Кантужаны

Гэта гісторыя падобна на легенду. Магчыма, так яно і ёсць. Але ж вельмі ўжо хочацца верыць у тое, што расказаў мне выпадковы спадарожнік у цягніку Львоў – Мінск.
Вагонныя размовы часам бываюць надзіва шчырымі. У іх людзі раскрываюцца бы на споведзі. У царкоўным рытуале да гэтага распалагае гарантыя тайны з боку святара, у гутарцы спадарожнікаў – гарантыя, што наўрад ці сустрэнуцца зноў. Так – мільгануць, як дрэвы за вагонным акном, і разнясе лёс людзей па жыццёвых пуцявінах, быццам трэсачкі ў паводку.
Мой субяседнік, мужчына ў вялікіх гадах, але з жывымі не па-старэчы вачыма, з прыкметным шрамам на падбародку, назваўся Васілём Ціханавічам. Мы пакрысе пілі бутэлечнае піва, падганяючы смагу таранькай, якой надзяліў мяне стрыечны брат Сяргей, геолаг па прафесіі і рыбак па прызванню.
Пастуквалі колы, пасопваў на паліцы трэці пасажыр, наш сусед, ціха буркатала аб чымсьці радыё...
– Во, чуеш, Віця! – страпянуўся Васіль Ціханавіч, які быццам і не слухаў рэпрадуктар. – Пра двайнікоў расказваюць...
Я навастрыў слых. Сапраўды, нехта ненатуральна бадзёрым голасам апавядаў пра тое, як машыніст цягніка на вакзале ў Аўстрыі дваццаць мінут чакаў пакуль германскі канцлер Гельмут Коль выкурыць на пероне сігару. І як потым бушавалі пасажыры, калі даведаліся, што Коль зусім не Коль, а ягоны двайнік, які вяртаўся з чарговага шоу.
– Так-так, бывае, – паківаў я галавой. – Вось нядаўна па тэлевізары бачыў цэлую кодлу. Тут табе і Ленін, і Сталін, і Ельцын, і спявачка Мадонна...
– Э-э, Мадонна, – прамовіў Васіль Ціханавіч. Потым адным захадам перакуліў шклянку піва і працягваў: – Вось у мяне здарылася, раскажу – не паверыш...
Твар яго з крыху сцягнутай шрамам правай шчакой, стаў задуменным.
– Я, Віця, ці бачыш, дзетдомаўскі... Родам, так сказаць, з рэспублікі ШКІД. Можа, бачыў такі фільм?
–  Бачыў.
– Дык вось... А дзетдом размяшчаўся пад Віцебскам. Ну, значыць, калі немец папёр у сорак першым, мы яшчэ пацаны былі. Падлёткі...
Ён так і сказаў: не падлеткі, а падлёткі. Так называюць птушанят, якія толькі становяцца на крыло.
 --...Але ведаеш, Віця, нам усім фронт па начах сніўся. Каб, значыць, у фрыцаў пастраляць. Вайна, яна нам па кінакарцінах уяўлялася: “Броня крепка и танки наши быстры...”
ВасільЦіханавіч памаўчаў, цяжка ўздыхнуў, крануў рукой шрам  і працягваў:
    – Словам, так... Дзетдом наш эвакуіравалі, а я збег. Звычайная, між іншым, справа, у нас часта бегалі. А я меркаваў стаць, як цяпер кажуць, сынам палка. Праўда, у пачатку вайны і паняцця такога не было...
   Але дзе там! Немец нарынуў – вокам міргнуць не паспелі. Я і зачапіўся ў адной вёсцы. Там млын вадзяны быў, дык ён і пры немцах круціўся. Трэба ж было людзям неяк выжываць. А мяне млынар прытуліў, дзед Сямён.
   Ну, а калі Беларусь пачалі вызваляць, якраз мае гады падышлі. Забралі мяне ў войска. Падвучылі крыху – і ў стралковы батальён. Спачатку дробныя сутычкі з немцамі былі, а потым заселі мы надоўга на Проні пад Прапойскам. Гэты горад зараз Слаўгарад завецца.
