Горки мёд 41-га
Ні шчупакоў, ні тым больш сома, я не злавіў, а “злавіў” непрыемнасць. Падэшвы на маіх красоўках дружна адскочылі і разяпіліся спераду, просячы кашы. Я прысеў на высокім беразе ракі, зняў красоўкі, сцягнуў шкарпэткі, ссунуў голымі пяткамі сухі жвір і паставіў ступні ног на злёгку вільготны пясок, адчуваючы прыемны халадок. Перспектыва дабірацца да дому босым засмучала. Вось будзе карцінка...
Ад сузірання ракі і луга мяне адарвалі гукі крокаў за спіной. Я азірнуўся: па вузкай, толькі на коннай запрэжцы праехаць, дарозе з блізкага лесу выйшаў невысокі мужчына ў светлай кашулі і палатняных штанах. Першым чынам я звярнуў увагу на яго ногі. Абуты яны былі ў лёгкія сандалі-“лапці”. Пры маім становішчы і такі абутак быў бы вельмі дарэчы. Мужчына між тым спыніўся побач, прывітаўся. Я разгледзеў, што гадкоў яму шмат. Але густа загарэлы твар не дазваляў вызначыць узрост на вока больш-менш дакладна. Мужчына раптам усміхнуўся, маршчынкі на яго твары неяк весела разбегліся, і адразу прапала тая насцярожанасць, якая ўзнікае паміж незнаёмымі людзьмі пры выпадковай сустрэчы.
– Рыбачым, значыць, – ні то запытальна, ні то сцвярджальна загаварыў мужчына і прысеў побач.
Ад яго кашулі сыходзіў тонкі, ледзь улоўны мядовы водар. Прывыкшы, што ад мужчын часцей пахне тытунём ці перагарам, я на імгненне сумеўся, а таму не адказаў як звычайна адказваюць на такое пытанне: “Рыбачым...” або “Ат, якая тут рыба...” Замест гэтага я падняў над пяском свае босыя ногі і паскардзіўся:
– Ды вось, красоўкі разлезліся ўшчэнт, кукую тут...
Мужчына паглядзеў на мае ногі і сказаў:
– Магу дапамагчы. Які памер носіце?
“Дзе гэта ён за кіламетры ад бліжэйшай вёскі вось так адразу знойдзе запасны абутак?” – падумаў я, а ўслых сказаў:
– Ведаеце, гэта было б зусім не лішнім... Толькі ж мне “лапці”, як у вас, цеснаваты будуць, у мяне сорак трэці памер...
Субяседнік заспакоіў:
– А я не збіраюся вам са сваёй нагі прапаноўваць. У мяне тут непадалёк што-небудзь больш падыходзячае знойдзецца... Скажам, красоўкі, хоць і падношаныя, або, на худы канец, кеды.
Пасля такіх слоў насычаны пчаліным духам мужчына ці, дакладней, дзед, стаў падабацца мне яшчэ больш.
– Дык што, пойдзем? – запрасіў ён мяне.
– А то... – згадзіўся я.
Ідучы, разгаварыліся, пазнаёміліся бліжэй. Ён назваў цікавай маю журналісцкую прафесію, сказаў, што працуе пчаляром у мясцовым сельгаскааператыве і тым самым адкрыў сакрэт мядовага духу. Завуць яго Цімафей Цітавіч, і знаходзіцца ён тут на пасецы, якую вывезлі на познія лугавыя кветкі і зацвітаючыя лясныя верасы.
Праз якіх-небудзь метраў трыста дарога вывела на вялікую паляну, спрэс парослую верасамі, якія залівалі наваколле бэзавым колерам. Па верасовым кветкавым дыване былі размешчаны рознакаляровыя домікі-вуллі. А на ўскрайку стаяў вялікі, вядома, у параўнанні з вуллямі, домік, аздоблены над дахам рагатай тэлевізійнай антэнай.
– Нядрэнна ўладкаваліся! – пахваліў я.
