Зорки на франтоне
Але гэтыя спадзяваннi дарослых, якiм яны i самi мала верылi, бо вельмi ўжо хутка дакацiлiся фашысты ад Брэста да гэтых мясцiн, так i не збылiся. Гарматныя раскаты станавiлiся ўсё чутней i чутней, усё часцей, нават праз адносна глухую вёску Дрокаўка , у якой жыў Пят-русь, праязджалi запыленыя палутаркi, павозкi з параненымi байцамi Чырвонай Армii. Потым пранеслася чутка, што шляхi на ўсход адрэ-заны. Немцы замкнулi кальцо пад Чэрыкавам.
Лежачы ноччу на гарышчы на духмяным сене, Пятрусь з нейкiм цi то страхам, цi то сумам думаў: а якiя яны, немцы? Што за людзi? Ворагi ж, вiдаць… Але чамусьцi ў газетах зусiм нядаўна пiсалi, што ў нашага народа з iмi дружба, што не трэба верыць правакацыям. I вось – на табе… Дружба-дружбай, а на вайну з немцамi забралi i бацьку, i двух дзядзькаў, i старэйшага брата.
Пятрусь пазiраў у пяцікутныя зоркападобныя адтулiны, прарэза-ныя ў франтоне, на нябесныя зоркi, i тужлiвае пачуццё вялiкай бяды паволi запаўзала ў яго сэрца.
Толькi ён пачаў драмаць, як раптам на лесвiцы, што вяла на га-рышча, зарыпелi перакладзiны – нехта падымаўся наверх. “Можа, мацi” – падумаў Пятрусь i гукнуў:
– Мам, гэта ты?!
– Ды цiшэй ты, хлопец! – пачуўся мужчынскi голас.
– Хто гэта?! – спалохана выгукнуў Пятрусь.
– Не бойся! – пачуўся ўжо блiжэй голас i нечая фiгура перакрыла зоркi ў праёме ўваходу на гарышча. – Я камандзiр Чырвонай Армii. Вось толькi пераначую, а ранiцай далей на ўсход.
Першы спалох прайшоў i Пятрусь ужо спакойней сказаў:
– Ну, ладна…
Хлопцу нават стала неяк зацiшней – усё-такi камандзiр побач. Гэта ж не жартачкi – быць камандзiрам. Вiдаць, сур'ёзны чалавек. Толькi бач ты, куды яго вайна загнала. Напэўна, моцна прыпяклi немцы на-шым. Але распытваць Пятрусь на стаў.
На досвiтку Пятрусь прачнуўся першы. Два промнi сонца бiлi праз зоркападобныя адтулiны ў сена, запальвалi над iм залатыя пылiнкi. Камандзiр спаў на баку, прыкрыўшы твар напалову фуражкай. Ён быў малады, бязвусы i зусiм не стасаваўся ва ўяўленнi хлопца з во-бразам камандзiра – вусатага, на канi або ў танку, з рашучым памк-неннем наперад. Зараз гэта быў стомлены малады мужчына ў запы-леных ботах. Пiсталет на рамянi ссунуты на жывот, каб не муляў бок.
Калi Пятрусь заварушыўся на сене, адкрыў вочы i камандзiр. Устаў, абтрос сухiя травiнкi з гiмнасцёркi, усмiхнуўся.
– Ну, кажы, як цябе завуць?
– Пятрусь.
– Ага, Пётр, значыць… Немцы ў вёску заязджалi?
– Пакуль не.
– Добра. Але хутка чакайце. Больш iх трымаць у нас сiлы не бы-ло… Памыцца дзе ў вас можна?
– Ды тут калодзеж побач…
Камандзiр надзеў фуражку i палез з гарышча. Услед за iм спусцiўся Пятрусь. Мацi хлопца, якая зранку завiхалася па гаспадар-цы, выйшаўшы з пунi, здзiўлена пазiрала на вайскоўца.
– Прабачце, мамаша, вось пераначаваць у вас давялося… Ды я зараз ляскамi далей на ўсход падамся. Толькi б спаласнуцца дзе-небудзь.
– А вунь калодзеж, – махнула жанчына рукой на вулiцу. Потым схамянулася: – Чакайце-чакайце, я вам хоць ручнiк дам. Пятрусь, а-ну збегай у хату, прынясi чым чалавеку выцерцiся.
Пятрусь прынёс ручнiк, i ваенны пайшоў мыцца да калодзежа.
– Можа, i нашы дзе-небудзь вось так, – уздыхнула мацi.