   – Ведаю, ведаю, – сказаў я. –  Я ж сам з Магілёўшчыны.
   – Во як! – здзівіўся Васіль Ціханавіч, але распытваць ні аб чым не стаў, а працягваў свой аповяд:
   – Я чаму гэта прыгадаў, Віця... Калі пра двайнікоў пачуў. Справа ў тым, што здружыўся я ў сваёй роце з адным хлопцам, Андрэй яго звалі. Вельмі ўжо мы падобныя адзін на аднаго былі. Ну амаль што блізняты... Нас з Андрэем нават камандзіры блыталі. Я сяржант, ён – малодшы сяржант, па лычках адрознівалі...
   На вуснах Васіля Ціханавіча раптам з’явілася лёгкая ўсмешка.
   –... Андрэй мне ўсё пра сваё жыццё расказваў. Мне ж асабліва нечага было расказваць – дзетдомавец. Ну дык ён... Адкрыты быў хлопец. Фотакарткі паказваў. Нявеста ў яго засталася, Насця... Ён увогуле старэй мяне быў гады на тры... Казаў, што будзе Насця чакаць яго да скону, яна такая...
   Голас у Васіля Ціханавіча асекся. Ён нейкі час глядзеў праз акно вагона, быццам імкнуўся убачыць за ім мінулае, потым наліў сабе піва і зноў загаварыў:
   – Летам сорак чацвёртага загад прыйшоў. Наступленне. Ну, значыць, на досвітку, пасля артпадрыхтоўкі, падняўся ў атаку і наш батальён. А поплаў там шырокі, як стэп, і немцы насупраць на высокім беразе. Як лупанулі па нас з уцалелых гармат, мінамётаў і кулямётаў... За дзевяць месяцаў такую абарону пабудавалі, што хоць ты іх штыкамі з бліндажоў выкалупвай, як мяса зубачысткай... Ох, і палягло там хлопцаў. І Андрэя, на маіх вачах...
   Васіль Ціханавіч змоўк на імгненне.
   –... Снарад гакнуў – і ўсё. Быў Андрэй – і няма. Прамое пападанне... У такіх выпадках штабныя пісалі родным – прапаў без вестак. Ну, і мяне ў тым баі шарахнула. Кантузіла і асколкам сківіцу раздрабіла. Нічога, хірургі зляпілі. Толькі крыху твар скасабочыла. Гэта я зараз стары ды зморшчаны, а ў маладосці прыкметней было.
   – А пасля шпіталя куды? – пацікавіўся я.
   – Ды ўсё туды ж, на фронт. Баяздольнасць я, ці бачыш, не страціў... Вайну ў Венгрыі закончыў. Больш мяне ні куля, ні асколак не зачапілі... Пасля вайны куды мне дзявацца – дзетдомаўскі. І вырашыў я, Віця, на радзіму Андрэя падацца. Родам ён быў з Гомельскай вобласці, на мяжы з Украінай. Думаю, паеду, родных суцешу. Як-ніяк, сябрамі былі з іх сынам, скажу хоць, дзе загінуў – будзе бацькам куды з’ездзіць, памянуць. А таго мне, дурню маладому, у галаву не стукнула, што як блізняты мы з Андрэем.
   Ладна, прыехаў я ў райцэнтр іхні. Ранічкай з падрапаным чамаданчыкам на спадарожнай палутарцы дабраўся да той вёскі, дзе Андрэй жыў. Зоры яна называецца, прыгожая назва. Толькі што фашыстам назва – спалілі дашчэнту. Адны коміны тырчаць ды пагоркі над зямлянкамі горбяцца. Праўда, сёй-той, у каго радня моцная, паціху будавацца пачаў.