– Гэта вы пра антэну?.. Ды ў мяне тут рухавічок з дынамкай, па вечарах заводжу, каб апошнія навіны паглядзець... А то сядзіш тыднямі на лузе ці ў лесе з пчоламі... Праўда, калі задажджыцца, то пакідаем пчаліныя пашы...
Падыйшлі да пчаляркі. Гаспадар штурхануў незамкнёныя дзверы – і мы апынуліся ў невялічкім пакоі. Паветра ў ім, як, напэўна, і ва ўсёй пчалярцы, было густа настоена на мёдзе і воску. Па сценах віселі пустыя і запоўненыя парожнімі сотамі рамкі, на паліцах акуратна раскладзены няхітры пчалярскі рыштунак: два квяцістыя капелюшы з сеткамі, дымар, тонкія драўляны планкі, берасцяныя скрыначкі і варонкі, прызначэнне якіх я не ведаў, тоўстая кніжка, напэўна, па пчалярству. У куце тулілася прыкрытая зверху марляй нешта накшталт металічнай бочкі, толькі з адпаліраванымі бакамі.
– Медагонка, – растлумачыў пчаляр, убачыўшы мой погляд. – Устаўляем туды рамкі з сотамі, круцім – і выганяем цэнтрабежнай сілай з сотаў мёд... Ды вы не стойце пасярод, сядайце да стала.
Я прыхіліў спінінг да сценкі, скінуў з пляча рукзак і ўмасціўся на ёмкай, відаць, самаробнай табурэтцы. Цімафей Цітавіч тым часам прынёс з кладоўкі за перагародкай красоўкі.
– Прымерце-ка... Ляснік тутэйшы пакінуў, таксама на рыбалку прыязджаў, ды потым на боты памяняў.
– Можа, не трэба, а то яшчэ вернецца за імі, – хутчэй дзеля ветлівасці запярэчыў я.
– Не вернецца.. Хапае ў яго дабра гэтага.
Я прымерыў абутак – якраз упару. Што яшчэ трэба, можна і дадому збірацца.
– Дзякуй, я пайду ўжо...
– Э не! Так не гадзіцца, – сказаў гаспадар. – Ад мяне ніхто не выходзіў, не пакаштаваўшы мядку... Верасовага, га?
І сказана гэта было так шчыра, так весела зноў заварушыліся маршчынкі на твары пчаляра, што адмовіць нельга – пакрыўдзіш. Я адставіў убок узяты было ў руку спінінг і пасунуў табурэтку бліжэй да стала. Гаспадар пачаў па чарзе выносіць з кладоўкі талеркі, хлеб, свежыя агуркі, лыжкі, нож. У апошні паход даставіў на стол вялікую гліняную міску, да краёў напоўненую густым светла-шакаладнага адцення мёдам, і на плоскім блюдзе – некалькі скіб нераспячатаных мядовых сотаў.
Калі пчаляр, адмовіўшы ў маёй дапамозе, насіў пачастункі з кладоўкі, я згледзеў, што рабіў ён у асноўным правай рукой, а левай толькі пасабляў, бо яна, бачна, не разгіналася ў локці. Мне карцела запытаць, дзе Цімафей Цітавіч пашкодзіў руку, але было неяк няёмка.
– Ну што ж, прыступайце, частуйцеся, – закончыўшы сервіроўку, сказаў пчаляр. – Вы з агуркамі паспрабуйце – арыгінальны смак... Мядок выдатны, камень кінь – не патоне...
Я і сам бачыў, што мёд адборны, таму не прымусіў доўга ўгаворваць сябе. Яно і не дзіва – з раніцы макавай расінкі ў роце не было, паколькі “тармазка” з сабой не браў. Але хутка пераканаўся ў справядлівасці сцвярджэння, што мёду многа не з’ясі. Калі браўся за лыжку, думалася, навярну ўсю міску і сотамі заем, а на самой справе мёду засталося яшчэ на такога малайца, як я. Адсунуў міску і сказаў:
– Дзякуй.
