Танк имя правадыра
Вёска месцілася на бальшаку, які звязваў два райцэнтры. Іншай дарогі і ў даваенны, і адразу ў пасляваенны час не было. Мост у 1941 годзе, адступаючы, спалілі нашы. Нямецкія сапёры аднавілі яго, нарасціўшы палі на старыя агаркі. А потым восенню 1943 года мост спалілі немцы, мяркуючы затрымаць наступленне Чырвонай Арміі на гэтым напрамку. І зноў яго аднавілі, толькі цяпер ужо савецкія сапёры. Потым, скляпаны на жывую нітку, мост часта рамантавалі, машыны ехалі ўброд, буксавалі ў рацэ. Шафёры пракліналіі рамонтнікаў і сваю долю. А для вясковай дзятвы – відовішча.
Пры наступленні экіпаж танка Т-34 у азарце атакі паспрабаваў фарсіраваць Сенку ўброд, але танк завіс наглуха на нябачных пад вадой рэштках паляў і нахіліўся бокам у ілістую багну. Выручаць застраўшы танк было некалі, трэба было гнаць ворага. Ды і нечым, бо цягачы рамонтнага батальёна прайшлі недзе збоч, у дзесятку кіламетраў. Старэйшы камандзір не мог пакінуць спраўны, з боезапасам танк без прыгляду, таму аддаў загад экіпажу заставацца ў вёсцы і паспрабаваць знайсці нейкую магутную тэхніку ў адным з райцэнтраў, каб выцягнуць танк. Але дзе ты яе знойдзеш тую тэхніку, калі ўсё для фронта, ўсё для перамогі... Танк колеру хакі, з рудымі падпалінамі іржы на бартах, з поўным узбраеннем, з надпісам на вежы белай фарбай “За Сталіна!”, нібы агромністы сталёвы рак надоўга застыў нерухома ўшчыльную да адноўленага сапёрамі маста.
Чырвоная Армія між тым спыніла наступленне ў іншым месцы, натыкнуўшыся на глыбока эшаланіраваную абарону немцаў усцяж ракі Проня. Ад Сенскай Завадзі да Проні, ці ў напрамку Чавус, ці ў напрамку Прапойска, было ну мо кіламетраў 40. Такім чынам экіпаж танка “За Сталіна!”, які складаўся з чатырох чалавек, апынуўся як бы ў тылавым рэзерве. Магчыма таму, ды яшчэ па прычыне прыпынення наступальных баёў, танкістаў асабліва не турбавалі.
Хлопцы ж дарэмна часу не гублялі. Не ў сэнсе, што настойліва шукалі спосаб як выцягнуць танк, а ў сэнсе, што пры вострым дэфіцыце мужчын, якіх усіх пабралі на вайну, даволі хутка перажаніліся на мясцовых дзяўчатах. Бо і для мужыкоў на фронце быў хранічны жаночы дэфіцыт. А маладыя душа і цела прагнулі кахання.
Калі вясной 1944 года пачаўся апошні этап падрыхтоўкі наступлення на Проні, прыехала машына з танкавага палка за экіпажам. Танкісты паспрабавалі было намякнуць, што як жа баявога сталёвага сябра пакідаць без пільнага вока – на ім жа зброя. Стомлены доўгай дарогай па ўхабістаму бальшаку капітан-пасыльны сказаў:
– Ат, вернемся потым... Замок з гарматы і затвор з кулямёта забіраем, снарады, патроны – таксама. Танк ніхто не ўкрадзе... А танкістаў з баявым вопытам у палку – кот наплакаў...
Камандзір танка лейтэнант Угараў заўважыў:
– Надпіс з вежы трэба было б саскрэсці. А то “За Сталіна!” – і пад мастом...
Капітан згадзіўся. Паколькі паўз берага яшчэ трымаўся рыхлы лёд, Угараў прабраўся па ім да танка і паспрабаваў саскрэсці надпіс трафейным цесаком. Але фарба так уелася ў шурпатую браню, што, магчыма, спатрэбіўся б дзень.
– На сумленне зроблена! Сам пісаў! – пахваліўся, Угараў. – Эх, каб пад рукой асноўная фарба...
– Ладна, кідай гэту справу! – крыкнуў капітан. – Мы павінны вярнуцца ў полк у вызначаны тэрмін, а то нядоўга і ў штрафбат загрымець...