   Ну, мяне ўсе, вядома, за Андрэя палічылі. А я пасля кантузіі яшчэ і заікаўся крыху, дык ніяк не мог толкам растлумачыць, што не Андрэй я...  А потым і рукой махнуў – не да таго было. Вёску карнікі спалілі датла за падтрымку партызан. І ледзь не палову жыхароў таксама ў гумне спалілі. Толькі выратаваліся, хто на лясных лядах працаваў сем’ямі... Загінулі і бацькі Андрэя, і Насці. Сама яна цэла, бо ў партызанах была. А як вызвалілі ад немцаў, у сталоўцы ў райцэнтры стала працаваць.
   Так апавядалі мне вяскоўцы. А яшчэ расказалі, што як прыйшла паперка з ваенкамата, што і ты прапаў без вестак, гэта яны мне як Андрэю казалі, то вельмі ўбівалася Насця – адна ж засталася, нібыта палец адсечаны...
   Ну, паслухаў я вяскоўцаў, паспачуваў іх гору і падаўся назад у райцэнтр пехатою. Хоць і далекавата, вёрст сямнаццаць, але ж спадарожнага транспарту можна было некалькі сутак чакаць. Машыны тады рэдка ездзілі, ды яшчэ па прасёлку... А ў мяне ўсяго і рэчаў – чамаданчык трафейны.
   І ведаеш, Віця, пакуль ішоў, шалёная думка ў галаву мне запала. Куды, думаю, мне ехаць, сіраце? Дзе заначаваў – там і дом. А тут мяне ўсе за Андрэя лічаць. Раптам – і Насця? Дык чаму б мне не стаць Андрэем? Дакументы, скажу, укралі. А калі што не ведаю з яе ці Андрэева жыцця, то можна на кантузію спаслацца. Для кантужаных звычайная справа – бяспамяцтва.
   Вось, значыць, Віця, якая дзікая думка ўва мне засела. І ніяк я не мог ад яе адчапіцца.
   Канец лета. Надвячорак. У сталоўцы амаль пуста. Я стомлены прысеў у кутку за столік. Чамаданчык прытуліў побач. Тады, ведаеш, самаабслугоўвання не было, афіцыянткі падносілі, як зараз у рэстаране.
   Ну, сяджу, чакаю, абрус разглядваю. А самаго сумненні точаць. Задумаў ты, Васіль, дакараю сам  сябе, нягодную справу... Аж раптам чую: вам што, таварыш ваенны? Я ж форму яшчэ не зняў, толькі лычкі спароў. Ды і нечым было вайсковае адзенне замяніць...
 Ага, узняў я, значыць, галаву – бацюхны мае, яна, Насця! Дакладна такая як на фотаздымку, што Андрэй паказваў. Прыгожая... Я са стула падхапіўся. А яна на мяне глядзіць, глядзіць... Потым як крыкне: Андрэйка! Абхапіла мяне за шыю, прыціснулася, калоціцца ўся... І валасы мятай пахнуць.
   Ведаеш, Віця, мяне мацней, чым тады на фронце, кантузіла. Туман перад вачыма паплыў. Падалося, што я ўсё жыццё ведаю яе, Насцю. І гэты мятны водар ад валасоў з дзяцінства са мной. Можа, Бог на мяне пачуццё наслаў, а можа таму, што ніколі да гэтага вось так, ушчыльную, дзеўку ў руках не трымаў, – але адчуў я, што гэта лёс мой, мой бераг... І язык не павярнуўся праўду сказаць...
   – Н-да, сітуацыя, – згадзіўся я.
   Васіль Ціханавіч праверыў бутэлькі – ці не засталося яшчэ піва. Піва скончылася. Ён палез у кішэню пінжака, што вісеў на кручку, дастаў цыгарэты. Але глянуў на спячага суседа і не стаў закурваць. Вярнуў цыгарэты назад, абапёрся лакцямі аб столік, задумаўся.
   – Ну і што далей, Васіль Ціханавіч? – парушыў я яго задуменне.