– А вы яшчэ малачком запіце, – прапанаваў пчаляр. – Сёння ўнучка на матацыкле прыязджала, прывезла свежага.
Ён схадзіў у кладоўку і прынёс белы эмаліраваны бітончык, упрыгожаны намаляваным зухаватым зайцам з гармонню. Наліў у конаўку малака. Я з задавальненнем выпіў. Малако было ў меру халодным і прыемным на смак.
Гаспадар пачаў збіраць са стала посуд і адносіць яго ў кладоўку. Ён зноў рабіў у асноўным толькі правай рукой. Я не ўтрымаўся і спытаў:
– А дзе вы левую руку пашкодзілі?
– На вайне, – адказаў Цімафей Цітавіч, працягваючы насіць посуд.
– На якой вайне? У Афганістане ці што?
– Які Афганістан... На Вялікай Айчыннай... З немцамі...
– Дык гэта ж так даўно было! – міжволі усклікнуў я.
– Для каго даўно, а для мяне як учора, – закончыўшы справу, прысеў гаспадар да стала. – Вы не глядзіце, што я такі бадзёры, мне ўжо за восемдзесят... Пчаляры, ведаеце, каля сваіх паднаглядных доўга жывуць, мёд і праполіс гадкоў прыбаўляюць...
– Дык, значыць, на фронце параніла, – удакладніў я.
Цімафей Цітавіч адмоўна пакруціў галавой:
– Не, на фронце я і драпіны не атрымаў... Ды і колькі ў мяне яго было, фронту... У партызанах амаль усю вайну праваяваў.
– Цікава, цікава, – прачнулася ў мяне журналісцкая жылка, – а раскажыце...
Цімафей Цітавіч уладкаваў на стале пашкоджаную руку, позірк яго стаў задуменны, накіраваны назад у мінулае, і ён пачаў свой аповяд...
... Ахрэм, колькі сябе памятаў, усё каля пчол хадзіў. Спачатку з дзедам, потым з бацькам, затым самастойна, аж пакуль і сам дзедам не стаў. Нораў гэтых крылатых працаўніц быў для яго адкрытай кнігай. Калгас і марыць не мог аб лепшым пчаляры. У сярэдзіне чэрвеня 1941 года старшыня калгаса выдзеліў пчаляру расхістаны грузавічок АМО для перавозкі пасекі на лугавыя кветкі, туды, дзе яшчэ не пагулялі сялянскія косы. Гэта значыць, да паплавоў ля Чорнага віра. Вуллі паставілі ўсцяж узлеску, для пчаляра зладзілі дашчаны будан. Яно ўлетку лепш і не трэба – пад кожным кустом дом.
Тут, на ўзлеску, і знайшла дзеда Ахрэма вестка аб пачатку вайны. Прынёс яе ўнук Сенька, які прыімчаў верхам на кані ахлюпкай, без сядла. Конь пасля пяцівёрстнай гонкі шумна дыхаў, Сенька спяшаўся і глытаў словы. Але адно было ясна – вайна, і бацьку хлопчыка, зяця дзеда Ахрэма, забіраюць на фронт. Ахрэм нават разгубіўся спачатку і падумаў зусім не аб тым, аб чым трэба было, не аб мужыках, якіх усіх пабяруць на фронт, а аб пчолах:
– А з пасекай як жа? – спытаў дзед у Сенькі, як быццам той мог адказаць на такое пытанне. – Ты вось што, унучак, перадай там, каб нешта з пасекай рашалі... Я пакуль тут пабуду, вайна-вайной, а дабро абшчэственнае і я за яго адказваю... І каб стрэльбу прывезлі, а то ці мала што...
Ахрэм забраў у Сенькі кошык з харчовым прыпасам, падсадзіў унука на каня і сказаў на развітанне:
– Матцы скажы, каб не ўбівалася надта. Дасць Бог, хутка накастыляем немцам, і бацька дамоў вернецца...