Танкісты развіталіся са сваімі новаспечанымі жонкамі, якія заходзіліся ад плачу – такім нядоўгім было іх жаночае шчасце – скокнулі ў кузаў палутаркі і скіраваліся па бальшаку ў напрамку фронту.
... У 1953 годзе Валерку Партызану споўнілася 8 гадоў. Партызан – гэта не прозвішча, а мянушка. У Сенскай Завадзі ўсе хлапчукі пагалоўна былі з мянушкамі. І што адметна – большасць мянушак чамусьці пачыналася з літары “К”: Кеша, Каля, Капач, Куя, Кера, Кацёл, Кудзяк... Так што Валерка ў нейкім сэнсе быў выключэннем. Яго бацька ваяваў у партызанах, а пасля злучэння з Чырвонай Арміяй быў прызваны на фронт і там загінуў, пакінуўшы сыну ў спадчыну мянушку Партызан.
Маці гадавала Валерку адна ў цяжкі пасляваенны час. Добра яшчэ, што ў Сенскай Завадзі, пакуль не высеклі ўвесь спелы лес, існаваў леспрамгас. Маці працавала на ніжнім складзе, гэта там, адкуль сплаўлялі лес па Сенцы ў Сож і далей – у Гомель. Рабочым леспрамгаса выдавалі пайкі, у асноўным амерыканскія кансервы, і гэта вельмі выручала.
Норавы сярод вясковай дзятвы таго часу былі даволі жорсткія. “Бязбацькавіча” Валерку часта крыўдзілі большыя. Як бы сказалі зараз, статус бязбацькавіча наклаў свой адбітак на характар Валеркі – баючыся быць лішні раз пакрыўджаным, ён не імкнуўся ў кампаніі. Сякія-такія сяброўскія адносіны падтрымліваў толькі з сынамі тых самых танкістаў, па мянушках Каток, Качан і Крук. Танкісты, за выключэннем камандзіра Угарава, усе вярнуліся да сваіх жонак. Пра лейтэнанта сказалі, што ён знайшоў сабе іншую жанчыну.
Валерка Партызан чытаць навучыўся рана, па газетах, якімі былі абклеены сцены хаты знутры. А таму любіў кніжкі. І яшчэ ён захапляўся рыбалкай, калі сам на сам толькі з лугам, рэчкай і вудамі, і ніхто цябе не пакрыўдзіць. Ну хіба толькі авадзень прычэпіцца. Кручкі былі куплёныя, вудзільны рэзаў з арэшніку, і лёскі плёў сам з валасоў конскіх хвастоў. У спякотны дзень коні хаваліся пад мост шчыльным табунком, а хлапчукі звешваліся з маста, падчэплівалі хвасты і дралі з іх валасы.
Любімым месцам для малога рыбака быў мост. Летам у яго цяні хаваліся не толькі коні, але і ў вадзе – блішчастыя плоткі і паласатыя акуні, а на водмелі шэрыя тоўсценькія бабуры-піскары. Валерка мог гадзінамі праседжваць на масту дзеля дзесятка акунькоў ці бабуроў у металічным чайніку з адламаным носам, дзірка ад якога была залеплена каланіцай – загусцеўшым дзёгцем з цялежнай восі.
А ўшчыльную да маста іржавела грозная некалі машына. За пакінутым танкам так ніхто і не вярнуўся. Надпіс “За Сталіна!” на вежы яшчэ добра чытаўся. Накупаўшыся ў рацэ да пасінення, самыя спрытныя з вясковай дзятвы спускаліся, трымаючыся за палі маста, на барты танка, нагрэтыя сонцам, – і аж пара курэла з трусоў.
Аднойчы, калі Валерка Партызан рыбачыў у чарговы раз з маста, па беразе да месца, адкуль бліжэй было да танка, падышлі старшыня мясцовага калгаса імя Сталіна дзед Цімох ( калгасы тады былі ледзьве не ў кожнай вёсцы) з нейкім нетутэйшым дзядзькам і пачалі прыкідваць як бы парэзаць танк на металалом, прадаць яго, а на выручаныя грошы купіць хамуты і іншую вупраж для калгасных коней.
Нетутэйшы дзядзька ківаў галавой, быццам згодны з ідэяй старшыні, потым раптам сказаў:
– Не, таварыш старшыня. Бачыш, на вежы надпіс “За Сталіна!” Ну як ты будзеш яго аўтагенам рэзаць? Па імю правадыра – аўтагенам... Гэта ці ведаеш чым пахне...