Камандзiр вярнуўся даволi хутка, пасвяжэлы, хоць i няголены. Аддаў ручнiк, падзякаваў:
– Дзякуй вам… Ну, мне iсцi трэба…
– А ты не спяшайся, сынок, – азвалася Петрусёва мацi. – Малачка хоць з хлебцам перакусi.
– Адмаўляцца не буду, – згадзiўся камандзiр i за мацi падаўся ў хату.
Пятрусь палез зноў на гарышча, каб забраць там посцiлку. Аж рап-там на ўскрайку сяла зайшлiся брэхам сабакi. Потым гакнуў стрэл, пачулася жаласнае сабачае скавытанне. Пятрусь прыгледзеўся з да-ху сенцаў у той бок. На вясковай вулiцы закурэў пыл, i па ёй пакацiлiся з дзесятак веласiпедыстаў у шэра-зялёнай форме, у пiлотках i з карабiнамi за плячыма. Веласiпедысты праехалi да сярэдзiны вёскi, спынiлiся. Неўзабаве па вулiцы прайшоў яшчэ адзiн, ведучы веласiпед адно рукой за руль, а другой трымаючы карабiн. Вiдавочна, ён страляў у сабаку. “Немцы!” – здагадаўся Пятрусь.
Ён кумiльгам скацiўся па лесвiцы, убег у хату i выгукнуў:
– Немцы!
Але там i так пачулi трывогу. Камандзiр стаяў пасярод хаты раз-гублены, босы. Вiдаць, зняў боты, каб адпачылi нацёртыя ногi.
– Хавайся на гарышчы, сынок! – гукнула мацi ваеннаму. – Бегчы ў лес некалi, заўважаць…
Камандзiр выскачыў з хаты, нават не ўзяўшы боты.
А тым часам вёска напаўнялася рыпеннем павозак, трэскам матацыклаў, чужамоўнай гамонкай. Немцы расцякалiся па дварах, як брудная вада. Вiдавочна, гэта была нейкая тылавая часць забеспя-чэння, бо шмат было пажылых салдат, ды i ўзбраення сур'ёзнага не бачылася. Так – карабiны, вiнтоўкi. Аўтаматы – толькi ў тых, хто распараджаўся.
А немцы адчувалi сябе гаспадарамi. Мясцовых жыхароў яны як бы i не заўважалi. Вельмi хутка над вёскай закудахталi куры, паляцела пер'е, недзе вiснуў парсюк, закурэлi дымкi. Немцы раскладвалi вогнiшчы прама на дворышчах, не зважаючы на небяспеку пажару.
Па вулiцы вёскi важна прайшоўся афiцэр у фрэнчы, абуты ў на-чышчаныя боты, халявы якiх аж блiшчэлi на сонцы. Побач з iм рухаўся чалавек у нейкай паўваеннай форме без знакаў адрознення. Немец у блiшчастых ботах нешта загадваў салдатам, нешта гаварыў паўваеннаму.
Ля Петрусёвай хаты гэта пара спынiлася. Афiцэр паглядзеў на франтон – i завярнуў у двор. Рыпнулi веснiчкi – i нязваныя госцi з'явiлiся ля ганка. Петрусёва мацi ўжо стаяла на прыступках са спа-лоханным тварам. Камандзiр жа на гарышчы…
Афiцэр нешта сказаў паўваеннаму i той звярнуўся да мацi.
– Ты есть коммунист?
– Якi камунiст! Калгаснiца я.
– Што есть калгасница?
– Ну… Працую я. У полi, на ферме…
– А-а, бауэр… Крестьянин?
– Во, во, крестьянин, – абрадавалася жанчына, што яе зразумелi.
– А почему у вас звезда на дом? – дапытваўся перакладчык.
– Якая звязда? – не зразумела мацi.
– Вот! – указаў перакладчык на франтон.
– А, ды гэта так выразалi… Каб вецер сена сушыў… Вентыля-цыя… – знайшла мацi вучонае слова.
– Вентылирэн? – паўтарыў перакладчык.
Афiцэр жа, вiдаць, застаўся незадаволены адказамi жанчыны. Ён паказаў на ўваход у хату. Першым падняўся на ганак перакладчык i кiўнуў Петрусёвай мацi, што трэба iсцi наперад, а ўслед, ступаючы асцярожна, як па лёдзе, рушыў i афiцэр. Мінаваўшы цемнаватыя сенцы, немцы зайшлi ў хату. Перакладчык прайшоў за перагародку, зазiрнуў нечага пад ложкi, пацiснуў плячыма. Афiцэр у гэты час уважлiва аглядаў хату. Потым падышоў да рамкi з фотакарткамi, што вiсела на сцяне, пачаў разглядаць iх. Перакладчык тым часам заўважыў боты камандзiра, што засталiся стаяць ля печы.