Праз два дні на пасеку заехаў старшыня сельскага Савета на рэсорнай пралётцы, запрэжанай гнедым неспакойным жарабком. Трымаючы адной рукой туга напятыя лейцы, старшыня другой перадаў аднаствольную “тулку”, мяшэчак з патронамі і такі-сякі харч. Сказаў:
– З калгаса перадалі, каб пабыў яшчэ тут крыху, Дзямідавіч. Неўзабаве пасеку забяруць... А я па вёсках езджу, мужыкам позвы з ваенкамата развожу.
– Усур’ёз, значыць, з немцам счапіліся, – зазначыў дзед Ахрэм.
–Усур’ёз, Дзямідавіч, ды яшчэ як! – выгукнуў старшыня і адпусціў лейцы. Жарабок адразу пайшоў рыссю.
Праз некалькі дзён сталі чуваць далёкія грымоты, падобныя на раскаты навальніцы. Аднак дзед Ахрэм разумеў, што гэта не навальніца, а гарматная кананада. Нарэшце прыехала дачка дзеда Ахрэма Анюта, на расхістаных, хіба на дровы здатных, калёсах, запрэжаных сівым ад старасці канём. Папрасіла прабачэння, што затрымалася, бо была занята калгаснымі справамі і провадамі мужа на фронт. А потым пачала ўгаворваць бацьку:
– Паедзем дамоў, тата! Не да пчол зараз, няхай з імі калгас разбіраецца... Гора вунь якое ў людзей – вайна... Усё, што везці можа, на ваенныя патрэбы мабілізавалі...
Ахрэм доўга думаў, потым рашуча сказаў:
– Не, застануся! Прапасці можа калгаснае дабро, і мяне за гэта па галоўцы не пагладзяць... За жменьку каласоў у турму саджаюць...
Анюта заплакала і, папракнуўшы бацьку за ўпартасць, павярнула каня да вёскі.
Яшчэ з тыдзень марнаваўся Ахрэм на пасецы. У ноч на пятніцу з боку вёскі былі чутны выбухі, кулямётныя чэргі. Дзед занепакоіўся і раніцай надумаў схадзіць у вёску. Пчолы пацерпяць, а там дачка, унукі, радня, аднавяскоўцы... Што з імі?
Аднак пайсці дзед не паспеў. Недзе гадзіне а сёмай раніцы, мяркуючы па вышыні сонца, з лесу выйшаў чалавек і накіраваўся да пчалярскага будана. Калі ён наблізіўся, дзед разгледзеў, што гэта чырвонаармеец, і асцярожна спусціў курок стрэльбы, прытрымліваючы яго пальцам.
Чырвонаармеец быў маладзенькі, стрыжаны нагала, у бруднай гімнасцёрцы навыпуск, абмотка над чаравікам на адной назе закручана неакуратна, а за шчыльнай абмоткай на другой назе засунуты два “стручкі” – абоймы, боезапас да нямецкага аўтамата-“шмайсера”. Дзед бачыў такія на карцінках у газетах. Аўтамат чырвонаармеец трымаў абедзьвума рукамі перад сабой.
Насцярожана паглядзеўшы на Ахрэма, хлопец запытаў:
– Немцаў не бачыў, дзед?
У тую цяжкую часіну гэтыя словы часта замянялі “добры дзень”.
– І што ты, хлопча, адразу пра немцаў?.. Не было іх тут.
Унутраная напружанасць у вачах чырвонаармейца згасла. Ён стомлена апусціўся на траву.
Ахрэм запытаў:
– А дзе ж твая часць, баец?
– Разбілі наш батальён пад Аляксандраўкай... Танкі з фланга ўдарылі... Ат, што расказваць...
Ахрэм занепакоіўся:
– А вёска як жа?
– Цэла пакуль вёска. Думаюць, нябось, гады, спажыць дабро чужое, – злосна сказаў чырвонаармеец і сплюнуў ад прыкрасці.
