравалі аб’ект агратурызму. Так у вёсцы з’явіўся “Агра-топ у Сідара”. І што вы думаеце: толькі запусцілі аб’яву ў інтэрнэт, як адразу па тэлефоне паступіла заяўка ад фірмы з абласнога цэнтра на тур двух выхадных. “Жадаем атрымаць адрэналін, таму  просьба паведаміць па электронным адрасе праграму тура. За цаной не пастаім”.
Дрынкоў на сваім “Жыгулю” тэрмінова паімчаў да старшыні сельскага Савета. Той разгубіўся, бо такой хуткай заяўкі на тур не чакаў. Што ж прыдумаць? Потым спахапіўся:
– Во! Памятаеце, Сідар Лукіч, мінулым годам у раённай газеце была публікацыя аб наведанні нашай мясцовасці іншапланецянамі і анамальнай зоне, якая ўтварылася пасля іх візіту. Праўда, потым аказалася, што гэта хохма журналістаў. Толькі навошта турыстам гэта ведаць? Падшыўка у бібліятэцы ёсць, артыкул прасканіруем – і па адрасе. Пабываць на месцы прызямлення іншапланецян – гэта ж такая экзотыка, такі адрэналін…
Гарадскія дзівакі на прынаду клюнулі. Прыехалі на джыпе пяць чалавек, якія назвалі сябе уфолагамі, гэта значыць, спяцамі па неапазнаных лятаючых аб’ектах. Тры мужыкі і дзве жанчыны. І адразу  да гаспадара “Агра-топа”:
– Пакажыце нам анамальную зону, месца прызямлення іншапланецян!
Дрынкоў доўга не ўпіраўся, наплёў гасцям, што прыдумалі разам са старшынёй. Маўляў, у той зоне розныя загадкавыя з’явы адбываюцца: напрыклад, невядома куды рэчы прападаюць, калі хто заначуе; хтосці па лесе шастае, а ўбачыць немагчыма; компас шалее і паказвае ў невядомасць. (Наконт компаса, дык гэта проста – старшыня Савета аператыўна звёз у равок каля той палянкі некалькі старых аўтамабільных кузавоў, якія злёгку прыкапалі  бульдозерам і замаскіравалі галлём).
Для паўнаты ўражанняў і крутога адрэналіну прыезджыя рашылі начаваць прама ў анамальнай зоне ля кастра. Жанчыны было засумняваліся, але мужыкі настаялі:
– Мы чаго сюды ехалі?! За экзотыкай… Сальца пасмажым на патэльні, піўком зап’ем на свежым паветры. Пабачым, што там з гэтай зонай, бо якраз ноччу ўсе чэрці на паверхню вылазяць…
Прыхапілі госці ў Дрынкова ёмкую алюміневую патэльню, бяросты для распальвання кастра, а вугаль драўляны ў іх з сабой у мяшку быў.  І падаліся пад вечар на анамальную паляну. Там адразу компасам праверылі, ці праўду ім казаў гаспадар “Агра-топа” – стрэлка круцілася, як шалёная. Тут і самыя скептыкі з турыстаў паверылі ў легенду аб іншапланецянах.
Як толькі зусім сцямнела, адразу распалілі касцёр, бо ля агню неяк спакайней. Паставілі патэльню на цаглінкі, прынесныя з сабой, накрышылі туды сала, і сталі чакаць, пакуль яно падсмажыцца. А тут нешта як затрашчала ў лесе, мо лось ламіўся, мо сухастоіна павалілася. Напалоханыя аповядам Дрынкова, турысты шаснулі ў бліжэйшы хмыз, бо пры святле кастра былі як на далоні. Нехта з іх скамандаваў:
– Не зводзіць вачэй з кастра! Мо хтосьці ці штосьці да яго наблізіцца.
Турысты прасядзелі ў хмызе мабыць з гадзіну-паўтары, не выпускаючы з поля зроку касцёр, у якім цёмна-чырвоным трывожым агнём гарэў вугаль. Толькі ж ніхто да кастра не наблізіўся. Але, калі туды вярнуліся турысты, то выявілі, што некуды таямнічым чынам знікла патэльня: цаглінкі – вось яны, а патэльні няма. Хто ж яе мог узяць, калі з кастра вачэй не зводзілі? Ад такой нагоды адрэналін так папёр у кроў турыстам, што яны тут жа падаліся назад у вёску, дзе і дачакался раніцы ў доме Дрынкова.
Уфолагі заплацілілі Дрынкову за тур і прапаўшую патэльню, папрасілі прабачэння – і паехалі да сябе ў горад. А гаспадар “Агра-топа” застаўся ў поўным непаразуменні: наўрад, каб уфолагі манілі, дык куды ж дзявалася патэльня? Такая зручная, добрая патэльня…
Рашыў сам схадзіць на паляну, паглядзець, што і як. На паляне, вядома, нічога загадкавага не ўбачыў. Толькі грудок попелу ад кастра. Ад нечага рабіць, проста так капануў сучком попел. Адтуль выкаціўся нейкі цвёрды камяк. Дрынкоў падняў яго – і засмяяўся. Гэта была  сплаўленая алюміневая патэльня. Пакуль турысты-уфолагі сядзелі ў хмызе, вугаль даў такую тэмпературу, што алюміній не стрываў.
Шкада патэльні, але Дрынкоў падумаў, што гэты выпадак паслужыць лішняй рэкламай для яго “Агра-топа”, бо, несумненна, уфолагі не будуць маўчаць аб загадкава знікшай патэльні.


Рецензии