– А саскрэсці ці зафарбаваць надпіс? – прапанаваў дзед Цімох.
– Не лепшае рашэнне... Хто-небудзь стукане туды, – нетутэйшы паказаў пальцам уверх. – Гэты ж танк у вас як помнік таварышу Сталіну, яго жалезанай волі ў вайне з немцамі... Ды і калгас ваш – імя Сталіна...
Ранняй вясной 1953 года Сталін памёр. Літаральна ўся вёска плакала. Быццам памёр чалавек, які радней за родных бацьку і маці. І гэта былі шчырыя слёзы, бо ўсе так лічылі. А калі зараз знаходзіцца хтосьці, хто кажа, што з калыскі ведаў пра Сталіна як пра тырана і дыктатара, – не верыцца. Бо нават дзеці рэпрэсіраваных, нават самі рэпрэсіраваныя, лічылі, што вінаваты не таварыш Сталін, а яго атачэнне. А потым заднім розумам усе вельмі моцныя сталі.
Валерка Партызан, канешне, цьмяна уяўляў значнасць фігуры Сталіна, больш па карцінках з кніжак і з таго, што гаварылі ў школе. Ды і не ў дзіцячым характары маркоціцца з прычыны смерці самага вялікага начальніка ў Крамлі. Аднак, назіраючы, як убіваюцца дарослыя, і ў яго сэрца запаўзала нейкае тужлівае пачуццё.
У канцы мая 1953 года ў час рыбалкі на масту Валерка Партызан зноў убачыў на беразе насупраць танка дзеда Цімоха і таго самага нетутэйшага дзядзьку. Яны аб нечым пагаманілі, а потым нетутэйшы гучна сказаў:
– Будзем рэзаць!
Праз тыдзень да маста падагналі пад’ёмны кран, два грузавікі ЗиС, машыну-будку, з якой выкацілі блакітныя балоны з надпісам “кислород”, нейкі бак з прыборамі, што нагадвалі гадзіннікі. Вакол тэхнікі стоўпіліся з дзесятак чалавек, нешта плануючы.
Валерка Партызан з цікавасцю назіраў за мітуснёй на беразе Сенкі. Хутка прыбеглі яшчэ вясковыя хлапчукі, і нават падышлі некалькі дарослых цікаўных вяскоўцаў. Відовішча і сапраўды прадстаяла адметнае – стануць рэзаць танк, які дзесяць гадоў быў славутасцю вёскі і напамінкам аб вайне.
Неўзабаве ў паветры непрыемна запахла – як потым даведаўся Валерка, так пахне газ ацытылен, што вядзяляецца з карбіда, апушчанага ў ваду, і, змешаны з кіслародам, дае агонь, які рэжа жалеза.
...Рабочы запаліў блакітнае полымя гарэлкі, цягнучы за сабой шлангі, па насцеленых зараней дошках узлез на танк. Вогненнае джала ўпілося ў браню вежы, якраз над словам “Сталін”, пад высокай тэмпературай метал нагрэўся да чырвані, а потым пацёк пякучымі кроплямі-слязамі, нібы танк плакаў і па сабе, і па таварышу Сталіну. Вертыкальны вогненны шрам разрэза паступова перасек імя “Сталін”, металічныя слёзы падалі ў ваду з гучным сіпеннем, быццам растрывожаныя ці нездаволеныя чымсьці.
Гледзячы, як смела рэжа рабочы танк “За Сталіна!”, як глыбокі шрам перасякае выцвілыя, але яшчэ бачныя літары, з якіх складаецца вядомае імя, Валерка Партызан яшчэ па-дзіцячы няясна пачаў адчуваць, што нешта мяняецца ці будзе мяняцца ў жыцці. Ён не ведаў, ды і ніхто не ведаў – да добрага гэта або да дрэннага. Але тужлівае пачуццё, якое нібы вісела ў паветры з таго часу, калі вёска аплаквала правадыра, стала паціху растварацца. Нібы падала ў ваду разам з расплаўленымі “слязамі” танка. Гэта, напэўна, ішло яшчэ і ад усведамлення таго, што баявая машына, увасабленне бязлітаснасці і жорсткасці, парэзаная на металалом, ператворыцца ў карысныя для людзей рэчы. Можа, нават, у такі вось чайнік, як у Валеркі Партызана, толькі ў новенькі і з цэлым носам.
Свидетельство о публикации №114022407566