Раптам у размову ўварвалася недалёкае тарахценне матораў. За паўкіламетра ад будана, дзе на луг з лесу выходзіла яшчэ адна дарога, выкаціліся чатыры матацыклы з каляскамі. Пярэдні, з якога, відаць, першымі заўважылі пасеку, спыніўся. Спыніліся і астатнія. Людзі на матацыклах, бачна было па рухах, пачалі ажыўлена перагаварвацца між сабой.
– Немцы! – чырвонаармеец аж скрыгатнуў зубамі ад імгненна накіпеўшай нянавісці. – Зноў у бой уступаць давядзецца...
І сапраўды, схавацца не было куды, бо на голым поплаве ўсё бачна. Да лесу дабегчы не паспееш – дагоняць на матацыкле. Чырвонаармеец выцягнуў з-за абмоткі “стручкі” і схаваўся за буданом. Ахрэм таргануў хлопца за плячо, той, не азіраючыся, прасіпеў:
– Шыбуй, дзед, адсюль куды-небудзь, пакуль горача не стала... Хоць і ў палон ім здавайся...
Ахрэм не адстаў:
– Што ты супраць цэлага атрада адзін... Ты лепш пераапранайся хутчэй, пакуль яны там балабоняць... А зброю ў вулей схаваем.
Чырвонаармеец рашэнні прымаў хутка, відаць, першыя тыдні вайны навучылі. Гімнасцёрка паляцела на дол – яе замяніла палатняная дзедава кашуля. Шырокія чорныя штаны нацягнуў прама на галіфэ. З-пад калышын віднеліся толькі закаржанелыя чаравікі. Стрыжаную галаву прыкрыў пчалярскім капялюшам.
Дзед з неўласцівай для сваіх гадоў рухавасцю сігануў да бліжэйшага вулля, падняў накрыўку і сунуў пад яе аўтамат, закручаны ў гімнасцёрку. Нават ад будана было чуваць як раз’юшана загулі пчолы, растрывожаныя непрыемным пахам.
А матацыклы раўлі ўжо зусім блізка, пераадольваючы каўдобіны.
– Цімоха мяне зваць, запомні, дзед, – паспешліва вымавіў чырвонаармеец.
Яны выйшлі з-за будана.
Матацыклы спыніліся адзін ля аднаго на роўным месцы побач з буданом. Немцы ў плямістай адзежы сыпанулі з матацыклаў. Убачыўшы бяззбройных тубыльцаў яны не надта ўстрывожыліся. Дзед Ахрэм і Цімоха моўчкі пазіралі на немцаў, слухаючы іх незразумелую галгатню. Некалькі салдат адразу папёрліся ў будан, двое сталі корпацца ля матацыклаў, а да пчаляроў падыйшоў высокі чарнявы немец без маскхалата ў форме з афіцэрскімі пагонамі. Побач з немцам дыбаў хударлявы тып сярэдняга росту ў пакамечаным матацыклетнай яздой касцюмчыку. На дробным твары выдзяляўся тонкі нос з прыўзнятым угару кончыкам. І постаццю, і шэрасцю касцюмчыка, і тонкім носам тып нечым нагадваў балотнага кулічка.
– Вэр іст да? – ленавата спытаў афіцэр. Відаць, важдацца з высвятленнем асоб рознай драбнаты, накшталт гэтых двух недарэчных тубыльцаў, не ўваходзіла ў яго планы.
– Хто такія?! – крыкнуў Кулічок, нібы звяртаўся да глухіх.
Дзед Ахрэм растлумачыў:
– Пчаляры мы, пчаляры... Гэта вось унук мой, Цімка, дапамагае.
Кулічок пераклаў афіцэру. Той, горды і абыякавы, абцяжараны славай перамог вермахта, ківаў галавой, нават не гледзячы на перапалоханых тубыльцаў. Адчувалася, што афіцэру падабаецца, калі яго баяцца.
У гэты момант з будана выскачыў салдат, які трымаў у руках дзедаву аднастволку. Бровы ў афіцэра папаўзлі ўверх:
– О, ваффен! ( Зброя).