– О! – адразу ж усклiкнуў перакладчык i звярнуў увагу афiцэра на боты. Гледзячы на гэты абутак, няцяжка было здагадацца, што яго толькi нядаўна знялi з ног.
– Это есть военный сапог, – сказаў перакладчык.
– Якi ваенны, якi ваенны! – зачасцiла мацi. – Мае гэта боты. У го-радзе прамяняла, на працу хадзiць…
– Как менял? – спытаў перакладчык. – Что есть “боты”?
– Ну, я – сала, а мне – боты… Сапагi, значыць.
Афiцэр выслухаў перакладчыка, але сумненне не знiкла з яго тва-ру.
– Ды во, глядзiце! – выгукнула мацi i пачала нацягваць боты на ногi. Пятрусь, якi ўвесь гэты час не адыходзiў ад мацi, у думках малiў аб адным: хоць бы падышлi памерам… Камандзiр – уладальнiк ботаў – ростам не выйшаў, i боты прыйшлiся мацi амаль у пару. Ну, можа, на памер-два большыя, але ж гэтага адразу не заўважыш.
Афiцэр глядзеў на мацi, на боты i сумнiўна кiваў галавой.
– Это есть военный сапог, – зноў паўтарыў перакладчык.
У Петруся пот пакацiўся па спiне. Хоць бы немцы не пачалi шукаць гаспадара ботаў.
Мацi, вiдаць, таксама заперажывалася. I тут раптам падалася да рамкi з фотакарткамi, дзе ў кутку была зашчэмлена святочная паштоўка з фiгурай чырвонаармейца на ёй. Чырвонаармеец быў абу-ты ў чаравiкi з абмоткамi да кален. Мацi дастала паштоўку i пачала паказываць перакладчыку i афiцэру. Па чарзе. Адначасова тлумачы-ла:
– Во, глядзiце, у што абуваюцца чырвонармейцы. Гэта называецца чаравiкi, гэта – абмоткi… I ўсё тыцкала пальцам. – Вы, што, не бачылi?
Перакладчык узяў паштоўку ў руку, паглядзеў больш уважлiва, паказаў афiцэру. Потым кiнуў паштоўку на стол са словамі:
– Вы есть варвар… Фу, апмотка…
Напэўна, гэтыя тылавiкi не надта ўнiкалi ў асаблiвасцi гардэроба чырвонарамейцаў.
Афiцэр паказаў перакладчыку, каб iшоў наперад, а сам падаўся ўслед з хаты. Яны нешта весела памiж сабой загаварылi, засмяялiся. Пятрусь пачуў, як некалькi разоў прагучала слова “апмотка”.
Немцы выйшлi ў двор, потым на вулiцу. Мацi ў знямозе асела пра-ма на падлогу.
– Можа, вады падаць? – спытаў Пятрусь.
– Ды не, абыдзецца, сынок. Каб толькi гэтыя гады пахутчэй з'ехалi.
Немцы не затрымалiся. Хутка расправiўшыся з нарабаванымi курамi, парсюкамi, прыхапiўшы харчу i ў запас, гадзiны праз тры яны рушылi з вёскi. Наступленне ў першыя месяцы вайны ў немцаў развівалася хутка, i тылавыя часцi доўга не затрымлiвалiся на адным месцы.
Калi шум вайсковай калоны сцiх удалечынi, камандзiр злез з га-рышча. Твар у яго быў бледны.
– Ну, мацi, – сказаў камандзiр, – век не забуду. Жыццё вы мне ўратавалi…
– Цi ж толькi табе, сынок, – уздыхнула мацi. – А нашы жыццi…
Камандзiр надзеў боты, абняў на развiтанне мацi, Петруся.
– Мы яшчэ вернемся…
I знiк за парогам.
Пятрусь, як вырас, служыў у арміі, потым закончыў ваеннае вучылішча, стаў афіцэрам Савецкай Армii, пасля звальнення ў запас дырэктарстваваў у школе. Але той выпадак у пачатку вайны ўрэзаўся ў памяць назаўсёды.
Свидетельство о публикации №114022407519