Афгански синдром
Цяльняшку Сяргей надзяваў даволі часта, а вось берэт толькі два разы на гаду – у дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана і ў Дзень дэсантніка. Тады ён ішоў у сельмаг, купляў бутэльку гарэлкі і тут жа, каля прылаўка, наліваў сабе сто грамаў у складную пластмасавую чарку, прывезеную з вайны, і са словамі:
– За сябра Пецю, за ўсіх, хто там быў, жывых і мёртвых! – выпіваў.
Загадчыца магазіна, цётка Валя, што даўно працавала тут, першым часам, калі Сяргей пачаў завітваць сюды за выпіўкай у свае, як ён казаў, дні,спачатку абуралася, а потым прывыкла, і нават прапаноўвала на закусь селядца. Сяргей наадрэз адмаўляўся:
– Не, цётка Валя, рыбу я не ем!
Калі Сяргей паўтарыў так адзін раз, другі, загадчыца магазіна вельмі здзівілася:
– Як гэта – не ем?! Ды ў нас тут рэчка, азёры навокал, сам, нябось, як малы быў, дык з вудай ад берага не адыходзіў...
– Няма таго, што ранш было... – уздыхнуўшы прамовіў Сяргей. – У мяне з рыбай такія ўспаміны звязаны, што расказваць неахвота...
– Дык ты ж, быццам бы, не на флоце служыў, каб рыбай аб’ядацца?
– Не на флоце... Аднак усё роўна рыба мне ўпоперак горла становіцца... Афганскі сіндром.
І аднойчы Сяргей, перакуліўшы за першай чаркай хуценька, куля не праляціць, другую, распавёў пра некалькі месяцаў сваіх баявых будняў.
...Пасля падрыхтоўкі ў горным лагеры пад Ташкентам іх батальён на самалётах перакінулі ў Афганістан. Размеркавалі па кропках, блок-пастах і базах. Узвод, у якім Сяргей быў вадзіцелем-механікам БМД – баявой машыны дэсанта, трапіў на ахову маста, як казаў камандзір лейтэнант Муса Даўлетханаў, на стратэгічнай дарозе. Так гэта ці не так, і радавым байцам, і сяржантам не дадзена было ведаць – іх задача выконваць загад.
У падраздзяленні, апроч адной БМД, была яшчэ гармата-гаўбіца з разлікам, падчэпленая да цягача, і дзесяць байцоў-дэсантнікаў. Усіх шаснаццаць чалавек. Амаль палова з іх прымалі ўжо ўдзел у баявых дзеяннях, астатнія былі першагодкамі. Першагодкам быў і вадзіцель цягача Пятро Клышэвіч, які прызываўся, як і Сяргей, з Магілёўшчыны. Можа, таму абодва даволі хутка пасябравалі. З дзедаўшчынай у баявых парадках было строга, але ўсё роўна каму-небудзь з абстраляных ужо хлопцаў карцела пафанабэрыцца над “маладымі”. Тады землякі якім-небудзь чынам заступаліся адзін за аднаго.
Узвод разбіў палатачны лагер за паўсотні метраў ад маста, абараніўшы размяшчэнне з боку блізкіх гор самаробнымі сценкамі з плоскіх камянёў. Акопы ў поўны профіль у зачарствелай глебе абсталяваць нельга было, таму абмежаваліся неглыбокімі прадаўгаватымі ямінамі, засланіўшы іх брустверамі з камянёў. Чаго-чаго, а камення тут хапала. Лейтэнант вусным загадам устанавіў чарговасць вартавых нарадаў, даручыўшы кантроль свайму намесніку старшыне Андрэю Жукоўскаму. Свае пазіцыі з дапамогай усё тых жа камянёў абсталявалі і артылерысты, і механікі-вадзіцелі баявых машын. Словам, Сяргей і астатнія першагодкі паступова дзень за днём уцягнуліся ў вайсковы рытм. І Афганістан не паказаўся ім такім страшным, як палохалі стараслужачыя. Вось толькі надакучвалі спякота ўдзень і золкасць ноччу. Такі кантраст быў надта нязвыклым.