– Стрэльба гэта звычайная! Ружжо... Ну, для палявання... І ад злых людзей пасеку сцерагу, – тлумачыў Ахрэм.
Цімоха маўчаў. Баяўся голасам выдаць сваю злосць.
Афіцэр выслухаў пераклад Кулічка і быццам бы супакоіўся. “Тулку” па яго загаду аднеслі ў каляску матацыкла.
Да афіцэра падыйшоў салдат з абветраным сялянскім тварам, нешта сказаў камандзіру. Той кіўнуў галавой:
– Гут дэр хоніг, дзізэ гут... (Мёд – гэта добра, вельмі добра).
Салдат зняў з галавы дзеда капялюш з сеткай, надзеў сабе прама на каску. Потым вынес з будана вядро з вадой і накіраваўся да бліжэйшага вулля. Спосаб вядомы: залі вадой пчол – і мёд твой. Бліжэйшы вулей быў якраз той, дзе Ахрэм схаваў аўтамат.
Цімоха, як у дрэнным сне, здранцвела назіраў за дзеяннямі салдата. Той, не баючыся растрывожаных пчол, з апушчанай на твар сеткай, падыйшоў да вулля, паставіў побач на зямлю вядро і падняў накрыўку. Дастаў адтуль скрутак і спачатку толькі паварочаў яго ў руках, напэўна, здзіўлены такім неўласцівым для вулля прадметам. Потым пачаў разгортваць гімнасцёрку...
Далей Цімоха дзейнічаў аўтаматычна: што было сілы штурхануў афіцэра ў жывот, трыма скачкамі апынуўся ля матацыкла з працуючым маторам (салдат нешта рэгуляваў у ім), ударам нагі зваліў матацыкліста, ускочыў на сядзенне...
Аглушаныя нечаканасцю і дзёрзкасцю хлопца, немцы спачатку разгубіліся. Салдат ад вулля бег, размахваючы знойдзеным “шмайсерам”, афіцэр левай рукой трымаўся за жывот, правай рваў з кабуры пісталет...
Цімоха ударыў нагой па рычагу ўключэння перадач, даў газ – матацыкл зароў, рэзка скокнуў з месца і заглух. Больш Цімоха нічога не паспеў зрабіць: на яго наваліліся адразу двое, сцягнулі з матацыкла, скруцілі, звязалі рукі ззаду нейкім шнурком.
Афіцэр камандаваў:
– Ніхт шыссэн! Ніхт шыссэн! Нээмэн лебэндзігтэ! (Не страляць! Узяць жыўём!)
Цімоху білі каля хвіліны , потым адступіліся і пасадзілі пад будан на самым сонцапёку. Ахрэма прыстроілі побач. Рукі яму, праўда, не звязвалі.
Да іх падышоў Кулічок. Відавочна, выгляд палонных дастаўляў яму асалоду.
– Ну што, бальшавіцкія выкармкі, пагулялі ў хованкі? Думаеш, з самай мяжы ад нямецкай арміі драпаеце, дык і тут уцячэш? – гэта ўжо да Цімохі.
Кулічок ведаў як падчапіць пад рабро. Цімоха хацеў плюнуць халую ў твар, але сілы не хапіла, і сліна, змешаная з крывёй, трапіла Кулічку на чаравік. Кулічок вылаяўся, ударыў Цімоху рукой па твары, потым выцер чаравік аб яго штаны.
Дзед Ахрэм прамовіў:
– Ах ты, паганец! Як цябе толькі зямля носіць...
– Сядзі ты, стары пень, – агрызнуўся Кулічок і мімаходзь штурхануў дзеда нагой у грудзі. На белай кашулі так і застаўся брудны рубчасты след ад падэшвы.
– Эх, каб загадзя ведаць... Я б такіх уласнаручна... – Цімоха напружыў рукі – шнур балюча ўрэзаўся ў цела.
Салдат, які сядзеў непадалёк у куцым цяню матацыкла, пагрозліва павёў карабінам у бок ахвяр.