   – Га? – Ён схамянуўся, быццам вяртаючыся з глыбіні часу ў рэальнасць. – Што далей? А далей пайшлі мы з Насцяй у ваенкамат. Ну, я наплёў сем карабоў. Ваенком, маёр-франтавік, на пратэзе, спачатку ўпіраўся, але потым, як распілі з ім паўлітэрку гарэлкі, прынесеную Насцяй, памякчэў, выпісаў патрэбныя паперкі. Насця з імі потым па начальству ды па міліцыі бегала, прабівала мне дакументы. Работнік сталовай у той галодны год быў нароўні з міністрам. Бо блізка ля прадуктаў хадзіў. Не скажу, каб кралі – эканомілі. Ды ў той час і за грошы не ўсё можна было купіць...
   – Чакайце, чакайце, Васіль Ціханавіч, – перабіў я, – дык вы, так сказаць, тэарэтычна Андрэй. А як тады з Васілём?
   – Па дакументах я – Андрэй Герасімавіч Старавойтаў, а выпадковым знаёмым заўсёды сваім сапраўдным імем называюся. У пашпарт жа ніхто глядзець не будзе – не міліцыя і не мытня... А я ад свайго імя зусім адцурацца не магу – як-ніяк, ледзь не два дзесяткі гадоў пад ім жыў.
   – А як жа Насця? Няўжо яна так ні аб чым і не здагадалася?
   – Паспрабуй здагадайся, – Васіль Ціханавіч, ці Андрэй, я ўжо не ведаў кім яго лічыць, датыкнуўся пальцам да шрама. – Андрэй старэй мяне быў, яго ў сорак першым на фронт забралі, а мяне вайна састарыла, ды яшчэ шрам рысы твару крыху змяніў...   А калі што ў размовах ці ўспамінах не так ляпну, дык, як я ўжо казаў, заўсёды можна было на франтавую кантузію спісаць.
   Ну, значыць, пажаніліся мы. Я стаў на мясцовым цагельным заводзе працаваць. Насця па-ранейшаму – у сталоўцы. І скажу табе, Віця, дружна мы з ёй жылі, ладком... Пакойчык у адной бабкі здымалі. Да чамаданчыка майго тое-сёе прыкупілі. З дзецьмі не спяшаліся – хацелі спачатку жыццё наладзіць. Але ведаеш, пасляваенны раённы гарадок, правінцыя... А нас, маладых, у свет цягнула. Вось і завербаваліся мы ў Львоў, на Украіну, на будаўніцтва аўтобуснага завода. Я потым курсы майстроў скончыў, на заводзе і працаваў. Насця у заводскім харчкамбінаце старшай афіцыянткай рабіла, ну, нешта накшталт брыгадзіра. Двое сыноў у нас нарадзілася. Адзін зараз інжынерам на тым жа аўтобусным заводзе, другі – ваенны ў Расіі.
   – Даруйце, Васіль Ціханавіч, а як сумленне ўласнае? Няўжо не мучыла? Гэта ж такі цяжар у сэрцы насіць...
   – Сумленне? – перапытаў мой субяседнік. – А што, больш сумленна было б не адгукнуцца на чалавечы боль? Забітага не вернеш...  А нас абодвух вайна кантузіла – і мяне, і Насцю. Толькі кожнага па-свойму. Магчыма, мы і выжылі ў пасляваеннай калатнечы дзякуючы таму, што сустрэлі адзін аднаго... Ды тут вось што было, сынок...
   Упершыню за ўсю гутарку Васіль Ціханавіч назваў мяне сынком. І гэта стала нібы знакам пераходу размовы на іншы ўзровень. Дагэтуль мы былі як бы роўня, субяседнікі, а ў звароце “сынок” адчувалася быццам Васіль Ціханавіч прыўзнімаецца нада мной на вяршыню свайго шматгадовага жыццёвага вопыту. Нібыта спасціг ён нешта такое, што ў мяне яшчэ наперадзе.