Ідылія з кашай і супам з палявой кухні, на якой гаспадарыў Міша Куцэнка, хахол з-пад Вінніцы, закончылася дзесьці праз тыдзень. Якраз у час вячэры, калі байцы з напоўненымі кацялкамі расхадзіліся ў палаткі, з боку гор пачалася шалёная страляніна. Лейтэнант закрычаў што было моцы:
– Па акопах! Адкрыць агон у адказ! Гармата беглым, тры снарады!
Патронаў пакуль ва ўзводзе хапала. Ударылі два кулямёты і аўтаматы дэсантнікаў, бухнула гармата раз за разам. Перастрэлка доўжылася хвілін дваццаць, а мо і бальш, ніхто час не засякаў. Пасля лейтэнант сабраў байцоў, свабодных ад варты, пад заслонам каменнай сцяны і асіплым голасам сказаў:
– Усё, хлопцы, скончылася наша спакойнае жыццё... Духі пранюхалі, што мы тут і зараз спуску не дадуць...А таму ўключаем папераджальную тактыку: ёсць душманы ў гарах ці не, усё роўна будзем перыядычна абстрэльваць мясцовасць вакол кулямётным і аўтаматным агнём. Хай, гады, ведаюць, што мы не дрэмлем...
Так доўжылася некалькі тыдняў. Асабліва смалілі з усіх ствалоў пад вечар і сярод ночы. Часам кулямёты і аўтаматы пераграваліся, даводзілася астуджаць іх у вадзе. Пасля гэтага некалькі аўтаматаў пачалі клініць патрон. Лейтэнант лаяўся па-мацернаму:
– Так іх расператак! Хаўтуршчыкі! Не той метал на ствалы пусцілі!
Раз у два тыдні на блок-пост прыходзіў грузавік з патронамі і прадуктамі. Патронам радаваліся, прадуктам – не. Кансервы не лезлі ў рот, хацелася нечага свежанькага. Вось тады і рашылі парыбачыць у рацэ. Што рыба ў ёй ёсць, было дабра бачна ў празрыстай вадзе, якая бурліва збягала па камяністаму дну і заціхала толькі ў невялічкіх завадзях за скапленнямі буйных валуноў.
– Фарэль, – растлумачылі дасведчаныя стараслужачыя, – смачная... Але як да яе дабярэшся?.. Хто ведае, можа, духі толькі гэтага і чакаюць, каб падстрэліць каго-небудзь...
Праз два тыдні чарговы грузавік не прыйшоў. Радыст узвода спрабаваў высветліць прычыну, але сувязь тут, у прадгор’ях, была нікуды не вартая. “Горы і скалы перашкаджаюць, – тлумачыў радыст. – Радыёрэха гуляе...” Праз хрыпы і сіпенне эфіру ўдалося толькі разабраць, што па шляху да блок-паста з боку нашых войсакаў душманы нешта ні то сур’ёзна ўзарвалі, ні то захапілі, і калі напрамак расчысцяць – невядома.
А кансервы, між іншым, закончыліся. Кашу, звараную на голай вадзе, страўнік не прымаў. Вось тады і рашылі парыбачыць...
Лейтэнант Даўлетханаў доўга не згаджаўся на рызыку, аднак дні праз чатыры падабрэў. Відаць, і яму баўтушка з круп надакучыла. Махнуўшы рукой, ён згадзіўся на чарговую прапанову парыбачыць, і сказаў:
– Аб’яўляю рыбны дзень...