Пакуль Кулічок здавальняў свае садысцкія патрэбы, немец з сялянскім тварам нарэшце здабыў мёд і салдаты, уладкаваўшыся на траве, частаваліся прама з вядра. Афіцэр сеў асобна на скрынцы, вынесенай з будана, і цесаком рэзаў соты ў драўлянай місцы.
А над пасекай усё мацней гулі растрывожаныя пчолы. Яны пачалі назаляць і салдатам, і афіцэру, і тыя ўсё часцей адмахваліся рукамі. Відаць, гэта надакучыла афіцэру, ён адставіў міску, паклікаў салдата, які здабываў мёд, і нешта сказаў яму, паказваючы на ахвяр. Яны пачулі толькі адно слова:
– Ауфхээнген...
Гэта было адно з нямногіх нямецкіх слоў, якія паспеў запомніць Цімоха з пачатку вайны. “Павесіць”. Хлопцу стала страшна. Гэта быў і страх смерці, і страх бездапаможнасці: яшчэ ні разу не даводзілася яму заставацца перад ворагам са сцягнутымі за спіной рукамі. Цімоха не адважваўся глядзець на дзеда, каб той па выразу вачэй не здагадаўся, што іх чакае. Сціскала сэрца і пачуццё ўласнай віны перад пчаляром, бо Цімоха, можна сказаць, падставіў яго. Не было б тут чырвонаармейца, не знайшлі б немцы “шмайсер” – паелі б мёду і паехалі далей... А так...
Салдат выслухаў камандзіра, выцягнуўся ў струнку і сказаў:
– Найн, гер лёйтнант...
Напэўна, салдату ні разу не даводзілася вешаць людзей. Адна справа – страляць і забіваць у баі, іншая – надзяваць пятлю на шыю ахвяры і бачыць яе вочы.
– Вайб! Думкопф! ( Баба! Ёлупень!) – раскрычаўся афіцэр. Аднак не стаў загадваць нічога іншым салдатам, а дастаў з кабуры пісталет, падыйшоў да палонных:
– Ауфштэен!
Цімоха і дзед і без перакладу зразумелі, што ад іх патрабуецца, бо афіцер зрабіў яскравы рух пісталетам. Яны ўсталі на ногі.
Салдаты кінулі есці мёд і з цікавасцю назіралі за камандзірам. Немец з сялянскім тварам, не падымаючы галавы, праціраў зялёным ласкутком свой карабін увесь час па адным і тым жа месцы. Кулічок прымасціўся на скрыні, дзе дагэтуль сядзеў афіцэр, і даядаў мёд з яго міскі, не забываючы, аднак, сачыць за падзеямі.
Афіцэр жэстам спыніў дзеда, а Цімоху паказаў ісці ў напрамку леса. Сам пайшоў услед. Цімоха не азіраўся, аднак чуў абвостраным слыхам як шамацела трава пад ботамі афіцэра, як у паветры гулі і гулі пчолы...
Не даходзячы крыху да ўзлеску, Цімоха пачуў ззаду:
– Хальт!
Ён спыніўся, павярнуўся тварам да афіцэра. Той стаяў у кроках мо дзесяці-пятнаццаці, шырока паставіўшы ногі ў запыленых ботах, адна рука за спіной, у другой – пісталет. Напэўна афіцэру перадумалася вешаць дзёрзкага чырвонаармейца, які пасмеў ударыць яго, арыйца, прадстаўніка вышэйшай расы. Бо ўвогуле гэта турботная справа: трэба вяроўка, падыходзячы сук, нейкая падстаўка, што можна выбіць з-пад ног... Націснуць на спускавы кручок пісталета куды прасцей.
Над галавой афіцэра насіліся пчолы, ён скоса з апаскай пазіраў на іх уверх. Рэзкім рухам ускінуў пісталет на ўзровень вачэй... Пчолы ох як не любяць, калі на іх махаюць. Пэўна, адразу некалькі іх жагнулі афіцэра ў шыю. Ён ад нечаканасці выпусціў пісталет і схапіўся рукамі за шыю.