   –... Вось што было, сынок. Да таго я ўжыўся ў вобраз Андрэя, што нават стаў задумвацца: а можа, там, пад Прапойскам, загінуў Васіль? А ў мяне пасля кантузіі соеасаблівая падмена свядомасці адбылася?  Гімнасцёркі нашы з дакументамі і медальёнамі-пенальчыкамі, дзе прозвішча пазначана, маглі пераблытацца, бо мы перад самай атакай у азярыне нейкай разам мыліся... Вось такія справы, сынок... А ты кажаш, сумленне...
   – А з Насцяй так і не падзяліліся сваім роздумам?
   – Падзяліўся, – вочы майго субяседніка раптам напоўніліся слязамі. – Падзяліўся, як жа... Памерла мая Насця тры месяцы назад. Вось я ёй перад смерцю ўсё і расказаў. І пра гібель Андрэя, і пра тое, чаму адважыўся яго замяніць, а пра сумненне маё: а можа, я на самой справе Андрэй і ёсць...
   Я аж напяўся, чакаючы развязкі.
   –... І ведаеш, сынок, што яна мне сказала? Я, кажа, думала, што ты не Андрэй, толькі паверыць у гэта не магла і не жадала. У Андрэя, аказваецца, радзімка прыкметная ў выглядзе зорачкі пад пахай на левай руцэ была. Насця аднойчы і запрыкмеціла, што няма гэтай радзімкі... Ну і я часам штосьці неўпапад успамінаў ці гаварыў... Але ішоў час і Насця, бывала, вагалася: а ці была тая радзімка, можа, яна яе прыдумала?... Ды радзімкі, здараецца, і самі сходзяць...
   Вось так і жылі мы побач ледзь не паўсотні гадоў. Быццам і разам, а кожны паасобку са сваім  сумненнем. Відаць, усё-такі здорава нас вайна кантузіла.
   Але скажу табе, сынок, самае неверагоднае ў тым, што мы з Насцяй і ў апошнія яе дні так і не змаглі з цвёрдай упэўненасцю сказаць, хто ж загінуў пад Прапойскам: Андрэй ці Васіль?.. Ведаю, гэта ўжо містыка нейкая, аднак што ёсць, то ёсць...
   – Дарэчы, а куды вы едзеце, Васіль Цітавіч? – спытаў нарэшце я, бо аповяд субяседніка так захапіў, што ўсё   забываў задаць гэтае традыцыйнае пытанне.
   – Охо-хо, што табе адказаць, сынок... Пад Прапойск еду, пад Слаўгарад па-цяперашняму, на Проню. Насця мне такі наказ дала: калі памрэ, дык узяць зямлі з яе магілкі і адвезці ў тыя мясціны, дзе загінуў... Дзе загінула... – тут мой субяседнік прыпаніўся, падбіраючы словы, каб дакладней выказацца. – Ну, словам, дзе яе каханенне быццам і загінула, але адначасова і ўваскрэсла...
   Мы развіталіся з Васілём Ціханавічам (ці Андрэем?) на вакзале ў Мінску. Я расказаў спадарожніку як лепш дабрацца да Слаўгарада. Мой субяседнік запрасіў пры выпадку завітаць у госці, назваў адрас у Львове. Я паабяцаў, каб не крыўдзіць Васіля Ціханавіча адмовай. Але, шчыра кажучы, горад, дзе ўся гісторыя пастаўлена з ног на галаву, дзе нацыянальнымі героямі сталі гітлераўскія паслугачы Сцяпан Бандэра і Раман Шухевіч, малойчыкі якіх кідалі дзяцей у калодзежы і жыўцом палілі нявінных людзей, перастаў вабіць мяне старажытным Замчышчам, зелянінай і кветкамі Стрыйскага парку, галасістым базарам, поўным грэцкіх арэхаў...
   Гледзячы ўслед старому франтавіку, які тупаў па плошчы да прыпынку тралейбуса, як гэта не дзіўна камусьці пакажацца, я ў думках крыху зайздросціў яму.


Рецензии