Лавіць рыбу азваўся сябра Сяргея Пятро Клышэвіч. Вадзіцеляў баявых машын бераглі, і яны ў рэгулярнай страляніне па гарах не ўдзельнічалі. “У выпадку чаго некаму будзе нас вывезці з-пад душманскага ўдару, – тлумачыў лейтэнант, – баявая машына – гэта вам не “жыгулі”. Тым не менш, Пятро пераканаў, што ён выдатны рыбак, а пад агнявым прыкрыццём рыбалка будзе бяспечнай. З падручных матэрыялаў і марлі змайстравалі нешта накшталт вялікага сачка, байцы адкрылі агонь па мясцовасці, а Пятро палез у халодную ваду... Праз паўгадзіны ён ускараскаўся да палатак з дзьвюма сумкамі з-пад працівагазаў, поўнымі рыбы. Ох і наварыстая з яе юшка атрымалася!
Рыбалка паўтаралася яшчэ дзён пяць. Грузавік з патронамі і прадуктамі ўсё не прыходзіў. Пятро, як гаворыцца, увайшоў у азарт – ён ужо выносіў на бераг па тры-чатыры сумкі фарэлі. Але неяк незаўважна агнявое прыкрыццё рыбака станавілася слабейшым – байцы, можна сказаць, інстынктыўна бераглі патроны. І вось аднойчы ў час чарговай рыбалкі з боку гор прагучаў толькі адзін стрэл, але нейкі вельмі гучны. Пятро, які плёхаўся ў рацэ, таргануўся і ўпаў у ваду. Струменістая плынь тут жа афарбавалася ў чырвоны колер.
Першым кінуўся да сябра Сяргей, за ім санінструктар сяржант Падшыбякін і яшчэ адзін баец. Тым часам у напрамку стрэла задудукаў буйнакаліберны кулямёт з БМД, пару раз наўздагад бухнула гармата. Сяргей і санінструктар падхапілі Пятра пад плечы, баец – за ногі і панеслі на бераг. Галава хлопца звісала безжыццёва, аднак сашчэпленая левая рука не выпускала сумку з рыбай. Сумка чаплялася за камні, з яе адна за адной выпадалі рыбіны. Сяргей паспрабаваў расціснуць руку сябра, але яна была як жалезная. І тут ён зразумеў, што толькі ў мёртвага можа быць такая сутаргавая хватка.
Калі прынеслі Пятра пад ахову каменнай сцяны, разгледзелі, што куля прабіла яму грудзі наскрозь і выйшла са спіны. Лейтэнант Даўлетханаў паўтараў роспачна:
– Казаў жа, не трэба нам гэты рыбны дзень... Не, угаварылі... Па дурному ж чалавек загінуў... Снайпер, так яго расператак, з амерыканскай дальнабойнай вінтоўкі...
І камандзір злосна паддзеў нагой сумку з рыбай – адтуль вывалілася, відаць, апошняя фарэль.
Сяргей паглядзеў на гэтую мокрую рыбіну, на мёртвага сябра і яму стала моташна. “Навошта мы тут, на чужой зямлі? За што гінем? Навошта мы палезлі за іх рыбай? Што, у нас на радзіме сваёй мала?” У гэты момант ён не адчуваў недарэчнасць думкі пра рыбу, але вось яна, перад вачамі, яшчэ жывая фарэль, трапеча хвастом... А яго сябра ляжыць на голых каменнях забіты...
Праз двое сутак на блок-пост нарэшце прабіўся грузавік з боепрыпасамі і прадуктамі. Байцы суправаджэння забралі цела Пятра Клышэвіча, каб потым адправіць яго з Кабула на радзіму ў ацынкаванай скрынцы на “чорным цюльпане” пад шыфрам “груз 200”.
Блок-пост лейтэнанта Даўлетханава стаяў яшчэ месяц ля маста, але пра рыбалку нават думаць баяліся. А ў Сяргея падсвядома сфарміравалася наогул непрыняцце рыбы як прадукта харчавання.
–... Вось такі ў мяне афганскі сіндром, цётка Валя... – падвёў рысу пад сваім аповядам Сяргей. – І можа, гэта не самае горшае…
Свидетельство о публикации №114022407579