Цімоха ведаў што такое ўкус пчалы – адчуванне такое, быццам у цела ўганяюць распаленую іголку... У наступнае імгненне ён ужо бег што ёсць моцы да лесу. Салдаты ад будана спачатку не стралялі, бо, напэўна, напрамак ім засланяла постаць афіцэра. Карабіны забухалі, калі Цімоха ўжо ўбег у густы алешнік. Растрывожанай сарокай застракатаў “шмайсер”. Можа быць, той самы, што дасталі з вулля. Адна куля ўсётакі патрапіла Цімоху ў локаць. Ад крывацёку выратавала тое, што рукі і вышэй локця былі сцягнуты шнурам. Потым, заглыбіўшыся ў лес, Цімоха перацёр шнур аб цвёрды, як костка, яловы сук на валежыне. Перавязаў лентамі, адарванымі ад кашулі, рану.
Праз суткі хлопец сустрэўся з групай акружэнцаў пад камандаваннем капітана-танкіста. Група потым вырасла ў моцны партызанскі атрад, які ладнага насаліў фашыстам...
Цімафей Цітавіч замоўк. Толькі выпадковая пчала гудзела над медагонкай. І мне ў гэты момант маршчынкі на яго твары ўжо не здаваліся такімі вясёлымі. А смак мёду, які яшчэ адчуваўся ў роце, падаўся з горкім адценнем.
– А што з дзедам Ахрэмам? – спытаў я.
Цімафей Цітавіч цяжка ўздыхнуў:
– Застрэлілі немцы дзеда. А пасеку спалілі. Наведваўся я з хлопцамі туды. Ад будана і вулляў – кучкі попелу... Капялюш дзедаў чамусьці цэлым знайшоў у хмызняку. Чысценькі, нібы нічога не здарылася, і кветачкі ружовыя па ім, быццам кроплі крыві...
Цімафей Цітавіч правёў рукой па твары, нібы сціраючы гаротныя ўспаміны. Мы памаўчалі хвіліну. Потым я запытаў:
– А што з халуём тым, Кулічком? Не сустракаліся?
– Дзе там... У вайны дарог шмат. Казалі, што служыў ён у камендатуры ў райцэнтры, потым некуды прапаў. Ці то памёр ад тыфу, ці то ў Германію ўцёк... Ай, неахвота пра гніду і гаварыць.
Цімафей Цітавіч стукнуў далонню правай рукі па калену, устаў.
– Я сам родамі са Смаленшчыны, а вось пасля вайны застаўся ў гэтых мясцінах назаўсёды... Закончыў сельгастэхнікум, ажаніўся... І, лічы, амаль увесь час пчаляром працую.
– Доўг перад дзедам Ахрэмам? – спытаў я.
– Доўг, кажаце?.. Можа, і доўг. І перад дзедам Ахрэмам, і, калі хочаце, перад пчоламі. Гэта ж дзякуючы ім я ад смерці ўратаваўся.
І адчувалася, што ён зусім не жартуе, гаворачы пра доўг перад пчоламі.
Мне пара было спяшацца, бо іначай можна спазніцца на апошні рэйс аўтобуса. Я падзякаваў яшчэ раз Цімафея Цітавіча і за абутак, і за мёд, і за малако, і за цікавы аповяд. А ён запрасіў:
– Завітаеце ў нашы мясціны зноў у цёплую пару – заходзьце на пасеку, буду рады...
Я ішоў па лясной дарозе і думкі мае былі пра глыбінны сэнс толькі што пачутай гісторыі. Чамусьці ўспомніліся мне народныя казкі пра звяроў і птушак, якія дапамагалі добраму малайцу змагацца з ворагам. Можа, казкі і ёсць адбітак народнай веры ў тое, што ў гады ліхалецця не толькі людзі, а і сама прырода падымаецца на барацьбу з чужынцамі.
Свидетельство о публикации №114022407542